Улады ў Іране заяўляюць, што не аддадуць «Боінгу» знойдзеную чорную скрыню

Кіраўнік упраўлення грамадзянскай авіяцыі Ірана заявіў, што Іран не прадаставіць «Боінгу» чорную скрыню з украінскага самалёта, які разбіўся 8 студзеня. Пра гэта паведаміла іранскае афіцыйнае інфармагенцтва Mehr, перадае Радыё Свабода.

10a81674_15e3_4fc8_b281_322d3ad410ae_w1023_r1_s.jpg

Пры гэтым агенцтва Reuters са спасылкай на дзяржаўнае тэлебачанне паведамляе, што былі знойдзеныя дзве чорныя скрыні з авіяляйнера.
Па словах неназванага чыноўніка, абедзве скрыні пашкоджаныя, але інфармацыю па іх можна атрымаць. Украінскі «Боінг» разбіўся адразу пасля ўзлёту з міжнароднага аэрапорта Тэгерана 8 студзеня.
Што вядома на момант публікацыі:
Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6.10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, знік з радараў праз некалькі хвілінаў пасля ўзлёту.
Усе на борце загінулі. На рэйс купілі квіткі 168 чалавек, але, паводле папярэдніх звестак, на борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу.
Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швецыі, 4 — Афганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністр замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
Паводле папярэдніх звестак іранскага боку, самалёт разбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка. МАУ перадавала, што цяпер у Іране версіі тэракту або ракетнай атакі выключаюцца, але пазней выдаліла гэты сказ з прэс-рэлізу. У інтэрнэце ж распаўсюджваюцца розныя чуткі пра магчымую сувязь катастрофы з канфліктам Ірану і ЗША — ніякіх афіцыйных заяваў пра такую сувязь не было.
Расследаванне маюць правесці ўлады Украіны і Ірану, кампанія Boeing. МАУ супрацоўнічае з украінскімі ўладамі, каб высветліць прычыны катастрофы.
Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў планавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 года. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілотаў.
Паводле svaboda.org