Ноччу Іран здзейсніў ракетны ўдар па аб'ектах ЗША у Іраку

Іран выпусціў больш за 10 балістычных ракет па аб'ектах ЗША ў Іраку 8 студзеня каля 1.30. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у адказ на гэта сказаў, што «ўсё нармальна» і паабяцаў пазней зрабіць заяву ў сувязі з абстрэламі.

farsnews.com

farsnews.com

Пра начны ўдар распавёў афіцыйны прадстаўнік Пентагона Джонатан Хофман, перадае CNN.
Мэтай удараў былі авіябаза Айн аль-Асад на захадзе Іраку і аб'ект у Арбіл, дзе знаходзяцца вайскоўцы ЗША. Па папярэдніх дадзеных, пацярпелых сярод людзей няма.
Адказнасць за атаку ўзяў Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР), перадае Press TV.
Кіраўнік МЗС Ірана Джавад Зарыф заявіў, што дзеянні Ірана — суразмерная мера самаабароны. Паводле яго слоў, Іран нанёс удар у адказ у адпаведнасці з артыкулам 51 Статута ААН пасля «баязлівага нападу на іранскіх грамадзян і высокапастаўленых чыноўнікаў».
Іран перасцярог «ад любых далейшых ваенных авантур на свой адрас». Пра гэта заявіў пастаянны прадстаўнік Ірана пры ААН Маджыда Тахт-Раванчы ў лісце генсеку і Савету Бяспекі ААН. Тэгеран патрабуе, каб Савет бяспекі выступіў з асуджэннем дзеянняў ЗША.
Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі заявіў пра гатоўнасць Тэгерана нанесці ўдар па любой дзяржаве, якая вырашыць прадаставіць дапамогу ЗША для нападу супраць Ірана. Там таксама распавялі, што аперацыя на тэрыторыі Ірака насіла назву «Мучанік Сулейману».
Пасля нападаў у Белым доме ў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пачалася нарада, на якую прыбылі міністр абароны ЗША Марк Эспер і дзяржсакратар Майк Пампеа, які праз канфлікт паміж ЗША і Іранам адклаў свой запланаваны на 4 студзеня візіт у Беларусь. Трамп абяцаў зрабіць заяву з нагоды іранскіх удараў днём.
Як паведамлялася, 3 студзеня ЗША нанеслі чатыры ракетных удары па ваеннай базе побач з міжнародным аэрапортам Багдада. У выніку загінуў камандзір элітнага падраздзялення «Аль-Кудс» Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) генерал-маёр Касем Сулеймані, які прыляцеў у Ірак для кансультацый з мясцовымі шыіцкімі групоўкамі.
Пазней Трамп заявіў, што ўдары былі нанесеныя па яго загадзе, а Сулеймані ён назваў «тэрарыстам нумар адзін у свеце», які «планаваў непазбежныя напады» на амерыканцаў. Ён таксама прыгразіў ударам па 52 аб'ектах у Іране ў выпадку атакі на амерыканцаў.
Дачка Сулеймані прыстрашыла ЗША хуткай помстай, а ўрад Ірана аб'явіў аб адмове ад апошніх абмежаванняў у рамках ядзернай здзелкі, заключанай у 2015 годзе, і гатоўнасці нанесці ўдар па амерыканскіх ваенных аб'ектах, паведамляе tut.by.
Таксама сёння раніцай стала вядома, што пра ўзлёце ў Іране разбіўся ўкраінскі самалет са 180 людзьмі на борце, якія загінулі. Аднак сувязь паміж катастрофай і пускам ракет Іран адмаўляе. Прычынай крушэння назвалі выгаранне рухавіка.