Роўна год таму падчас пратэстаў быў забіты Аляксандр Тарайкоўскі

10 жніўня спаўняецца год з часу гібелі ў Мінску пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага. Крымінальная справа па яго забойстве так і не была пачатая.

tarajk_1012.jpg

34-гадовы індывідуальны прадпрымальнік Тарайкоўскі ўдзельнічаў у пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Яго застрэлілі на другі дзень актыўнага супрацьстаяння сілавікоў і пратэстоўцаў каля станцыі метро «Пушкінская» (каля 23-й гадзіны 10 жніўня).

Па аператыўна агучанай версіі МУС, у руках Аляксандра Тарайкоўскага быццам узарвалася выбуховае прыстасаванне. Аднак шматлікія відэа абверглі гэтыя словы. На іх бачна, што мужчына з пустымі паднятымі рукамі стаяў насупраць шэрагу сілавікоў (па некаторай інфармацыі, гэта былі байцы спецпадраздзялення). Пасля ў яго стрэлілі і ён упаў.

Толькі ў лютым 2021 года тагачасны старшыня СК Іван Наскевіч прызнаў, што ў Тарайкоўскага стралялі сілавікі.

У Аляксандра Тарайкоўскага была сям'я (з жонкай ён жыў грамадзянскім шлюбам), выхоўвалася маленькая дачка. Сёлета Алена Герман, удава забітага, звярталася ў Следчы камітэт па копію пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце гібелі мужа. Яна прасіла правесці службовую праверку асоб з СК, а таксама вярнуць рэчы, у якіх Тарайкоўскі знаходзіўся ў момант сваёй гібелі. У адказе паведамілі, што вопратку і абутак вырашана захоўваць пры матэрыялах праверкі, у іншым адмовілі.

Яшчэ ў жніўні 2020-га каля станцыі метро «Пушкінская» ўтварыўся народны мемарыял Аляксандра Тарайкоўскага. Аднак улады яго знішчылі. Усіх, хто спрабуе там ушанаваць памяць пратэстоўца, намагаюцца затрымаць. Раней былі прызначаны некалькі рэальных тэрмінаў зняволення тым, хто ўшаноўваў памяць забітага.

Паводле «Еўрарадыё».