Улада кажа, што беларусы — такія ж рускія, а Масква можа спытаць: навошта вам незалежнасць?

Неўзабаве Масква можа прапанаваць беларускім уладам: далучайцеся, будзеце паўночна-заходняй федэральнай акругай Расii, калі вы частка рускага свету, разважае Валерый Карбалевіч.

Палітолаг Карбалевіч кажа пра магчымую пагрозу знішчэння беларускай мовы.

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў апублікаваў агляд парушэнняў моўных правоў у Беларусі з 1 студзеня па 30 чэрвеня 2022 года. Вынікі несуцяшальныя: беларуская мова знаходзіцца пад пагрозай знішчэння ў розных сферах яе функцыявання.

Пісьменнікі фіксуюць: у Беларусі адбываецца русіфікацыя адукацыі, улады забараняюць выставы і канцэрты, фарміруюць спісы экстрэміцкіх матэрыялаў з ліку беларускамоўных кніг.

Акрамя гэтага, заўважаецца дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце. Так, з БДУ быў звольнены выкладчык праз тое, што пачаў весці заняткі па-беларуску. Фіксуецца і ціск на палітзняволеных, якія ў калоніі размаўляюць на беларускай мове.

Палітолаг Валерый Карбалевіч адзначае, што ў рамках эвалюцыі аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны, усе незалежныя ад дзяржавы структуры палягаюць ліквідацыі.

— Лукашэнка казаў, што ўсе гэтыя незалежныя арганізацыі — «мярзотнікі». Вялізным сегментам, які падвяргаўся знішчэнню, з’яўляюцца структуры, якія падтрымлівалі культурныя беларускія працэсы: тут і Саюз пісьменнікаў, і Таварыства беларускай мовы, і іншыя. Сёння ў Беларусі яны аб’яўляюцца варожымі, бо незалежныя ад дзяржавы, — кажа эксперт у экспрэс-каментары «Салідарнасці».

З іншага боку, узяты курс на інтэграцыю з Расіяй, і таму прысутнічае ідэалагічная атмасфера «рускага свету», у рамках якой адбываецца тэндэнцыя дэбеларусізацыі і яднання з рускім светам.

Пры гэтым, Карбалевіч лічыць, што гэтыя з’явы не катастрафічныя, бо пры змене ўлады ў Беларусі ўсё можна аднавіць.

— Беларусізацыя ў грамадстве немагчымая без падтрымкі дзяржаўнай улады. Таму менавіта ўлада — галоўны чыннік працэсу нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Яна патрэбная дзеля таго, каб умацаваць беларускую дзяржаўнасць і незалежнасць.

Бо калі Лукашэнка ўвесь час кажа, што беларусы — гэта такія ж рускія, што мы адзін народ, тады ўзнікае натуральнае пытанне, якое можа падняць Масква: «Калі мы адзін народ, то навошта вам незалежная Беларусь? Далучайцеся, будзеце паўночна-заходняй федэральнай акругай Расii, калі вы частка рускага свету».

Нацыянальная індэнтыфікацыя — гэта важнейшая ўмова існавання нацыі і незалежнай дзяржавы. Таму гэта аб’ектыўная неабходнасць, якая ўзнікне перад краінай і уладай.

Толькі сіламі грамадскай супольнасці гэтую праблему вырашыць немагчыма. Гэта паказалі апошнія гады, калі ўлады практычна далі магчымасць грамадзянскай супольнасці развіваць беларускія этнакультурныя працэсы (тое, што было названа «мяккай» беларусізацыяй). Фактычна дзяржава ў гэтым не ўдзельнічала, але яна і не перашкаджала. Ну а цяпер, тыя арганізацыі, якія гэта рабілі, — фактычна ліквідаваныя.

 

Паводле gazetaby.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: