Беларускія палітвязні: погляд на праблему з Вашынгтону і з Мінску
Пытанні сітуацыі з беларускімі палітзняволенымі актыўна абмяркоўваліся падчас візіту ў Вашынгтон старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Па словах палітыка, праблема вызвалення людзей, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі па палітычным матывам, на сённяшні дзень з’яўляецца адной з самых важных на парадку дня ўзаемадачыненняў паміж Беларуссю і Захадам. (На здымку: Анатоль Лябедзька, Валянціна Аліневіч)
Пытанні сітуацыі з беларускімі палітзняволенымі актыўна абмяркоўваліся падчас візіту ў Вашынгтон старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Па словах палітыка, праблема вызвалення людзей, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі па палітычным матывам, на сённяшні дзень з’яўляецца адной з самых важных на парадку дня ўзаемадачыненняў паміж Беларуссю і Захадам.
(На здымку: Анатоль Лябедзька, Валянціна Аліневіч)
Як адзначыў на прэс-канферэнцыі 22 верасня Анатоль Лябедзька, ён ехаў у Вашынгтон з пасланнем не толькі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, але і іншых дэмакратычных структур краіны.
“Сутнасць паслання ў наступным: пытанне нумар адзін сённяшняга дня – гэта вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітычных вязняў. Другое пытанне – справядлівыя выбары, і трэцяе
– магчымасць распрацоўкі нейкага “плана Маршала па эканамічнай і фінансавай дапамозе для Беларусі. Але трэцяга без першага і другога не будзе, - падкрэсліў
старшыня АГП.
Па словах палітыка, сёння неабходна вызначыць канчатковы спіс палітвязняў, бо ў гэтым разыходзяцца нават праваабарончыя арганізацыі. “Я ўзяў на сябе ініцытыву, мы сфармуліравалі такі спіс,
таму што, напрыклад, кангрэсмен Шымкус паабяцаў напісаць ліст кожнаму вязню асабіста. У нас атрымліваецца 14 чалавек. Было вельмі важна падкрэсліць, што палітычныя вязні – гэта не толькі
тыя, хто праходзіць па справе 19 снежня. Я прыводзіў справу Дашкевіча і Лобава, справу Аліневіча, Францкевіча, Дзядка і Васьковіча, якія, на мой погляд, таксама поўнасцю падпадаюць пад вызначэнне
палітычных вязняў, справу Аўтуховіча, які і зараз знаходзіцца ў вязніцы. Гэты ўвесь спіс у Шымкуса, таму я думаю, што кожны з гэтых людзей атрымае асабістае пасланне, - адзначыў Анатоль Лябедзька.
– Ужо зараз кіраўнік падкамітэта па справах Еўразіі Дэн Бертан праз амбасаду Беларусі ў Вашынгтоне накіроўвае пасланне на імя Аляксандра Лукашэнкі пра вызваленне ўсіх вышэй згаданых людзей.
Сенатар Маккейн заявіў, што будзе рыхтаваць спецыяльны выступ на гэтую тэму на пасяджэнні Сената.
Як паведаміў старшыня АГП, у офісе віцэ-прэзідэнта США Байдэна гэтая сітуація таксама абмяркоўвалася, і галоўны дарадца Байдэна падкрэсліў важнасць дабіцца менавіта рэабілітацыі зняволеных, каб яны
змаглі займацца грамадскай і палітычнай дзейнасцю. Што да свабодных выбараў, то, як зявіў Лябедзька, для апазіцыі непрымальны фармат “круглых сталоў з няясным парадкам дня, з
нявызначаным статусам людзей, якія прымаюць у гэтым удзел. “Толькі прамыя перамовы па справядлівых выбарах, - адназначна падкрэсліў палітык.
Фёдар Мірзаянаў
Выступіла на прэс-канферэнцыі і маці Ігара Аліневіча Валянціна Аліневіч. Яе сына асудзілі па “справе анархістаў і прыгаварылі да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага
рэжыму за акцыю каля Генеральнага штаба беларускіх узброеных сіл. “Такія рэчы, якія адбыліся з маім сынам і тымі людзьмі, якія праходзілі па яго справе, тое, што адбылося і з людзьмі, якія
праходзілі па “справе 19 снежня, не могуць застацца па-за ўвагаю ўсёй грамадскасці, - лічыць Валянціна Аліневіч. - У першую чаргу, кожны чалавек павінен падумаць аб тым, што калі
зараз ён гэта не асэнсуе, то наступным разам гэта будзе ён сам, яго дзеці і яго сям’я. Ад самага пачатку тое, што адбывалася з маім сынам, не адпавядала законным працэдурам і чалавечым
каштоўнасцям. Калі пачаліся арышты перад выбарамі, калі загінуў Алег Бябенін, Ігар адразу звязаў гэта з перадвыбарчымі мерапрыемствамі і выехаў у Маскву, каб адтуль дапамагаць сваім знаёмым і сябрам,
якія былі незаконна затрыманыя, у справе іх вызвалення. Ён не залёг на дно, а пачаў дзейнасць праз інтэрнет і кінуў выклік беларускім уладам. Менавіта за гэта яго пасярод белага дня (28 лістапада
2010 году – заўв. Г. К.) у Маскве скралі, гэта я ўбачыла ў той жа дзень у інтэрнеце. Можаце сабе ўявіць, што я адчувала ў наступныя суткі. Я ўвесь час узгадвала Віктара Ганчара, Змітра
Завадскага, Анатоля Красоўскага, якія калісці зніклі без вестак, і мы дагэтуль не ведаем, што з імі зрабілі. Я баялася толькі аднаго і маліла Бога, каб маё дзіця толькі не закапалі недзе па шляху з
Масквы ў Мінск. Я толькі праз суткі даведалася ад дзяжурнага адваката пра тое, што мой сын знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Ілля Васілевіч
Па словах Валянціны Аліневіч, да яе сына не пускалі адваката, сама яна месяцамі не атрымлівала ніякай інфармацыі. За апошні месяц жанчына атрымала толькі адзін ліст ад Ігара, ад яго не было ніводнага
тэлефанавання з калоніі. На думку Валянціны Аліневіч, яе сын знаходзіцца ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі.
Перад журналістамі выступілі і нядаўна памілаваныя Аляксандрам Лукашэнкам палітзняволеныя Фёдар Мірзаянаў ды Ілля Васілевіч – фігуранты “справы 19 снежня. Хлопцы заявілі,
што і пасля вызвалення не адчуваюць сябе ў бспецы. “Пасля вызвалення я адчуў поўную спустошанасць, - распавёў Мірзаянаў. – Я не думаў, што мяне могуць асудзіць, кінуць у турму. Усе
восем месяцаў я чакаў, што мяне адпусцяць. Мяне чатыры разы прымушалі пісаць прашэнне аб памілаванні, але ў рэшце рэшт адпусцілі без гэтага прашэння. Я не маю намеру заставацца ў Беларусі, гэта
небяспечна. Тыя людзі, што мяне пасадзілі, засталіся на волі, пры пасадах, некаторыя нават пайшлі на павышэнне. Перспектыў, што яны панясуць заслужанае пакаранне, ніякіх… Я збіраюся
атрымаць адукацыю за мяжой. Калі зменіцца рэжым, мы вернемся. Я і там буду працягваць займацца палітыкаю, мы распавядзем усім, што з намі тут рабілі.
З’ехаць збіраецца і Ілля Васілевіч. “Я не адчуваю сябе свабодным, гэта ўсё псеўдасвабода. Прэвентыўны нагляд дазваляе ў любы момант скласці тры адміністратыўныя пратаколы і
пасадзіць чалавека ў турму. Я не маю намеру заставацца ў Беларусі. А факты рэпрэсій мы апублікуем, калі будзем знаходзіцца ў бяспецы, - сказаў былы палітвязень.