Гісторыя аднаго фота. Мінчук расказаў, як у іх счэпцы 9 жніўня апынуўся амапавец

Здымак Agence France-Presse, на якім мінчук Максім (мы не называем прозвішча на просьбу суразмоўцы) стаіць у счэпцы з амапаўцам увечары 9 жніўня 2020 году, абляцеў сусветныя СМІ. «Свабода» даведалася ў Максіма, чым скончыўся той драматычны вечар для яго і тых, хто быў з ім у счэпцы.

e6b5d900_faf3_4945_8362_570d15044607_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.webp

«Мы выбралі прэзідэнта, за якога прагаласавала большасць!»

«Пасля 9 жніўня, калі з'явіўся інтэрнэт, я прачнуўся «зоркай». Той здымак надрукавалі ўсе магчымыя СМІ», — расказвае Максім. — Жыў у Мінску, меў з татам будаўнічы бізнэс — дзве крамы. З гэтага і жылі.

Я быў апалітычны, хоць унутры пагарджаў рэжымам і ягоным існаваннем у XXI стагоддзі ў цэнтры Еўропы. Я шмат дзе быў — у ЗША, Кітаі, еўрапейскіх краінах — і разумеў, якім можа быць жыццё. Ну не мусіць яно быць такім, як у нас! З такімі коштамі, стаўленнем да людзей і паміж імі, і самае галоўнае — з такім «кіраўніком дзяржавы».

І вось здарыліся выбары 9 жніўня. Захапляльныя выбары! Мы выбралі прэзідэнта, за якога прагаласавала большасць! За Ціханоўскую, натуральна. Я гэта ведаў са шматлікіх крыніц. У мяне шмат сяброў па ўсёй Беларусі, у тым ліку і тых, хто блізкі да выбарчых участкаў. Гэта было крута — Ціханоўская абганяла ўсіх кандыдатаў з вялікім адрывам! І мы выйшлі святкаваць. Я нарадзіўся пры Лукашэнку і за свае гады не бачыў іншага прэзідэнта. А тут нарэшце — перамены. Але, відаць, у Лукашэнкі была свая думка наконт гэтага. І ў ягонага войска».

«У той счэпцы быў я, мой тата, ягоная жонка і амапавец»

«Мы выйшлі на свята. Але яно ператварылася ў пратэст. Гэты здымак быў зроблены позна вечарам 9 жніўня. Мы святкавалі перамогу. І тут выпаўзлі гэтыя «чорныя тараканы». Я гуляў тады каля Палаца спорту — як звычайна на працягу многіх гадоў. І тут — выбухі, святлашумавыя гранаты. І «чорныя» пачалі біць людзей. Я такога ніколі ў жыцці не бачыў. Да гэтага з людзей ніхто не быў падрыхтаваны. Ніякіх сур’ёзных сутычак не было. «Красаўцы» проста збівалі бяззбройных людзей.

Што тычыцца гэтага здымку — на ім у счэпцы я, мой тата, ягоная жонка і амапавец. Ён спачатку хацеў мяне затрымаць, але я правёў з ім пераканаўчую размову — і ён перадумаў. Нешта, відаць, у ім шчоўкнула. Але праз некалькі хвілін пасля здымку пачалася «куча-мала», чарговае сутыкненне, і я згубіў яго з поля зроку. Не ведаю, што з ім было далей. Проста перад намі стаяла потым хмара «чорных» у шаломах. Мы падыходзілі да іх, падымалі шаломы ім, нешта крычалі... 80% з іх стаялі і не разумелі, што адбываецца. Апроч таго, што ім далі загад біць людзей.

Але сярод іх былі «унікумы», якія актыўна і з задавальненнем, не чакаючы нават загаду, махалі дубінкамі. Такія рэальна звяры. Было відаць, што гэта ім у асалоду».

5167147a_4db7_4c2f_8d99_f93702704575_w650_r0_s.webp

«І тапталіся па мне, па нырках «прылятала»

«Мяне хапалі шматкроць. Але я нікуды не сыходзіў, стаяў перад імі з усмешкай. Я нават падумаў тады: калі давядзецца загінуць, то загіну. Я стаяў на месцы, а натоўп прабягаў паўз мяне. І «чорныя» ішлі паўз мяне. Ну, раз-пораз дубінкай стукнуць.

На той момант я яшчэ думаў, што гэта міліцыя. Пазней перастаў так думаць. Мяне спрабавалі хапаць, валілі на зямлю, спрабавалі скруціць, але не маглі — пакуль я сам не паддаўся. Потым паднялі мяне, адвялі і параілі ісці дахаты. Я сказаў, што нікуды не пайду. Бо выйшаў за сваю краіну. Шмат тады мне «прылятала» — то патопчуцца па мне, то па нырках адхвачу.

Мая жонка таксама была побач, дапамагала аказваць першую дапамогу — яна мэдсястра. Тата адбіваў мяне ад «чорных». Але, на дзіва, ні мяне, ні тату не ўзялі. Часам я сам вырываўся, часам тата мяне вырываў. І так было і назаўтра, і на паслязаўтра. Я не спаў тады ніводнай ночы. Днём — працаваў, ноччу — пратэставаў. У нейкі момант я цалкам згубіўся ў часе. Калі «далі інтэрнэт», то я прачнуўся ад тысячы тэлефанаванняў — усё праз той здымак. Але я не хацеў такой славы».

«У першыя дні пратэстаў я адчуваў, што нас 97%. Цяпер не ведаю»

«У пэўны момант, нагледзеўшыся, што робяць з людзьмі «чорныя», я прыйшоў да высновы, што гэта не людзі. Раптам я выйшаў на вуліцу і ўбачыў, што людзям весела. Бо аўтазакі ездзілі і нікога не хапалі. Я дзесяць гадзін глядзеў розныя відэа, дзе гэтыя «чорныя» проста забівалі людзей, катавалі іх, і мне не было ані весела, ані класна. Два тыдні мы з сябрамі чакалі, што будзе нарэшце рэалізавана справядлівасць. Але...

У мяне прыкметная знешнасць. Аднойчы я бачыў, як у будынак, дзе месціцца і наш офіс, уляцелі «чорныя» і выцягнулі хлопца з дрэдамі, падобнага да мяне. Відаць, яны шукалі мяне. Тым больш — столькі ўжо маіх здымкаў было ў інтэрнэце.

У мяне была на той момант адкрытая віза ў Вялікую Брытанію. Я вырашыў з'ехаць. Бо тут бяспечна. Гэта пытанне нумар адзін. Я падаўся тут на палітычны прытулак. Цяпер чакаю разгляду.

Для Беларусі я нічога зрабіць не магу. Без «начных гулянак», як было ў першыя дні пратэстаў — немагчыма нешта зрабіць... У першыя дні пратэстаў я рэальна адчуваў, што нас 97%. Цяпер не ведаю.

Я не лічу, што дапамогуць санкцыі ці яшчэ што. Для свету ёсць больш небяспечныя краіны, чым Беларусь. Напрыклад, Паўночная Карэя. І нават з гэтай краінай нічога не адбываецца.

У Беларусі і пры дыктатуры многія адчуваюць сябе добра. Здымаць красоўкі, каб стаць на лаўку пры пратэсце? Адзін раз гэта прышпільна, а потым...

Я ніколі не быў радыкалам. Але чаму Лукашэнка мусіць сысці? Толькі таму, што яму крычаць «Сыходзь!»?

Калі я з'ехаў, то пачалі шукаць бацьку, чапляцца, спрабавалі затрымаць. Давялося ўцякаць і яму. Цяпер мы разам тут. Пра вяртанне пакуль не гаворым».