Беларуская мова ў Беларусі дыскрымінуюцца ўсё больш
Апрылюднены агляд парушэнняў моўных правоў, які падрыхтавала асацыяцыяй «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў».
![Фота Арыны Сянькевіч Фота Арыны Сянькевіч](/img/v1/images/fota_aryny_sjankevicz_4_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Арыны Сянькевіч
Гэты агляд дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце за першую палову 2022 года быў зроблены па адкрытых крыніцах, таму што “ад палітычнага крызісу 2020 года ў Беларусі немагчыма атрымаць афіцыйныя статыстычныя звесткі або правесці поўнамаштабнае незалежнае сацыялагічнае апытанне, у тым ліку па пытаннях мовы”, гаворыцца з аглядзе.
Замацаваная заканадаўствам роўнасць моваў не выконваецца беларускай дзяржавай, відавочная перавага надаецца рускай мове, у сувязі з чым існаванне беларускай мовы знаходзіцца пад пагрозай знішчэння ў розных сферах яе функцыянавання, адзначаюць аўтары агляду.
Адбываецца русіфікацыя адукацыі, улады забараняюць выставы і канцэрты, закрываюць незалежныя кніжныя выдавецтвы і крамы, фарміруюць спісы экстрэмісцкіх матэрыялаў беларускамоўных кніг, а мова дзяржаўнага справаводства, як і мова арміі — руская.
Прапануем вынікі гэтага агляду.
![photo_2022_07_20_10.08.03.jpeg photo_2022_07_20_10.08.03.jpeg](/img/v1/images/photo_2022_07_20_10.08.03.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У лютым 2022 г. стала вядома, што адміністрацыя папраўчай калоніі №3 ціснула на асуджанага па арт. 391 («Абраза суддзі») і арт. 415 («Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі») Крымінальнага кодэксу Беларусі (далей — КК) і прызнанага 10.02.2021 г. палітзняволеным Валадара Цурпанава і пакарала яго карцарам з-за таго, што ў папраўчай калоніі ён сам размаўляў па-беларуску і патрабаваў таго ж ад супрацоўнікаў. Таксама не былі задаволены адміністрацыяй калоніі хадайніцтва Цурпанава аб падрыхтоўцы дакументаў па яго крымінальнай справе (арт. 415 КК) у суд на беларускай мове. Падчас разгляду крымінальнай справы судом Віцебскага раёна 20 красавіка 2022 г. не было задаволена хадайніцтва Цурпанава, каб працэс вёўся па-беларуску.
На мерапрыемстве дзяржаўнага значэння — рэферэндуме, які адбыўся 27 лютага 2022 года — камісіі не мелі бюлетэняў на беларускай мове.
У лютым на стэндах бібліятэк, аформленых да Дня беларускай мовы, магло не быць ніводнай кнігі на беларускай мове. А ўсе сем ролікаў, што дэманструюць турыстычны патэнцыял Беларусі ў цэлым і кожнай вобласці ў прыватнасці, створаных Нацыянальным агенцтвам па турызме ў першую чаргу для саміх беларусаў (паводле слоў начальніка аддзела маркетынгу), мелі толькі рускую і англійскую версіі.
З атрыманага ў лютым 2022 г. ліста асуджанага па арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») Алега Кулешы (прызнаны палітвязнем 15 чэрвеня 2021 г.) адміністрацыя папраўчай калоніі №2, у якой ён адбывае пакаранне, праводзіла тлумачальныя мерапрыемствы, каб данесці, што ў папраўчай установе трэба размаўляць выключна па-руску.
10 сакавіка 2022 г. мастакі Алесь Цыркуноў і Віталь Борыс былі арыштаваныя на 15 содняў у памяшканні Мінскага гарадскога суда за тое, што размаўлялі па-беларуску. У суд яны прыйшлі, каб падтрымаць мастака Алеся Пушкіна, якога 30 сакавіка 2022 года суд прызнаў вінаватым па артыкулах 130 («Здзек з дзяржаўных сімвалаў») і 370 («Распальванне варожасці») КК і прыгаварыў яго да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму (Алесь Пушкін прызнаны палітвязнем 6 красавіка 2021 г.). Пры сабе яны таксама мелі выявы дзяржаўнага гербу Пагоня.
У сакавіку 2022 г. са сваёй пасады быў звольнены выкладчык фізічнай культуры фізічнага факультэта БДУ Сяргей Моўчан праз тое, што пачаў весці свае заняткі па-беларуску.
У красавіку 2022 г. дырэктар вытворцы лікёра-гарэлачных вырабаў Гомельскага лікёра-гарэлачнага завода «Радамір», у адказ на запыт юрыста і праваабаронцы Ігара Случака пазначаць сваю прадукцыю на беларускай мове, адказаў адмовай, спаслаўшыся на вялікую распаўсюджанасць у Беларусі рускай мовы.
Журналіст Яўген Меркіс адзначае, што не ва ўсіх крамах г. Гомеля прадаўцы жадаюць абслугоўваць пакупнікоў, якія звяртаюцца да іх на беларускай мове. Такія ж выпадкі сустракаліся і з лекарамі.
14 красавіка Міністэрства інфармацыі прыпыніла на 3 месяцы дзейнасць выдавецтва «Медысонт», 18 красавіка — выдавецтва «Галіяфы», 13 траўня — выдавецтваў «Лімарыус» і «Кнігазбор». Прычына прыпынення дзейнасці незалежных выдавецтваў ва ўсіх адна і тая ж: «Своечасова не звярнуліся ў Міністэрства інфармацыі з апавяшчэннем аб змене звестак, якія падлягаюць уключэнню ў дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў».
Пазначаныя выдавецтвы выпускалі кнігі пераважна па-беларуску.
16 траўня 2022 г. ГУБАЗІК зладзіў ператрус у новаадкрытай краме выдавецтва Янушкевіч «Кнігаўка», дзе прадаваліся кнігі пераважна на беларускай мове. 200 кніг былі адпраўлены на экспертызу па прыкметах экстрэмізму. Самога Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу выдавецтва, літаратурную аглядальніцу, блогерку Насту Карнацкую неаднаразова пакаралі арыштам.