Бабруец, які ўсталяваў помнік Алесю Адамовічу, з’ехаў у Польшчу і дапамагае стварыць Музей вольнай Беларусі

Жыхар Бабруйску Андрусь Архіпенка стаў вядомым на ўсю Беларусь тры гады таму, калі распачаў збор сродкаў на ўсталяванне бюсту пісьменніка Алеся Адамовіча. Праект атрымалася паспяхова рэалізаваць, у лістападзе 2019 году помнік быў адкрыты. А менш чым праз год Андруся разам з маці судзілі за ўдзел у паслявыбарчых мітынгах. У лютым 2021 году бабруец быў вымушаны з’ехаць з Беларусі праз пераслед. Але і ў эміграцыі актывіст не кідае культурніцкай працы – цяпер збірае экспанаты для будучага Музею вольнай Беларусі.

photo5337207386470986672.jpg

З палітычнага актывізму – у культурніцкі

Андрусю Архіпенка сёлета споўніўся 31 год. У бабруйца – шматгадовы стаж палітычнага актывізму. Маладзён некалі быў сябрам руху «Гавары праўду». У 2016 годзе ўдзельнічаў у парламенцкіх выбарах. Менавіта тыя выбары падштурхнулі бабруйца да культурніцкага актывізму – тады Андрусь пабываў на малой радзіме Алеся Адамовіча – у вёсцы Глуша Бабруйскага раёну. Там пазнаёміўся са сваёй канкурэнткай на выбарах старшынёй Глушанскага сельсавету Марыяй Сушчанка. Чыноўніца падзялілася з Андрусём марай – паставіць у Глушы помнік Алесю Адамовічу. Актывіст тады падумаў – а чаму не? І распачаў збор подпісаў, а затым і грошай на помнік.
Разам з камандай аднадумцаў Андрусь здолеў прыцягнуць увагу да ідэі. На помнік ахвяравалі сродкі заснавальнік парталу TUT.BY Юрый Зісер, нобэлеўская лаўрэатка, пісьменніца Святлана Алексіевіч. Сам бюст вырабіў скульптар Гэнік Лойка. 9 лістапада 2019 году помнік быў урачыста адкрыты.
Яшчэ да ўсталявання бюсту, у 2018 годзе, Андрусь разам з камандай рэалізаваў праект «Прыпынак Адамовіча» – там жа, у Глушы, звычайны аўтобусны прыпынак быў ператвораны ў арт-аб’ект, прысвечаны пісьменніку. Акрамя, каманда Андруся выйграла ў конкурсе «Social weekend» з праектам «Глуша Адамовіча», у рамках якога была праведзеная тэатралізаваная экскурсія па творах Адамовіча.

«Адкрываць музей Адамовіча, пакуль краіну ператвараюць у канцлагер – блюзнерства»

У далейшых планах Андруся Архіпенкі было адкрыццё ў Глушы музею Алеся Адамовіча. Актывіст з настальгіяй узгадвае тыя часы, зазначае, што рады, што паспеў тады ўсталяваць помнік, бо сёння рэалізацыя такога праекту была б немагчымай – палітычны падтэкст знайшлі б у любым выпадку. А займацца музеем Адамовіча цяпер у Беларусі Андрусь лічыць увогуле блюзнерствам.
Сёння рабіць музей – гэта тое самае, што ачарніць імя Адамовіча, – кажа актывіст. – Я ўпэўнены, што ён сам не прабачыў бы, што нехта адкрывае музей у ягоны гонар, у той час як краіну ператвараюць у канцлагер, а людзей заганяюць у рабства. Нам спачатку трэба вызваліць Беларусь, а потым адкрываць музеі.
Андрусь марыць пра той час, калі зможа вярнуцца ў Беларусь і з набытым у Польшчы досведам далей займацца ўшанаваннем памяці Алеся Адамовіча.

Грошы на квіток да Варшавы давялося пазычаць

У Польшчу Андрусь з’ехаў, бо баяўся крымінальнага пераследу. Падчас выбарчай кампаніі-2020 маладзён быў каардынатарам па зборы подпісаў за Валерыя Цапкалу ў Бабруйску. Разам з маці-пенсіянеркай актывіст сам збіраў подпісы, а таксама хадзіў на мітынгі і акцыі салідарнасці. У верасні маці з сынам затрымалі, судзілі і аштрафавалі на 20 базавых кожнага.
Пасля суду Андрусю на працу прыйшла «паперка», каб з ім правялі выхаваўчую працу (маладзён быў тады афіцыянтам у Менску).
Калегі і кіраўніцтва, на шчасце, усе ўсё разумелі. І галасавалі ўсе за Ціханоўскую, – кажа Андрусь.
Бабруец працягнуў спакойна працаваць, але адчуваць сябе ў бяспецы ў Беларусі больш не мог.
Калі пачалі прыходзіць да зборшчыкаў подпісаў, да назіральнікаў, я зразумеў, што ёсць вялікая верагоднасць, што прыйдуць і да мяне – былі даволі сур’ёзныя званочкі пра гэта, – кажа Андрусь. – Тады я пачаў шукаць шляхі «эвакуацыі», падаў дакументы на праграму Каліноўскага.
6 лютага Андрусь вылецеў у Варшаву. Сродкаў не было, грошы на квіток давялося пазычыць у сябра. Андрусь разлічваў, што, калі прыедзе, будзе атрымліваць стыпендыю, але выйшла затрымка. Маладзёну было вельмі цяжка ў фінансавым плане. Давялося эканоміць на ўсім і прасіць людзей аб дапамозе.

«Акцыямі мы трымаем Беларусь у еўрапейскай павестцы дня»

Пакрысе атрымалася наладзіць побыт. Андрусь пачаў вывучаць польскую мову. Напачатку ліпеня здаў экзамен – цяпер чакае на вынік і сертыфікат, які разам з іншымі дакументамі будзе падаваць у польскую ВНУ. Вучыцца Андрусь будзе ў тым універсітэце, куды пройдзе. Пакуль што разглядае навучальныя ўстановы ў Варшаве, Гданьску, Любліне ці Познані. Вывучаць актывіст хоча паліталогію ці гісторыю – тое, што, як Андрусь упэўнены, дапаможа некалі адбудоўваць новую Беларусь.
Бабруец кажа, што вельмі сумуе па радзіме, але прыехаць дамоў пакуль не можа нават на пару дзён – упэўнены, што гэта можа быць небяспечным для яго.
Я сумую па радзіме, але тут, у Польшчы, адчуваю сябе ў бяспецы, не пужаюся кожнага буса, які праязджае міма, што зараз ён спыніцца і мяне забяруць, – кажа маладзён. – У менскіх актывістаў пэўныя службы распытваюць пра мяне, да таго ж, я пастаянна тут удзельнічаю ў акцыях – засвяціўся ўжо. Таму я тут, бо ў турму не хочацца, я лічу, што на волі магу зрабіць нашмат больш карыснага.
Андрусь зазначае, што ўдзельнічае ў акцыях беларускай дыяспары, каб прыцягнуць увагу еўрапейскіх палітыкаў да таго, што адбываецца ў Беларусі.
Шмат хто кажа, што добра быць смелым там, дзе табе нічога не пагражае, і што нашыя выхады са сцягамі ў той жа Варшаве не маюць сэнсу. Але мы такім чынам заўсёды ўтрымліваем тэму Беларусі ў еўрапейскай павестцы дня, – зазначае актывіст.

«Мама сумуе, але радуецца, што я ў бяспецы»

Андрусь актыўна ўдзельнічаў у перакрыцці мяжы ў Баброўніках у чэрвені.
Мне было дзіўна бачыць, што паліцыя нас ахоўвала, а не збівала, – дзеліцца Андрусь уражаннямі ад акцыі на мяжы. – Дагэтуль не магу прызвычаіцца, што паліцыя – не карны орган. Мясцовыя жыхары добра да нас ставіліся. Адзін мясцовы жыхар дазволіў нам паставіць намёты на сваёй тэрыторыі. Нас запрашалі ў дамы памыцца, размаўлялі з намі, казалі, што яны за нас.
Андрусь кажа, што і ў Варшаве бачыць добрае стаўленне палякаў да беларусаў, прынамсі, ён не сутыкаўся з негатывам, а толькі з гатоўнасцю дапамагчы.
Андрусь не збіраецца заставацца ў Польшчы на ўсё жыццё, і ўпэўнены, што вернецца ў Беларусь як толькі будзе дазваляць палітычная сітуацыя. У Бабруйску ў актывіста засталася сям’я: мама, хворы бацька, брат, які раней працаваў у Расеі, але з-за каронавірусу быў вымушаны вярнуцца, і цяпер думае таксама ехаць у Польшчу.
Пакуль добра, што брат удома, бо дапамагае маме даглядаць тату, – кажа Андрусь. – Мама вельмі сумуе па мне, бо я ж раней прыязджаў кожныя выходныя дамоў, а цяпер мы не бачыліся ўжо пяць месяцаў. Але, хоць і сумуе, рада, што я тут у бяспецы.

«У Беларусі ў мяне было імя, а тут я – ніхто»

Андрусь кажа, што рашэнне з’ехаць далося яму няпроста, і калі б не пагроза крымінальнага пераследу, ён ніколі б не эміграваў.
Мне было вельмі шкада ўсё кінуць, – кажа бабруец. – У Беларусі ў мяне было імя, я мог нешта зрабіць, а тут я – ніхто, не ведаю, каму і чым магу дапамагчы, а хутчэй – сам патрабую дапамогі. Я спрабую дапамагаць беларускім праектам сваім досведам і ведамі, наладжваць кантакты з польскімі арганізацыямі, звязваць іх з беларусамі. Але гэта вельмі складана для тых праектаў, што ў Беларусі, бо ўсе няўрадавыя ініцыятывы як пад мікраскопам, нават калі яны і непалітычныя.
Андрусь Архіпенка не пакінуў свайго захаплення беларускай культурай і музейнай справай і ў Варшаве. Цяпер бабруец дапамагае Народнаму антыкрызіснаму ўпраўленню ствараць Музей вольнай Беларусі – уваходзіць у працоўную групу.
Андрусь збірае экспанаты для будучага музею.
У экспазіцыі будуць такія рэчы, як плакаты з акцыяў, майку вось перадалі нядаўна з жылога комплексу «Каскад», з іншых раёнаў – кубкі са сцягам раёну, – распавядае Андрусь. – Лісты палітвязняў збіраем. Ёсць дзённік хлопца, якога затрымалі ў мінулым жніўні і асудзілі на 15 содняў. У яго атрымалася цягам гэтага часу весці дзённік, ён апісваў што адбывалася, маляваў. Гэта цяпер наш экспанат.
Сярод экспанатаў – світшот Рамана Руткоўскага – хлопца, якому збегчы ад АМАПу дапамог кіроўца «Яндэкс»-таксі. У гэтым світшоце Раман быў падчас тых уцёкаў, якія трапілі на відэа і хутка сталі папулярнымі. Журналістка з Нідэрландаў, якая была параненая ноччу з 9 на 10 жніўня, гатовая перадаць свае красоўкі са слядамі крыві.

photo5269278557379605085.jpg

«Калі пераможам, перавязем музей у Беларусь»

Цяпер НАУ вядзе перамовы з польскімі ўладамі наконт пляцоўкі для музею ў Польшчы.
Але калі мы пераможам, то перавязем музей у Беларусь, – кажа Андрусь.
Ідэя стварэння музею, паводле Андруся, адначасова нарадзілася шмат у якіх людзей. Сам Андрусь падумаў пра тое, чаму б не ўвекавечыць памяць пра барацьбу за вольную Беларусь на акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі.
Там было шмат шчырых плакатаў, малюнкаў, кветкі, знічы, і я падумаў, што гэта трэба захаваць, гэта не павінна знікнуць, – распавядае Андрусь. – І шмат хто пра гэта ж падумаў, бо калі я прапанаваў НАУ заняцца такім музеем, яны адразу адгукнуліся. Людзі сталі паралельна збіраць рэчы – і ў Польшчы, і ў Беларусі. Фонд будзе падзелены на дзве часткі – з Беларусі, хутчэй за ўсё, не будзем вывозіць экспанаты, бо потым іх будзе не так проста вяртаць назад.

photo5348225029852214427.jpg

Усе прадметы, паводле Андруся, будуць аблічбоўвацца для анлайн-версіі музею.

«Музей мусіць быць каля Стэлы, на Акрэсціна – філіял пра катаванні»

Андрусь лічыць, што ў будучыні гэты музей мусіць размясціцца каля Стэлы – на тым месцы, з якога і пачалася барацьба за Беларусь 9 жніўня 2020 году.
Стэла стала ўжо гістарычнай, гэтак жа, як Плошча Перамен, Пушкінская і іншыя, – кажа Андрусь. – У Палацы незалежнасці я такі музей не бачу. На Акрэсціна мог бы быць філіял, які б распавядаў пра катаванні рэжыму.
Калі ж замест ЦІПу на Акрэсціна будзе музей, Андрусь прагназаваць не бярэцца. Аптымізму наконт таго, што ўжо ў бліжэйшыя месяцы сітуацыя ў краіне зменіцца да лепшага, у бабруйца няма.
Гэта не месяцаў пытанне дакладна, магчыма, спатрэбяцца гады, але ў тым, што ўсё зменіцца да лепшага, я не сумняюся, – кажа Андрусь. – Сёння ў людзей шмат страху, на тое, каб ён знік, патрэбны час. Ды і досвед іншых краінаў паказвае, што барацьба з дыктатурай можа зацягнуцца – тыя ж Польшча ці Грэцыя не адзін год змагаліся. Перамагчы дыктатуру – гэта не хуткі працэс, як шмат хто думае.

Белсат