Беларускія выбары паміж Захадам і Ўсходам
Асаблівасці прэзідэнцкіх выбараў–2010 толькі падкрэсліваюць яе тыповасць як мадэлі аўтарытарных і таталітарных палітычных сістэм. З найбольшай рэльефнасцю гэтыя асаблівасці высвечваюць
уплыў знешняга фактара, скіраванага ці на падтрымку такіх рэжымаў, ці на іх дэмантаж. У нас скрыжаваліся абедзве тэндэнцыі.
Калідор пагроз
Гітлераўская таталітарная сістэма пацярпела крах пасля паразы ў гарачай вайне. Савецкая — пасля паразы ў вайне халоднай. І менавіта на сколку савецкай сістэмы аднавілася беларуская мадэль
аўтарытарызму (вертыкаль). Не без дапамогі новай-старой расійскай кіроўнай эліты.
Заходняга ўплыву падчас першай постсавецкай хвалі дэмакратызацыі не хапіла, каб пераадолець геапалітычную перавагу расійскага ўплыву.
Але, як гэта ні парадаксальна, абодва цэнтры ўплыву не адразу ўсвядомілі ўвесь маштаб новай геапалітычнай вагі Беларусі ў яе новай якасці — суверэннай незалежнай дзяржавы. Брусэль не
заўважыў небяспекі «апошняй дыктатуры ў Еўропе» для ўстойлівасці ўсёй еўрапейскай дэмакратычнай канструкцыі. Масква — памкненняў новага беларускага ўладара не толькі
пазбавіцца ад васальнай залежнасці, але і прарвацца на крамлёўскі пасад.
Гэта неразуменне і стварыла для А. Лукашэнкі калідор магчымасцей для манеўра, для інтрыгі, для бясконцых клятваў у дружбе — у адзін бок, варожых выпадаў — у другі. Да заклікаў аб
стварэнні саюзнай з Расіяй дзяржавы і рэальным курсам на самаізаляцыю ад Захаду. Для лавіравання паміж імі. І на тым пратрымацца 16 гадоў з пралангацыяй на пажыццёвае ўладарства.
Адсюль і перамены знешнепалітычнага курса як з боку Захаду, так і з боку Расіі, хаця і з супрацьлеглым зместам: Захаду — ад палітыкі ізаляцыі да дыялога, Расіі — ад палітыкі
братэрства і эканамічных прэферэнцый да нафтагазавых і інфармацыйных войнаў. І з рознымі мэтамі. Захаду патрэбна дэмакратызацыя Беларусі, што ўжо само па сабе з’явілася б гарантыяй
стабільнасці ў цэнтры Еўропы. Расіі ж Беларусь патрэбная як абсалютны яе палітычны сатэліт дзеля ажыццяўлення ўласных вялікадзяржаўных планаў. Адначасова глабальны фінансавы крызіс прымусіў і Захад,
і Усход пераацаніць эканамічныя выгоды ад супрацоўніцтва з Беларуссю. Аднак пры гэтым ва ўзмацненні геапалітычнай вагі Расіі, у тым ліку і за кошт поўнага падпарадкавання свайму ўплыву Беларусі,
Захад адчуў для сябе небяспеку.
Так Беларусь, ці не ўпершыню пасля трох тэрытарыяльных падзелаў канца XVIII стагоддзя, аказалася ў цэнтры глабальнай палітычнай гульні.
Сігналы слабасці
А тут наспелі і прэзідэнцкія выбары. Пры ўсім тым абодва цэнтры ўплыву вымушаны ўлічваць сітуацыю ўнутры краіны, рэагаваць на падзеі і сігналы, якія сыходзяць з Беларусі. Не тое стагоддзе на двары,
каб адкрыта дыктаваць сваю волю сілай. Нават для аўтарытарнай Расіі. Для дэмакратычнага ж Захаду сілавы варыянт наогул выключаны.
Безумоўна, асноўнымі імпульсамі, на якія мусіць рэагаваць і Захад, і Усход, з’яўляюцца імпульсы з уладных структур. Але і сігналы ад апазіцыі, хаця і аслабленай рэпрэсіямі, нечага
вартыя.
Усім ужо зразумела, што беларуская мадэль выбараў ёсць цалкам імітацыйная мадэль, прызначэнне якой — надаць выгляд законнасці аднаасобнаму ўладару. Гэта не выбары прэзідэнта Беларусі, а,
паводле з’едлівага сучаснага фальклору, выбары Лукашэнкі Беларусі.
Але менавіта дзеля прызнання найперш Захадам сваёй улады легітымнасці, і выключна пад уплывам Захаду, А. Лукашэнка і пайшоў на касметычную лібералізацыю выбарчай сістэмы.
Калі выбары не выбары, а палітычная барацьба, то натуральна, што і беларускае грамадства, і Захад чакалі ад апазіцыі высілкаў да кансалідацыі, да вылучэння адзінага кандыдата. Менавіта гэта выразна
вызначыла водападзел і зрабіла б зразумелым для насельніцтва сэнс і мэты палітычнага супрацьстаяння.
Усю небяспеку для сябе пры такім развароце падзей добра зразумела ўлада і дала зялёнае святло на рэгістрацыю ўсіх 9 кандыдатаў, растварыўшы такім чынам іх імёны ў агульным катле.
Не варта папракаць апазіцыю за слабасць. Але варта крытыкаваць за тое, што яна магла зрабіць, аднак не зрабіла. Трапіла ў пастку амбіцый лідараў. Не здолела выпрацаваць імунітэт супраць бацылаў
аўтарытарызму, вірусаў варожасці і хлусні, звадак і расколаў ва ўласным асяродку.
У грамадстве, наскрозь пранізаным ілжой аўтарытарнага рэжыму, адзінай моцнай зброяй апазіцыі ёсць маральнасць, шчырасць памкненняў, праўда ў слове і паводзінах.
Відавочна, што кампанія 9 апазіцыйных кандыдатаў мае і пазітыўныя вынікі. Найперш сваім інфармацыйным і эмацыйным уплывам праз выступы ў прамым эфіры, і асабліва ў тэледэбатах, дзе ўсе кандыдаты
спрацавалі адзінай камандай, звярнуліся да грамадства па сутнасці з адзіным пасланнем: мы ўсе — апазіцыя існуючай палітычнай сістэме, дзейнаму начальніку дзяржавы. На вачах развеяўся
створаны прапагандай міф: «а хто замест яго». Аказваецца, ёсць. Здольныя і адэкватныя, адукаваныя і прывабныя. Розныя, на любы густ. Развеяўся і другі міф пра адсутнасць у апазіцыі
канструктыўнай праграмы.
З вуснаў кандыдатаў публічна прагучала столькі крытыкі і ў такіх адкрытых фармулёўках, колькі грамадскасць не чула за ўсе 16 гадоў. І за якія яшчэ ўчора прыцягвалі да суду, штрафавалі і адпраўлялі па
этапу па наўмысна прыдуманым артыкуле за абразу гонару. За якія арыштоўвалі тыражы газет і зачынялі газеты.
Свабоднае слова, пікеты, сходы, мітынгі і шэсці ў забароненых яшчэ ўчора месцах адчувальна разрэдзілі атмасферу страху, паднялі градус грамадскай актыўнасці. Аднак, вельмі б хацеў памыліцца, не
настолькі, каб безыменная дзявятка апазіцыйных кандыдатаў магла зламаць жалезны ўладны сцэнар падліку галасоў. 9 апанентаў у беларускіх умовах — гэта несур’ёзна і для Захаду, і для
Усходу.
Заходні вектар
Адсутнасць адзінага, няздольнасць дэмакратычных сілаў да аб’яднання з’явілася дадатковай прычынай, якая паўплывала на змену прапорцый у стасунках Захаду з апазіцыяй і ўладамі на
карысць апошняй. З разлікам паспрабаваць наўпрост уздзейнічаць на палітыку Мінска. А вось дзеля чаго?
Дзеля прагматычных эканамічных выгод? Наўрад ці гэты матыў — асноўны. Хутчэй, дзеля лібералізацыі беларускай эканомікі — матывацыя афіцыйна агучаная Брусэлем. Але не цаной адыходу,
як папракалі ЕС некаторыя беларускія палітыкі, ад прынцыпаў каштоўнасцей. Вернасць ім, пацвярджэнне гатоўнасці ЕС да аднаўлення базы дамоўленасцей з Беларуссю толькі пры ўмове, калі Мінск зробіць
крокі ў бок выканання прынцыпаў дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права, — гучаць пастаянна з вуснаў усіх еўрапейскіх палітыкаў, на ўсіх узроўнях.
Але ніхто не адмяняў тайнай дыпламатыі. І не выключана, што А. Лукашэнка атрымаў нейкі пакет прапаноў па лібералізацыі палітычнай сістэмы Беларусі пад тыя ці іншыя гарантыі для сябе. Ва ўсялякім
разе, асцярожная і размытая фраза аб нейкім пераходным плане, даведзеным да беларускіх улад, прагучала з вуснаў еўракамісара Штэфана Фюле на яго прэсавай канферэнцыі па выніках візіту ў Мінск.
Але пайсці на сапраўды свабодныя выбары, а значыць, рэальна рызыкаваць стратай пасады, немагчыма для Лукашэнкі. «Может быть, я только сейчас готов исполнять президентские полномочия в полном
объеме, — душэўна дзяліўся ён сваімі думкамі з трыбуны Усебеларускага сходу, — потому что, еще раз подчеркиваю, я знаю весь мир».
Усходні вектар
Дзеля захавання сваёй улады А. Лукашэнка зноў развярнуўся ў бок расійскага кіраўніцтва. Ці яго развярнулі? Здаўся на яго міласць? І на якіх умовах? Ці наогул без умоў? Сустрэча беларускага кіраўніка
з прэзідэнтам Расіі Мядзведзевым і дасягнутыя імі дамоўленасці для бальшыні грымнулі як нечаканасць.
Але ці сапраўды нечаканасць. А можа, усё ж падрыхтаваная нечаканасць, вынік паспяхова рэалізаванага плана? Ва ўсялякім разе, для ўважлівага наглядальніка не засталося незаўважаным, як сцішылася хваля
інфармацыйнай вайны. Што ўжо на сустрэчы спадара Нарышкіна, кіраўніка спраў Адміністрацыі расійскага прэзідэнта, з беларускімі журналістамі, прагучала гатоўнасць Масквы дараваць свайму беларускаму
візаві яго выпады. Услед за Нарышкіным прагучала і паблажлівае ад Пуціна — наконт хатняй сваркі паміж родзічамі.
Гэта тлумачэнне сталася вельмі папулярным пасля маскоўскага прымірэння. Лукашэнка атрымаў палітычны падарунак не толькі пад выбары, але і эканамічны на доўгі час пасля выбараў — прэферэнцыі
па нафтавых мытах і цэнах на газ. Па розных ацэнках — ад 2 да 4 мільярдаў долараў у год. (не восем, што былі, але можна пратрымацца і пазбавіцца ад боязі сацыяльнага выбуху).
Стала відавочнай канчатковая мэта інфармацыйнай вайны, разгорнутай Масквой супраць Мінска, — не мадэрнізацыя, не сапраўдныя дэмакратычныя перамены, пра што не раз заяўлялася, а
«укрощение строптивого», прывядзенне яго да васальнай залежнасці. І ўсе ранейшыя папярэджванні спісаны як адпрацаваны хлам. У тым ліку і вось гэта выказванне прэсавага сакратара
расійскага прэзідэнта: «Лукашенко сделал невозможным возврат к прежним отношениям».
Але дастаткова перагарнуць старонкі гісторыі, каб упэўніцца, што аўтарытарныя рэжымы не маюць незваротных кропак, маральных абмежаванняў, пачуцця годнасці. І толькі сапраўды дэмакратычная Расія, калі
яна такой стане, не будзе ўяўляць сабой пагрозы незалежнасці Беларусі. Пакуль што гэтая пагроза толькі ўзрасла.
Зразумела, што А. Лукашэнка не змірыцца з роляй васала. Невыпадкова ж на Усебеларускім сходзе з яго вуснаў зноў прагучалі туга па СССР і ідэя аднаўлення нейкага цэнтра сілы на нашай на славянскай, на
беларускай зямлі. Але перамога яго пірава, як на маскоўскім напрамку, так і ў Беларусі.
Хутчэй за ўсё, адпаведныя лічбы за абранне Лукашэнкі на чарговы тэрмін будуць намаляваныя, як заўсёды. І мы не ведаем, якой на гэты раз будзе Плошча. Плошчай надзеі, пачаткам пераможнага руху да
хуткіх перамен? Але ведаем дакладна, што гэты яперамены можам ажыццявіць толькі мы самі. І ніхто — ні Захад, ні Усход — не можа зрабіць гэта за нас.