Балансаванне на мяжы выжывання

У Мінску прайшла канферэнцыя прадстаўнікоў трэцяга сектару. Мерапрыемства сталася прыступкай на шляху да Форума грамадзянскай супольнасці, які адбудзецца 16–17 лістапада ў Бруселі ў межах праграмы «Усходняе партнёрства». Падчас мінскай канферэнцыі НДА планавалася вызначыць агульныя пазіцыю і прапановы, з якімі прадстаўнікі трэцяга сектару паедуць у Брусель. Аднак у выніку стала зразумела, што многім сённяшнім НДА бракуе як новых ідэй, так і прафесіяналізму. (На здымку: Прафесар, доктар Райнер Лінднер, старшыня мінскага форума)



42d6c7d61481d1c21bd1635f59edae05.JPG

У Мінску прайшла канферэнцыя прадстаўнікоў трэцяга сектару. Мерапрыемства сталася прыступкай на шляху да Форума грамадзянскай супольнасці, які адбудзецца 16–17 лістапада ў Бруселі ў межах праграмы «Усходняе партнёрства». Падчас мінскай канферэнцыі НДА планавалася вызначыць агульныя пазіцыю і прапановы, з якімі прадстаўнікі трэцяга сектару паедуць у Брусель. Аднак у выніку стала зразумела, што многім сённяшнім НДА бракуе як новых ідэй, так і прафесіяналізму.

(На здымку: Прафесар, доктар Райнер Лінднер, старшыня мінскага форума)


Поўны спіс запрошаных недзяржаўных арганізацый дагэтуль не агучаны. Вядома, што ў Брусель паедуць прадстаўнікі ад Фонду імя Льва Сапегі, «Экадома», Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных аб’яднанняў, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў, Руху «За свабоду», сацыялагічнай лабараторыі «Новак», міжнароднага кансорцыума «Еўрабеларусь», Беларускага Хельсінкскага камітэта, асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў ды іншых.
Арганізатары сустрэчы звяртаюць увагу на засакрэчанасць працы, якая вядзецца паміж беларускімі ўладамі і Еўрасаюзам у межах праграмы «Усходняга партнёрства». «Беларуская грамадзянская супольнасць нічога не ведае пра тыя праекты, якія зараз на міждзяржаўным узроўні рыхтуюцца да абмеркавання і рэалізацыі, — адзначае старшыня міжнароднага кансорцыума «Еўрабеларусь» Улад Вялічка.
Галоўны спецыяліст камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Ігар Лапека лічыць, што дзяржава стварае адпаведныя ўмовы для развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, і гэта падмацавана заканадаўствам. Мінімальную колькасць заканадаўчых ініцыятыў ад грамадзян краіны Лапека лічыць паказчыкам выніковасці грамадзянскай супольнасці. «Замест таго, каб стагнаць, што ўлады не вырашаюць пытанні, як таго патрабуе грамадзянская супольнасць, можна ў цывілізаваным парадку паводле канстытуцыйнага права сабраць, напрыклад, подпісы па нейкай праблеме». Пазіцыю Ігара Лапекі адразу парыравала старшыня Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова.
— Пачынаючы з 2003 года беларускі грамадскі сектар знаходзіцца ў такіх інстытуцыянальных рамках, якія дазваляюць гаварыць не пра яго развіццё, а пра балансаванне на мяжы выжывання. У сувязі з гэтым важныя менавіта інстытуцыянальныя ўмовы для развіцця грамадзянскай супольнасці. Што я маю на ўвазе? Па-першае, зняць рэгістрацыйныя бар’еры. Ні для каго не сакрэт, што існуюць спісы грамадзян, якім пры ўсім жаданні не даюць зарэгістраваць нават арганізацыю аматараў котак і кветак. Парламенту нават нічога рабіць тут не трэба. Гэта толькі правапрымяняльная практыка. Прыбраць дыскрымінацыю па прынцыпу палітычных поглядаў, усё! Другое пытанне — доступ да фінансаў. Умовы фінансавання грамадскіх арганізацый з’яўляюцца базавымі для развіцця грамадзянскай супольнасці. Дзяржава мусіць пераарыентавацца на ўзаемадзеянне з трэцім сектарам і зняць бар’еры і абмежаванні да другіх рэсурсаў, якія сёння складаюць аснову дзейнасці НДА. Трэцяе: прыбярыце ганебную, гнюсную і неправавую норму — артыкул 193.1 з Крымінальнага кодэкса! Проста сорамна гаварыць пра гэта з зарубежнымі калегамі. Бо падобнага анахранізму, акрамя як у краінах з іншай культурай, на еўрапейскай прасторы больш няма. Прыбярыце, не ганьбіце сябе! І перастаньце «вымушана» саджаць па гэтым артыкуле. Зараз масава саджаць перасталі, але артыкул застаўся.
Паводле слоў Алены Танкачовай, цяпер каля 70 працэнтаў беларускага трэцяга сектара працуе ў форме незарэгістраваных арганізацый, і «ўсе яны знаходзяцца пад пагрозай турэмнага зняволення».
Паралельна з’явіўся шэраг заўваг адносна кампетэнцыі прадстаўнікоў трэцяга сектару і гатоўнасці іх адстойваць свае інтарэсы на міжнароднай арэне. Кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій Уладзімір Мацкевіч заявіў, што цяпер многія дзеячы НДА «проста не паспяваюць сачыць за развіццём падзей». Да таго ж існуе праблема далучэння экспертаў трэцяга сектару ў рэалізацыю беларуска-еўрапейскіх праграм. «Еўрасаюз спусціць усе прапановы, з якімі выступіць грамадзянская супольнасць, беларускай дзяржаве. Аднак не варта чакаць таго, што ўлады задзейнічаюць у гэтых праграмах спецыялістаў грамадзянскай супольнасці», — адзначае Мацкевіч.
Што тычыцца фарміравання агульных прапаноў для Форума грамадзянскай супольнасці, то ўжо на гэтай стадыі з’явіліся праблемы. Напрыклад, эксперты, якія працавалі ў секцыі экалогіі і энергетыкі, заявілі, што па другім пункце так і не змаглі сфармуляваць свае прапановы. З экалагічнага напрамку для разгляду былі вылучаныя ідэі ратыфікацыі Еўрасаюзам беларускай папраўкі да Кіёцкага пратаколу, прадставіць гарантыі таго, што грамадскасць будзе ўдзельнічаць у экалагічных праектах «Усходняга партнёрства», ды падрыхтаваць ноту аб тым, каб праекты былі экалагічна сяброўскімі. Дадаткова паступілі дзве прапановы, датычныя чарнобыльскай праблематыкі: актывізаваць дзейнасць па падтрымцы ветэранаў ліквідацыі аварыі на ЧАЭС і па пераадольванню наступстваў аварыі.
Эканамічная платформа пакуль што ўтрымлівае ў сабе тэзы аб развіцці чалавечага капіталу, адукацыйных праграмах, павышэнні ўзроўню заканадаўчай базы і адаптацыі яе да заканадаўства Еўрасаюза, развіццё рэгіянальных праектаў і ўступленне ў сусветную гандлёвую арганізацыю.
Прапановы па платформе «кантакты людзей» найперш датычыліся вырашэння інфраструктурных бар’ераў (спрашчэнне візавага рэжыму), развіцця моладзевай палітыкі і кантактаў з непасрэднымі ўдзельнікамі праграмы «Усходняе партнёрства».
Агульнае ўражанне ад працэсу вылучэння прапаноў на Форум грамадзянскай супольнасці паказвае, што прадстаўнікі НДА пакуль слаба ўяўляюць, якім чынам будзе працаваць гэты інстытут і чаго ўвогуле ад іх чакаюць у Бруселі. І тут варта прывесці словы Уладзіміра Мацкевіча, які прапануе адасобіцца ад нацыянальнага эгаізму і асэнсаваць, што Форум — не пляцоўка выключна для беларусаў, туды са сваімі праблемамі прыедуць прадстаўнікі яшчэ пяці краінаў. «Давайце праявім поўнагадовасць нацыі, беларускага народу. У кожнай нацыі баліць па-свойму. Таму варта паводзіць сябе так, каб нас прадстаўлялі не толькі як убогіх і няшчасных, але і як нацыю, якая гатовая быць паўнавартасным сябрам «Усходняга партнёрства», — падкрэсліў палітолаг.

---------------------------------------------------------------------------------------

-------------------------------------------------------------

Фота Юрыя Дзядзінкіна