Асуджаным на 18–20 гадоў анархістам перад накіраваньнем у калёніі далі спатканьні з роднымі

Вярхоўны суд Беларусі 22 красавіка разглядзеў апэляцыйную скаргу палітзьняволеных анархістаў на прысуд Менскага абласнога суду. У выніку вырак ім пакінулі бязь зьменаў. 

Зьлева направа: Дзьмітры Дубоўскі, Ігар Аліневіч, Сяргей Раманаў, Дзьмітры Разановіч у судзе.

Зьлева направа: Дзьмітры Дубоўскі, Ігар Аліневіч, Сяргей Раманаў, Дзьмітры Разановіч у судзе.


22 сьнежня анархапартызанам Дзьмітрыю Дубоўскаму, Дзьмітрыю Разановічу, Сяргею Раманаву і Ігару Аліневічу прысудзілі ад 18 да 20 гадоў зьняволеньня. Неўзабаве палітвязьні адправяцца адбываць пакараньне ў калёніі. Пасьля разгляду апэляцыйнай скаргі зьняволеным анархістам дазволілі сустрэцца з роднымі, піша Свабода.
Валянціна Аліневіч, маці асуджанага на 20 гадоў зьняволеньня палітвязьня Ігара Аліневіча, напісала пра сустрэчу з сынам у сацыяльных сетках:

Пра эмацыйны і фізычны стан

«Мне здаецца, ён якім быў, такім і застаўся. Абсалютна не зьмяніўся. Зьявілася, вядома, больш зморшчын і кругі пад вачыма. Высьветлілася, што ў пачатку красавіка трэці раз перахварэў на ковід. Я пра большую частку яго праблем даведаюся пастфактум — ад іншых людзей або ад яго самога ў кантэксьце „маўляў нічога страшнага, некалькі дзён пахварэў і ўсё“. Як сапраўды ідуць справы, мне невядома. Ён не прывык скардзіцца. Але настрой нармальны. Спакойны, упэўнены, вочы ясныя, чыстыя. З выгляду ўсё добра, а што там унутры, ня ведаю».

Пра інфармацыйную блякаду

«Ігар расказаў, што адчуваньне, што ўвогуле ўся Беларусь сядзіць, дзівіцца такой колькасьці людзей (...). З інфармацыяй у іх там вельмі дрэнна — тэлевізара няма, газэты ў лютым і сакавіку не давалі выпісваць, вельмі бедная бібліятэка. Пра вайну ва Ўкраіне даведаўся толькі праз 2 тыдні. Я яму расказала, што ёсьць шмат беларусаў, якія яе падтрымліваюць. Нават сярод тых, хто прыходзіць у турму, каб занесьці перадачу сваім сынам. Ігар на гэта адказаў: „Не зважай і не марнуй сілы, каб гэтых людзей пераканаць у чымсьці, таму што гісторыя і так усё расстаўляе па сваіх месцах. І гэта расставіць. Яны самі ўсё зразумеюць“.

Ігар Аліневіч

Ігар Аліневіч

Пра салідарнасьць і захапленьне Натальляй Хершэ і беларускімі жанчынамі

„Калі я перадавала яму прывітаньні, і незнаёмых людзей у тым ліку, ён спытаў: а салідарнасьць ёсьць?“ Я адказала: „Ёсьць“, а потым памаўчала і кажу: „Але ў асноўным жаночая“. На што ён: „Жанчыны — найлепшае, што ёсьць у нашай краіне, на іх глядзяць з захапленьнем усе і, мусіць, калі будзе рэвалюцыя, то яна будзе фэмінісцкая“. Пачаў мне расказваць пра тое, якая ж Натальля Хершэ моцная, ня ў прыклад некаторым мужчынам. Адкуль ён гэта даведаўся, паняцьця ня маю. Я яму сказала: „А ты ў курсе, што яе вызвалілі?“, ён: „Не“. Гэта значыць, нават гэтага ня ведаў, быў вельмі зьдзіўлены».

Пра рэакцыю на спэктакль па матывах кнігі «Еду ў Магадан»

Прэм’ера спэктакля паводле кнігі Ігара Аліневіча прайшла 1 траўня ў тэатры Teren у Брно (Чэхія).
«Я спытала Ігара: «А ты ведаеш такі горад Брно?». Ён кажа: «Вядома, я там нават быў». Калі я яму расказала [пра спэктакль], быў прыемна зьдзіўлены, ён жа ня ведае ніякіх навін. Ігар заўсёды лічыў, што да яго ўвага большая, чым ён заслугоўвае. Ён жа такі таварыш сьціплы.
Сказаў: «Я яшчэ не падзякаваў людзям, якія мяне падтрымлівалі ў 2010 годзе, а тут яшчэ і цяпер. Ён неяк не пра сябе думае, а пра тое, што нічога ня можа зрабіць, каб тых людзей таксама падтрымаць у цяжкую хвіліну. Аднак ён упэўнены, што ўсё будзе добра...».

Пра веру ў лепшае

«Ігар — чалавек, які не прагназуе свайго індывідуальнага лёсу, ён можа непакоіцца за нас — бацькоў, сваю сястру, пляменьнікаў, але для яго галоўнае — гэта клопат пра чалавецтва, у прыватнасьці пра нашу радзіму, Беларусь».

Ліст Ігара Аліневіча

Ліст Ігара Аліневіча

«Расказваў, што асабліва ў „Амэрыканцы“, калі ён расказваў, як яго вызвалялі, то ўсё слухалі, затаіўшы дыханьне... Калі б чалавек не верыў і не спадзяваўся, то нічога б не было. Але бессэнсоўнымі пакутамі ён сабе ня мучыць. Разумее, што гістарычны ход чалавецтва ніяк не зьмяніць... Мяне пыталіся яшчэ раней, а як ён ставіцца да таго, што яго могуць расстраляць. Я лічу, што такія пытаньні задаваць нельга. Як той казаў, „прыгаворанаму да павешаньня аб вяроўцы не гавораць“. Чалавек і адрозьніваецца ад жывёлы тым, што ён умее сябе паставіць на аптымістычны лад. Інакш для чаго гэтая сіла волі патрэбная? Ігар разумее, што захаваць сябе трэба ў любым выпадку».

Пра свой эмацыйны стан пасьля спатканьня

«Гэта трэба псыхалёгію вывучаць, каб ведаць, як арганізм працуе ў аўтаномным рэжыме, зусім асобна ад гэтых трывожных сыгналаў. Я ведаю шмат сваякоў палітвязьняў, якія ў судах, на спатканьнях усьміхаюцца. І ў мяне заўсёды там прыўзьняты настрой. Напэўна, канваіры глядзяць са зьдзіўленьнем, што замест таго, каб плакаць, людзі так сябе годна паводзяць. Але калі прыходзіш дадому і праходзіць некалькі дзён, то цябе накрывае — успамінаеш кожны рух, міміку, усё гэта перабіраеш у памяці, і для цябе як зноў суперажываньне і зноў нядобра. Аднак потым бярэш сябе ў рукі і зноў «у бой».

Паштоўка Ігара Аліневіча для маці

Паштоўка Ігара Аліневіча для маці

І Ігар даслаў паштоўку пасьля спатканьня і напісаў, што кнігі не чытаў і не пісаў лісты, тры дні хадзіў пад уражаньнем, „перабіраў, як пярліны, «успаміны пра мілыя сэрцу вобразы“.»
Па словах іншых сваякоў фігурантаў справы анархапартызанаў, палітвязьні знаходзяцца ў бадзёрым настроі, нягледзячы на пастаянны ціск з боку адміністрацыі СІЗА.
Так, палітзьняволенага анархіста Сяргея Раманава рэгулярна зьмяшчалі ў карцар, піша тэлеграм-канал «Право на восстание». Па словах бацькоў актывіста анархічнага руху, Сяргей моцна схуднеў, у яго, падобна, зьявілася нейкая інфэкцыя скуры. Вядома, што Сяргей у ізалятары піша скаргі, у якіх фіксуе парушэньні ягоных правоў.
Раней пасьля разгляду апэляцыі на сустрэчы з анархістам Дзьмітрыем Дубоўскім пабывала ягоная сястра Юлія. Паводле яе, падчас спатканьня адна рука Дзьмітрыя была прышпілена да кратаў.


Як распавёў палітвязень, ягоныя сукамэрнікі «далёкія ад палітыкі». На «палітычных», паводле Дзьмітрыя, чыніцца пастаянны ціск. Сястра Дубоўскага адзначыла, што яе брат схуднеў, бо, як высьветлілася, трымаў галадоўку.
Паводле сястры Дзьмітрыя Разановіча, стан і настрой яе брата нармальны.
22 сьнежня анархістаў Аліневіча, Дубоўскага, Разановіча і Раманава прызналі вінаватымі паводле артыкулаў ч. 2 арт. 289 («акт тэрарызму»), ч. 2 і ч. 4 арт. 295 («незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» і ч. 1 арт. 333-1 Крымінальнага кодэксу («незаконнае перамяшчэньне празь мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў», прызналі вінаватымі толькі Дзьмітрыя Дубоўскага і Ігара Аліневіча) і асудзілі на наступныя тэрміны:
Ігару Аліневічу прысудзілі 20 гадоў зьняволеньня,Дзьмітрыю Дубоўскаму — 18 гадоў,Дзьмітрыю Разановічу — 19 гадоў,Сяргею Раманаву — 20 гадоў.
22 красавіка Вярхоўны суд пакінуў пакараньне чатыром анархістам у сіле. На паседжаньне не пусьцілі нават бацькоў палітвязьняў.
Захаваны правапіс арыгіналу