Авіякампаніі адмяняюць рэйсы на Блізкі Усход і прыпыняюць палёты над Іранам і Іракам

Пасля крушэння ўкраінскага «Боінга» некалькі авіякампаній абвясцілі, што будуць пазбягаць паветранай прасторы Ірана, акрамя таго, перавозчыкі адмяняюць рэйсы на Блізкі Усход. Пра гэта паведамляе CNBC.

1565763173_1029350995_1.jpg

Аб прыпыненні палётаў над Іранам паведамілі Singapore Airlines, China Airlines, Lufthansa, а таксама Malaysia Airlines. Палёты ў Багдад спынілі Emirates і Flydubai.
Па дадзеных Bloomberg, маршруты змянілі Air Canada і Srilankan Airlines. Як піша Reuters, рэйсы Урумчы — Тэгеран адмяніла China Southern Airlines. Не будзе лётаць над Іранам і Іракам Air France, перадае CNN.
Расавіяцыя рэкамендавала расійскім авіякампаніям не здзяйсняць палёты ў паветранай прасторы Ірана, Ірака, Персідскага і Аманскага заліваў, пішуць «Ведамасці».
Маршруты таксама памяняюць «Уральскія авіялініі» і S7, перадае ТАСС.
Самалёты «Белавія» будуць часова аблятаць тэрыторыю Ірана і Ірака, інфармуе Еўрарадыё са спасылкай на прэс-службу авіякампаніі. Адзіны рэйс (чартарны), які «Белавія» выконвае над тым рэгіёнам — Мінск — Дубай. Самалёт лётае раз на тыдзень. Бліжэйшы рэйс запланаваны на пятніцу, 10 студзеня.
Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6.10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, знік з радараў праз некалькі хвілінаў пасля ўзлёту.
Усе на борце загінулі. На рэйс купілі квіткі 168 чалавек, але, паводле папярэдніх звестак, на борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу.
Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швецыі, 4 — Афганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністр замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
Паводле папярэдніх звестак іранскага боку, самалёт разбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка. МАУ перадавала, што цяпер у Іране версіі тэракту або ракетнай атакі выключаюцца, але пазней выдаліла гэты сказ з прэс-рэлізу. У інтэрнэце ж распаўсюджваюцца розныя чуткі пра магчымую сувязь катастрофы з канфліктам Ірану і ЗША — ніякіх афіцыйных заяваў пра такую сувязь не было.