Байдарачнікі сплавіліся ў абарону Прыпяці

На Палессі 4 і 5 чэрвеня прайшла акцыя «Прыпяць, дай пяць!» у абарону Прыпяці, прымеркаваная да сусветнага дня навакольнага асяроддзя.

dsc_6795.jpg


Байдарачнікі Беларусі разам з таварыствам «Зялёная сетка», грамадскай арганізацыяй «Багна», а таксама ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», правялі маштабны сплаў на байдарках па Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Сваёй акцыяй ўдзельнікі хацелі звярнуць увагу ўладаў, СМІ, а таксама мясцовых жыхароў на пагрозу для прыроды Палесся і праблемы, з якімі яны могуць сутыкнуцца ў сувязі з рэалізацыяй праекта воднага шляху Е40.

Даведка: Е40 — гэта праект суднаходнага маршруту даўжынёй больш за 2000 км. Ён будзе праходзіць па тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Украіны. Мяркуецца, што водны шлях стане новым гандлёвым шляхам паміж партамі Балтыйскага і Чорнага мораў.

У акцыі прыняло ўдзел больш за 50 чалавек: актывісты, журналісты, а таксама байдарачнікі-турысты з Гомеля і Мінска. Сплаў праходзіў па двух рэках Случ і Прыпяць, а завяршыўся ў старадаўнім горадзе рэспублікі — Тураве.

dsc_6011.jpg


 «Рэгуляваныя вадаёмы, будаўніцтва якіх прадугледжвае Е-40, цалкам зменяць навакольную экасістэму Палесся. Мы рызыкуем страціць розныя віды жывёл, рыб, насякомых, птушак, каштоўных не толькі для Беларусі, але і ўсяго свету. Паводкі на рацэ Прыпяць ствараюць умовы той прыроднай разнастайнасці, якую мы тут бачым. Я лічу, варта шукаць альтэрнатыўныя шляхі развіцця воднага шляху Е-40, з улікам захавання мясцовых ландшафтаў і балот. У Беларусі, на жаль, мала рэк для байдарачных сплаваў, многія змялелі і непрыдатныя для воднага турызму. У гэтай сітуацыі, на жаль, актыўны турызм па Прыпяці апынецца пад пытаннем», — распавядае адзін з удзельнікаў сплаву, кіраўнік Клуба Вандраванняў Гомельскага аддзела Беларускага геаграфічнага таварыства Раман Хлебін.

dsc_6043.jpg


Зараз лабісты воднага шляху Е40 шукаюць дадатковае фінансаванне на дэталёвую распрацоўку праекта. У першасныя дакументы — тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне — ужо было выдаткавана больш за 900 тысяч еўра. Арганізатары прыродаахоўнай акцыі заклікаюць своечасова спыніцца і не марнаваць мільёны еўра на далейшую прапрацоўку праекта, які нясе ў сабе небяспеку для прыроды Беларусі: плануемае выпростванне рэчышча ракі, будаўніцтва плацін і шлюзаў, змяненне воднага рэжыму Прыпяці — усё гэта непазбежна паўплывае на экасістэму рэгіёну.

dsc_6401.jpg


«Мы ўжо другі год вывучаем праект воднага шляху Е40. Калі першапачаткова сачылі за тым, што ж ён з сябе ўяўляе, то цяпер, калі пагроза стала больш відавочнай, сталі баяцца, што праект у нейкі момант зможа рэалізавацца. Гэта як у савецкія часы, асушвалі ўсё і ўсюды, а калі сталі праяўляцца негатыўныя наступствы, адумаліся, і цяпер укладваюць мільёны на аднаўленне згубленых экасістэм. Для нас Е40 — гэта праект таго ж «тэсту», бомба запаволенага дзеяння, якая падаецца ў прыгожай абгортцы, але хавае ў сабе пагрозу для ўсяго жывога, у тым ліку і для чалавека. Ці трэба нам гэта, ці жадаюць гэтага будаўніцтва мясцовыя жыхары Палесся, Прыпяці, пытаецца ці іх хто-небудзь?», — каментуе намеснік старшыні грамадскай арганізацыі «Багна» Канстанцін Чыкалёў.

dsc_6308.jpg


 «Я вядома ж катэгарычна супраць любога ўмяшання і знішчэння прыроды майго роднага краю. Я жыву на рацэ, часта хаджу на рыбалку і мяне хочуць усяго гэтага пазбавіць? Такі буйны праект будзе меркаваць і маштабныя змены, знішчэнне натуральнага асяроддзя, усяго таго, што мы бачым і ў чым мы жывем. Акрамя гэтага, уздоўж Прыпяці знаходзіцца маса аб'ектаў археалогіі, гэтая тэрыторыя мала вывучана. Тураўшчына — запаведнік археалагічных помнікаў Беларусі. Калі рэчышча ракі Прыпяць зменяць, як захаваць тое, што ўжо знойдзена?», — дзеліцца мясцовая жыхарка Палесся, археолаг Алена Байкоўская.


Фота: Алексей Заяц