Асобная думка. Сінія пальцы крывавага свята

7 лістапада працягвае трымацца ў коле найбольш важных дзяржаўных святаў быццам бы незалежнай Рэспублікі Беларусь. Бадай, адзінай з постсавецкіх рэспублік, улады якой упарта працягваюць адзначаць гэты дзень, і нават назва засталася з савецкіх часоў. Ці ёсць больш чым праз стагоддзе ў гэтым нейкі сэнс альбо «свята» — не болей за фантомныя болі аматараў ідэалогіі «ўсё ўзяць і падзяліць!»?

Ілюстрацыйная выява. 7 лістапада 2016 года на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Фота Паўла Аксіновіча 

Ілюстрацыйная выява. 7 лістапада 2016 года на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Фота Паўла Аксіновіча 

Спачатку давайце ўявім, што насамрэч святкуюць улады са сваімі прыхільнікамі. У выніку падзей, якія ганарліва маюць назву Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай Рэвалюцыі, уладу ў Расіі захапіла Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (бальшавікоў). Кажучы юрыдычнай мовай — быў здзейснены ўзброены захоп улады купкай асоб па папярэдняй змове. Нам усім добра вядомыя гэтыя тэрміны, бо ўжо некалькі гадоў яны актыўна ўжываюцца ў абвінавачваннях і прысудах палітычным апанентам дзеючай улады. Фактычна, сёння за такія дзеянні У.І. Ленін са сваімі паплечнікамі павінны былі быць асуджаны па ч.3 арт.357  Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і атрымаць ад 10 гадоў турмы да смяротнага пакарання. Дык што святкуе і чыю памяць ушаноўвае сёння ўлада? 

Дзяржпераварот 1917 года меў жорсткія наступствы для вялікай колькасці людзей: арышты, высылкі і забойствы адкрытых праціўнікаў маладой савецкай улады ў першыя гады яе існавання набылі жахлівыя маштабы. Такая рашучасць і бязлітаснасць у выкараненні іншадумства вельмі імпануе сённяшняму кіраўніцтву краіны. Нездарма ўжо працяглы час у прамовах першай асобы можна чуць выраз «Именем революции!», якім карысталіся камісары падчас рабаванняў і расстрэлаў без суду і следства. Менавіта гэты выраз потым трансфармаваўся ў знакамітае «иногда не до законов», што таксама цалкам адпавядае савецкай практыцы барацьбы з палітычнымі апанентамі.

Глядзіце таксама

Калі знішчылі адкрытых ворагаў — надышоў час шукаць затоеных. Літаральна адно слова мела каштоўнасцю жыццё. Так, штодзённы пошук унутраных ворагаў быў вельмі значнай і неабходнай часткай існавання «народнай» улады. Менавіта іх уплывам ды інтрыгамі ўлады тлумачылі свае хібы і памылкі. Нічога не нагадвае? Тры каласочкі з поля ў кішэні — расстрэл. Як гэта сугучна з сучаснасцю... Адзін каментар у сацсетцы — год ці два калоніі. Тады быў чалец сям’і «ворага» — высылка. А цяпер цябе проста калі не выціснуць з краіны, то дакладна не возьмуць нікуды на працу, і выжывай як хочаш. 

Другая сусветная вайна і ў яе складзе Вялікая Айчынная. Перамога. Унукі і праўнукі пераможцаў працягваюць дзяліць паміж сабой тое, што ім увогуле не належыць. Спекуляцыі і прапагандысцкія лозунгі пахавалі боль цэлых народаў пад лямантам і парадамі. Здавалася б, ну што тут такога — ушануйце памяць загінулых, дапамажыце выжылым... Але зноў не! Пачытайце пра «самавараў», «танкістаў» — так называлі салдат, якія страцілі ногі ці рукі, або і тое, і другое. Дзе яшчэ так цынічна маглі назваць абаронцаў Радзімы? Дзе яшчэ іх маглі наўпрост сабраць і выслаць на поўнач краіны, каб не псаваць выгляд гарадоў краіны-пераможцы? «Валаамскі цыкл» Генадзя Даброва паглядзіце, калі ласачка...

Глядзіце таксама

Пасляваенныя гады. Вярталіся дадому салдаты, якія бачылі жыццё ў іншых краінах, бачылі, як можна насамрэч жыць, везлі на падарункі цікавыя рэчы, якіх ніколі не бачылі ў гарадах і вёсках краіны-пераможцы. І гэта, канешне ж, спараджала нейкія сумневы: «А ці так добра мы жывём увогуле?» Менавіта гэта было падставай для чарговай хвалі рэпрэсій, якая доўжыліся амаль да смерці Сталіна.

Расповед пра тое, што было далей, зойме шмат старонак, але зразумела, што нічога іншага, акрамя гвалту, гэтая сістэма свайму народу прапанаваць не можа. Менавіта таму пайшло, як і павінна было пайсці — улады былі самі па сабе, народ сам па сабе, але пад пільным кантролем МУС і КДБ. Дыяменты былі дробнымі ва ўладаў, а поліўка вадкая — у людзей. Таму мяжа паміж уладамі і звычайнымі людзьмі вельмі хутка пашыралася, і апошнія адчувалі гэта нашмат лепш за першых. 

Безумоўна, ёсць шмат галасоў, якія сцвярджаюць, што «пры камуністах» ці «падчас СССР» было зусім не так дрэнна — бясплатная адукацыя, медыцына, прамысловасць расла як грыбы пасля дажджу, людзей у космас шпурлялі дзясяткамі, ядзерную зброю выпрацавалі, пламбір, ізноўку ж! Адразу трэба заўважыць, што і ў лагеры «капіталістаў» у той жа самы час аптэкі, лякарні, школы ды прамысловасць таксама працавалі — і працавалі дастаткова някепска, што менавіта пасля сканання СССР стала відавочна кожнаму, хто бываў за «жалезнай заслонай». Адна мая знаёмая падчас наведвання ЗША падлеткам на пачатку 1990-х раптоўна зламала ключыцу і пашкодзіла сківіцу, там аказалі першую дапамогу, зрабілі ўсё неабходнае, і праз тыдзень яна, як і планавалася раней, вярнулася дадому. Калі яна прыйшла ў раённую паліклініку, то ўсе (!), я паўтаруся — УСЕ лекары прышлі глядзець на тое, як гэта робіцца «там». Яна не памятае ўжо ўсіх падрабязнасцей, але прамову хірурга: «Што гэта? Божухна, я такога ніколі нават не ўяўляў...» — яна памятае дагэтуль. 

Глядзіце таксама

Прыкладаў адрозненняў савецкай прапаганды ад савецкай жа рэчаіснасці можна прыводзіць бясконца, але я бы хацеў, каб нашы чытачы і, асабліва, нашы апаненты зразумелі, што на тэрыторыі, якую мы памятаем як СССР, камуністы і нават сацыялісты ніколі ва ўладзе не былі. Ну, можа, першыя пару месяцаў. Потым іх дастаткова хутка змянілі чальцы новастворанай арганізаванай злачыннай групоўкі, якія прасоўвалі свае асабістыя мэты, не пераймаючыся патрэбамі простых людзей. Гэта тэма для больш разгорнутай размовы, але заўважым толькі, што фактычна абвешчаны сацыялізм з калектыўнай уласнасцю на сродкі вытворчасці на самой справе быў не чым іншым, як дзяржаўным капіталізмам з атрыманнем прыбытку вузкім колам асоб, якія мелі дачыненне да кіравання дзяржавай. Даказваць іншае — пустая справа... Проста спытайцеся любога працоўнага чалавека з завода — якія дывідэнды ён атрымліваў ад такой «калектыўнай уласнасці».

Пераважная большасць сённяшніх кіраўнікоў расла, вучылася, атрымлівала першыя пасады, уваходзіла ў смак улады менавіта ў савецкія часы. Магчыма, яны тады таксама досыць скептычна ацэньвалі дзейнасць сваіх непасрэдных кіраўнікоў і марылі пра часы, калі яны будуць на іх месцах... Ух, тады мы пакажам! І вось некаторыя з гэтых летуценнікаў праз нейкі час сапраўды аказаліся на тых самых пасадах, пра якія марылі, але ж вось гэтае самае «Ух!» засталося ў мінулым. Старыя кіраўнікі хутка і дасканала растлумачылі неафітам правілы гульні, і, насамрэч, з часоў першых камісараў, бадай, анічога не змянілася... Метады, напэўна, толькі сталі больш адпавядаць часу.

Можна прыгадаць верш аднаго з маіх любімых паэтаў Ігара Губермана:

«Мне Маркса жаль — его идеи

Попали в русскую купель.

Здесь цель оправдывала средства,

А средства обосрали цель».

І гэтыя радкі як нішто іншае вельмі дакладна адлюстроўваюць тое, што зрабілася з вялічэзнай і выдатнай спробай, што мела ўсе шанцы быць паспяховай, зрабіць менавіта чалавека-творцу галоўнай каштоўнасцю свету. Але ж сквапнасць і незнішчальная сувязь «пасада-багацце» чарговы раз згулялі дурны жарт з новымі авантурыстамі ад улады. Тым не менш, увесь час ізноўку знаходзяцца ўпэўненыя ў тым, што менавіта ім пашанцуе.

Я нічога не маю супраць тых звычайных грамадзян, якія ў гэты дзень выйдуць з кветкамі да помнікаў тым, хто распачаў гвалт і тэрор супраць свайго народа і ягонае знішчэнне толькі з той нагоды, што людзі не жадалі быць абрабаванымі і працаваць на карысць новых гаспадароў, якія былі зусім не лепшымі за старых, а то і горшымі. Яны лічаць, што магчымасць ператварылася ў існаванне — і Пан ім суддзя. Я супраць толькі таго, што гэты дзень ёсць дзяржаўным святам і на дзяржаўным узроўні злачынцы ўшаноўваюцца як героі, а сапраўдныя героі паміраюць у турмах. Хаця так і было ўвесь час з таго самага 1917 года. Ды і раней таксама...

Для прыхільнікаў гэтага свята і ўвогуле камуністычнай ідэалогіі, якая так і не ўвасобілася ў жыццё, у суседняй Літве побач з Друскінінкаем ёсць «Gruto Parkas». Гэта прыватны парк, дзе ўладальнік сабраў з усёй краіны помнікі Леніну, Сталіну ды іншым асобам, пабудаваў павільёны, дзе можна ўбачыць нават самыя дробязныя рэчы часоў Савецкага Саюза — ад гузікаў да кніг і плакатаў, там ёсць і «дошкі гонару», і ўсё тое, што дагэтуль міла сэрцам, непарыўна звязаным з той эпохай. І гэта, на мой погляд, досыць правільна. Гісторыя не павінна забывацца. Не дарма гэты парк абнесены калючым дротам з вышкамі па перыметры. Гэта павінны памятаць.

І яшчэ што варта памятаць усім, хто мае дачыненне да крывавых святаў. Ёсць і будзе, незалежна ані ад уладаў, ані ад асоб, ані ад дзяржаўнага ладу толькі адно: немагчыма, быўшы нічым, мець усё за кошт іншых, і нават турмы і расстрэлы не дапамогуць. Ніхто і нішто атрымлівае толькі нічога.