Ганна Севярынец: «Як толькі часы пераменяцца, беларусы вернуцца»

Пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец падзялілася ў эфіры «Еўрарадыё» развагамі пра тое, як мірныя пратэсты змянілі беларусаў і краіну.

greenbelarus.info

greenbelarus.info

— Увесь гэты год — адзін з самых складаных перыядаў, якія выпадаюць на долю не кожнага пакалення. Гэта прыкладна тыя часы, пра якія кітайцы кажуць «Не дай табе Бог жыць у эпоху перамен». Да яго немагчыма быць гатовым — бо гэта патрабуе ўнутраных сіл, аналітычных здольнасцей і крытычнага мыслення, якога ў нас не было — не таму што мы дурнаватыя, а таму, што жыццё не вымагала такой ступені асэнсавання.
З якога б мы боку ні былі, для кожнага ў гэтай краіне і для кожнага беларуса, які апынуўся за межамі, гэта неверагодна цяжкія часы. Мне вельмі часта хочацца кожнаму з нас паспачуваць, таму што выскачыць з такіх часоў ніколі нікому немагчыма, жыць у іх складана, а выбар маральны трэба рабіць кожны дзень.
Колькі яшчэ «ўсё гэта» будзе працягвацца? Ганна Севярынец зазначае: «Я для сябе нават і года не даю, бо цяпер зусім іншая хуткасць працэсаў»:
— Колькі ўжо спроб было вырвацца з імперскіх абдымкаў — і ўсё гэта, усе палітыя крывёй, а часам і па-добрасуседску ўсталяваныя сувязі, цяпер ірвуцца, у лёсах людзей, у свядомасці, у геапалітычным сэнсе… Гэта цяжка, і падаецца, што сіл няма трываць, — але скончыцца, і хутка.
Пісьменніца прызналася: пасля перажытага цягам года, калі беларусаў кідала і ў жах, і ў натхненне, і ў адчай, пачала заўважаць за сабой і шмат за кім са знаёмых пэўнае эмацыйнае амярцвенне:
— У нас развіваецца «душэўная тупасць»: моцна не рэагуеш, не радуешся і не ўзбураешся, калі некаму дрэнна, проста ціснеш на кнопачку «дапамагчы», але робіш гэта дастаткова механічна. Псіхіка проста адмаўляецца ўжо рэагаваць.
Калі мы з гэтага выкараскаемся, невядома. Але па-іншаму, мабыць, не бывае, з жалем і з сумам мы мусім прызнаць, што без выпрабаванняў не зразумелі б каштоўнасць свабоды.
…Тое, што беларусы з’язджаюць, блага адаб’ецца на Беларусі — у кожнай дробязі, у кожнай дэталі. Ужо адбіваецца: зірніце, які недабор у ВНУ. Мы не проста згубілі значную частку актыўных людзей, якія ўкладаліся ў бізнес ці культурныя грамадскія прасторы, — гэта вялікая трагедыя, і яна паўплывае на ўсе бакі жыцця.
Але я ўпэўненая: як толькі часы пераменяцца, беларусы вернуцца. Як вярнуліся ў 1921 годзе, калі людзей спачатку, перад наступленнем фронту, вывезлі, потым яны самі пабеглі — ад рэвалюцыі, акупацыі, і Беларусь была разрабаваная ўся; але як толькі хоць які-небудзь мір тут усталяваўся, хоць і хісткі, хоць і пры Саветах, да якіх па-рознаму ставіліся, — людзі рынуліся дамой. З Уфы з’ехаў цэлы курс беларускіх студэнтаў, якія ў 1914-м годзе прыехалі ў эвакуацыю, падраслі, паступілі ў палітэхнічную ВНУ, а як толькі стала можна, увесь курс «зняўся» і паехаў.