Арцём Шрайбман: Архаізацыя ўлады стала абсалютна нецярпімай для прыхільнікаў перамен
Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман у інтэрв'ю «Свабодзе» аналітычна распавёў пра падзеі 2020 года, паспрабаваўшы сфармуляваць у шырокім сэнсе «Што гэта было».
— Што адбылося з беларускім грамадзтвам у 2020 годзе:
саспяваньне, даспяваньне ці разрадка напружанасці? Ці можа вярнуцца вецер на
кругі свае?
— 2020 год — гэта пункт біфуркацыі, момант, калі стомленасць
і незадаволенасць уладай, якія назапашваліся гадамі, разрасліся да рэкордных
памераў і выплюхнуліся вонкі. Гэта можна назваць і сталеннем, па меншай меры,
значнай часткі грамадзтва. Архаізацыя ўлады стала абсалютна нецярпімай для
гэтай часткі беларусаў. Гэта ўжо не палітычная, эстэтычная ці этычная нязгода,
гэта адрынанне, нежаданне дзяліць «жылплошчу».
Карыстаючыся папулярнай метафарай, гэта момант, калі жонка
пасля доўгіх здзекаў мужа нарэшце не вытрымлівае і хоча канчаткова разарваць
адносіны. Але на гэтым метафара перастае працаваць. З кватэры з хатнім тыранам
можна фізична сысці. Грамадзтва не можа паступіць гэтак жа, мільёны
незадаволеных не з'едуць. І ў гэтым адказ на пытанне, ці можа вецер вярнуцца
на кругі свае.
Можа. Электаральная рэальнасць для Лукашэнкі не змянілася,
адрынанне стала яшчэ больш глыбокім. Аслабленне ўлады з нейкіх вонкавых
адносна пратэсту прычын (эканоміка, санкцыі, канстытуцыйныя эксперыменты)
дасць новую прастору для масавай палітызацыі.
— Як у падзеях 2020 году праявілася беларускае нацыянальнае?
— Беларускае нацыянальнае выявілася ў двух вымярэннях —
сімволіцы і метадах пратэсту. З аднаго боку, гэта быў рэнесанс
бел-чырвона-белага сцяга, які выйшаў далёка за межы той невялікай групы
людзей, для якіх ён быў важны да 2020 году. Сцяг напоўніўся новым сэнсам, і
гэта сурʼёзная заяўка на тое, каб ён стаў дзяржаўным праз нейкі час. Песні
NRM, Nizkiz і іншых беларускіх выканаўцаў сталі гімнамі пратэсту, хоць тут яны
і дзеляць сімвалічнае поле з беларускім рымейкам «Муры» і песняй «Перемен»
Цоя. Але, улічваючы прарасійскі дрэйф Лукашэнкі і ягонай сістэмы, якія
абараняюцца, нацыянальнае стала маркерам пратэсту яшчэ і з пункту гледжання
вызвалення з-пад расійскага аўтарытарнага ўплыву.
Адмова пераважнай большасці пратэстоўцаў і лідараў апазіцыі
ад гвалту — яшчэ адна глыбока беларуская рыса. Беларусы — не адзіны народ, які
зрабіў такі выбар, але ў нас ён у 2020 годзе здаваўся практычна непазбежным,
улічваючы нацыянальную гісторыю і палітычную культуру. Не факт, што гэты
маральны барʼер захаваецца ў будучыні.
— Чаму беларускі пратэст 2020 году не меў геапалітычнага
вымярэння?
— Беларускі пратэст не меў геапалітычнага вымярэння, таму
што ён быў выкліканы ўнутранай палітыкай улады — непразрыстымі выбарамі,
рэпрэсіямі, гвалтам. У гэтых праблем няма відавочнага вонкавага ракурсу.
Знешні выбар не так востра стаіць для большасці беларусаў, гэты парадак дня
проста не быў актываваны ў іх галовах. Але па меры ўзмацнення канфрантацыі
Мінску і Захаду, уцягвання Масквы ў падтрымку Лукашэнкі будзе ўсё больш
стымулаў да інтэрнацыяналізацыі не толькі самога крызісу, але і яго ўспрымання
ў галовах людзей.
Калі Масква пяройдзе ад словаў і невялікай падтрымкі да
актыўнага ўмяшання, палітычная энергія беларускага пратэсту можа «перакінуцца»
і на яе.
— Ці засведчылі падзеі 2020 году раскол у беларускім
грамадзтве?
— Гэтыя падзеі не толькі прадэманстравалі раскол, але і
абвастрылі яго. Шмат каму стала ясна, што гэты раскол існуе, хоць у іншых
перамагло пачуццё маналітнасці свайго боку і нешматлікасці, чужароднасці
іншага боку. Як паказвае тая сацыялогія, якая ёсць у нас на руках, Лукашэнка
захаваў сваё электаральнае ядро ў 20-30%, аднак антаганізаваў нашмат большую
частку грамадзтва. Па меры абвастрэння канфлікту бакі палярызаваліся. Лепш за
ўсё гэта падкрэсліваюць рутынныя абвінавачванні адзін аднаго ў «фашызме».
Хоць з гэтага мы таксама зразумелі, што ў абедзьвух частак грамадзтва ёсць
нейкі агульны назоўнік абсалютнага зла.
— Ці магчымае прымірэнне, і калі так, то якой можа быць яго
формула?
— Улічваючы асобу і стыль Лукашэнкі, бакі не могуць
прымірыцца пры ім. Гэты палітык адхіляе любую інклюзіўнасць, ён не можа быць
арбітрам або мадэратарам, ён можа быць толькі ў авангардзе свайго боку.
Паколькі маральны шок, які атрымаў бок пратэсту ў 2020-2021 гадах, не сыдзе
яшчэ шмат гадоў, формулы прымірэння пры Лукашэнку я не бачу.
Пасля яго сыходу многае будзе залежаць ад таго, на што
паставяць наступныя кіроўныя эліты — на кансалідацыю грамадзтва ці на працяг
падаўлення нязгодных. Калі будзе зроблена першая стаўка, то наўрад ці можна
абысціся без хоць бы нейкага пакарання вінаватых у гвалце 2020-2021 гадоў.
Потым можа адбыцца пераключэнне грамадзтва на нейкі новы парадак дня, на
новыя, менш палярызаваныя спрэчкі, каналізацыя канфліктнай энергіі ў бок больш
класычнай палітычнай барацьбы.
Іншая формула — знешняя пагроза, якая б з'яднала краіну.
Але калі знешняе, гэта значыць расійскае, умяшанне адбудзецца на баку адной з
частак беларускага грамадзтва, складана прадказаць, які з інстынктаў —
патрыятызм ці групавая лаяльнасць — пераможа ў прадстаўнікоў гэтай часткі.
— Ці шкадуеце вы пра тое, што адбылося ў 2020 годзе, ці варта
яно было смерцяў, зняволеньняў, зламаных лёсаў?
— Я шкадую аб усіх гэтых пакутах і стратах, але я таксама
разумею, што наўрад ці рэжым беларускага тыпу мог сысці аксамітна, без
падобных выпрабаванняў. Казаць пра тое, што гэтую цану мы павінны былі
заплаціць, — цынічна, але здаецца, што дзьве іншыя альтэрнатывы — яшчэ больш
гвалту, каб змена ўлады паскорылася, або адмова ад пратэстаў наогул, каб
зберагчы сябе, — беларускае грамадзтва не задаволілі.
— Якія ўрокі з беларускіх падзей 2020 году?
— Важны ўрок палягае ў тым, што ўсе трэнды абарачальныя. Выпадковасці, памылкі, збег абставінаў здольныя тармазіць ці, наадварот, вельмі паскараць тыя працэсы, якія здаваліся прадказальнымі. Па-другое, ступень кансалідацыі рэжымаў мае значэнне. Універсальных рэцэптаў або колькасці пратэстоўцаў, патрэбных для перамогі рэвалюцыі, не існуе. Тое, што проста працуе ў Грузіі ці Арменіі, можа не працаваць у Беларусі. Пэўным урокам стала тое, наколькі ў розных інфармацыйных бурбалках жывуць два бакі беларускага крызісу.