«Беларусь — краіна для жыцця, але зарабляць лепш у іншым месцы»: украінскія ўцекачы з'ехалі ў Кіеў з Драгічына
У 2014 годзе Сяргей і Вікторыя з дзіцем жылі ва Украіне недалёка ад Данецка ў горадзе Горлаўка. У той час там пачаліся баявыя дзеянні, Горлаўку акупавалі прарасійскія баевікі.
Маладая сям'я прыняла рашэнне з'язджаць ад вайны, як і шмат маладых людзей, якія хацелі проста жыць і працаваць у мірным месцы.
«Спачатку паехалі ў Херсон, затым — да сваякоў у Беларусь. Пагасцявалі месяц і пачалі падумваць аб тым, каб застацца і шукаць працу. Уладкаваўся на працу ў дарожную арганізацыю ў Драгічыне», — распавядае Сяргей.
Кажа, заробак быў не дрэнны, хоць і ніжэйшы, чым у мірны час ва Украіне. Сяргей — спецыяліст у сферы дарожнага будаўніцтва з вышэйшай адукацыяй, у Беларусі працаваў майстрам, затым прарабам. Вікторыя таксама кваліфікаваны спецыяліст — у яе аж дзве вышэйшыя адукацыі.
Кажуць, па пачатку ўсё задавальняла:
«На той момант, калі прыехалі, узровень коштаў быў меншы, чым цяпер. Таго заробку, які быў тады, хапала. Ды і выбіраць не прыходзілася, на той момант нас усё задавальняла.
Былі, вядома, нюансы, калі ты жывеш у больш капіталістычнай краіне, прыходзіш у краму і цябе абслужаць па поўнай праграме. Або, калі ў Драгічыне стаіш у чарзе ў краме і чакаеш, таму што прадаўшчыца размаўляе па тэлефоне.
А ў плане з дзіцем — у Драгічыне вельмі добра. Калі ты пакідаеш калыску на вуліцы і не перажываеш, што яе выкрадуць. Самакат забыліся ў двары, раніцай выходзім — так і ляжыць. Дзіця падрастае і гуляе ў двары, і ты не перажываеш, што з ім нешта здарыцца. Ходзіць сам у школу, усюды па горадзе. Для дзяцей бяспечны горад», — распавядае Вікторыя.
Праз некаторы час у Беларусі ў Сяргея і Вікторыі нарадзілася другое дзіця. За гэты час яны атрымалі від на жыхарства ў Беларусі, абзавяліся аўтамабілем, стаялі на чарзе на будаўніцтва жылля.
Сяргей ад сваёй дарожнай арганізацыі ездзіў на працы і ва Украіну — беларускія дарожнікі актыўна дапамагаюць у гэтай краіне ў будаўніцтве дарог.
Праз некаторы час Сяргея заўважылі прадстаўнікі дарожнай кампаніі ва Украіне і запрасілі на працу да сябе, абяцалі заробак «нашмат вышэйшы» і пасаду начальніка аддзела.
Вяртацца адразу не вырашаліся, бо дзіця было маленькае.
Аднак зразумеўшы, што далейшага прафесійнага росту не прадбачыцца, Сяргей з Вікторыяй вырашылі вяртацца, хоць па беларускіх мерках у Сяргея быў нядрэнны прыбытак — тыя самыя, запаветныя «папяцьсот».
«Але пяцьсот долараў у 2014 годзе і 500 долараў цяпер у Беларусі — вялікая розніца», — кажа Вікторыя.
«Перспектыў няма. За 5 гадоў, як па мне, дык у Беларусі стала горш», — лічыць Сяргей.
У цэлым Сяргей і Вікторыя засталіся ўдзячныя Беларусі за магчымасць жыць тут 5 гадоў.
«А людзі розныя і ў Беларусі, і ва Украіне. Былі такія, якія нам дапамагалі, ёсць і такія, з якімі не знайшлі агульную мову. Агульныя ўражанні: Беларусь — краіна для жыцця, жыць у ёй добра, але зарабляць лепш у іншым месцы.
А ў плане бяспекі, у плане сацыяльнай дапамогі пры нараджэнні дзяцей — у Беларусі на ўзроўні. Ва Украіне дапамога на дзіця да 3 гадоў 30 долараў. У гэтым плане тут цяжэй», — кажа Вікторыя.
Сяргей кажа, што з Беларусі ўжо з'ехалі многія знаёмыя ўцекачы-украінцы — хто ва Украіну, хто ў Расію.
«У міграцыйнай службе так і сказалі, што мы ледзь ці не апошнія ўкраінцы, хто з'язджае з Драгічына», — кажа Сяргей.
«Але я асабіста не шкадую пра гэтыя 5 гадоў у Беларусі. Для нас тады было галоўным — выратавацца ад вайны. І жылі мы тут годна, і дзіця нарадзілі, і вучылі дзяцей ... » — кажа Вікторыя.
Дарэчы, старэйшая дзяўчынка Сяргея і Вікторыі за гэтыя гады стала адчуваць сябе беларускай, вывучыла беларускую мову, а вось украінскіую ёй цяпер прыйдзецца вучыць у школе ў Кіеве.
1reg.by