Беларуская мова — жыве і будзе жыць

Калі мы будзем падтрымліваць яе — родным словам ці рублём — і не спадзявацца на ўладу.

20160218100548drm_600x400.jpg

Напярэдадні Дня роднай мовы ўлады зрабілі беларускамоўным мінчукам ды гасцям сталіцы падарунак — на чыгуначным вакзале перарабілі галоўны вітальны надпіс з рускай мовы на беларускую ды англійскую.

Традыцыйна ўчыніўся вэрхал — а што б гэта значыла, а ці ўлады ўзяліся за беларусізацыю, а ці пасварымся з Расіяй, а ці пасябруем з Захадам і таму падобнае. Такі інфармацыйны шум уздымаецца штораз, калі ўлады зробяць нейкі рэверанс у бок беларускай мовы. Паказальна, што на шматлікія прабеларускія акцыі ды падзеі, ініцыяваныя грамадскімі актывістамі, рэакцыя значна больш сціплая. Выходзіць, усё спадзяемся на ўладу? Чакаем, калі яна возьмецца за беларусізацыю — мяккую, жорсткую, хоць якую? А яна не возьмецца, як не бярэцца і зараз. Тое, што так у нас любяць называць «мяккай беларусізацыяй» — гэта міф.

Ніякай беларусізацыі з боку ўлады няма. Улады ці не робяць нічога, ці робяць выключна тое, да чаго іх змушае актуальная палітычная сітуацыя. Калі чыноўнікі сядзяць, склаўшы ручкі, на іх месца прыходзяць грамадскія актывісты ды прыватны бізнес.

Не знаходзіцца ў Міністэрства культуры сродкаў на пераклад папулярных фільмаў на беларускую мову — знойдзе Андрэй Кім з ініцыятывай «Кінаконг» ды арганізуе масавыя паказы ў кінатэатрах. Не бачыць міністэрства адукацыі патрэбы ў пазашкольным навучанні беларускай мове — убачаць стваральнікі «Мовы Нанова» і знойдуць для гэтага пляцоўку ды выкладчыкаў у 18 гарадах Беларусі.

Міністэрства інфармацыі не выдае пераклады адзінай беларускай Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч — перакладзе, выдасць ды яшчэ развязе па бібліятэках «Белгазпрамбанк». Міліцыя не рэагуе на інтэрнэт-аматараў абражаць беларускую мову — дзякуй юрысту Ігару Случаку, які заўжды гатовы абараніць родную мову ў судзе. Як мы бачым, і без удзелу ўлады шмат што робіцца. Робіцца паспяхова, цікава ды прыцягвае многіх новых людзей, якія раней беларускай мовай ды культурай і не цікавіліся.

Дрэнна становіцца якраз тады, калі чыноўнікі спрабуюць запусціць свае рукі ў падобныя ініцыятывы і ўзяць іх пад кантроль — тады цэлы год не вешаецца юбілейная дошка БНР, а бібліятэкары пачынаюць адмаўляцца ад дармовых кніг Святланы Алексіевіч.

Калі ўлады не робяць нічога — гэта дрэнна. Статыстыка яскрава паказвае вынікі бяздзейнасці ўлады: паводле даследавання BISS, у прамежак з 1995 па 2018 гады колькасць беларускамоўных дашкольнікаў у гарадах упала з 68,9% да 2,3%. Статыстыка датычна беларускамоўных студэнтаў і школ не лепшая. Расплочвацца за гэтую бяздзейнасць і аднаўляць ранейшыя пазіцыі па беларускамоўнай адукацыі давядзецца не адзін год. Аднак прынамсі дыягназ нам вядомы, лячэнне зразумелае, і апошнія пару гадоў, дзякуючы намаганням грамадзянскай супольнасці ды ініцыятыўным бацькам, сітуацыя пачала трошкі выпраўляцца.

Але калі ўлады робяць нешта прабеларускае, азіраючыя на палітычную рэчаіснасць, гэта, мажліва, нават горш. Палітычная сітуацыя часта змяняецца: перамовы з Пуціным некалі могуць апынуцца больш выніковымі, чым лютаўскія, і рускамоўны надпіс у той жа дзень вернецца на ўваходныя дзверы мінскага вакзала, а беларускамоўны заляжа недзе на складзе да лепшых часоў.

images_1_15.jpg


Відавочна палітычны падтэкст маюць і нядаўна апублікаваныя вынікі апытання, праведзенага Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры адміністрацыі кіраўніка дзяржавы. З іх вынікае, што беларускую мову лічаць роднай 48% жыхароў Беларусі, а рускую — 43%. Што сказаць, вельмі зручныя лічбы: калі стасункі з Расіяй не будуць ладзіцца, на любыя абвінавачванні ў русафобіі можна смела заяўляць: дык у нас для большасці беларуская мова родная. Калі ж наадварот, улады могуць гаварыць: не будзем крыўдзіць амаль палову насельніцтва, для якіх родная мова — руская.

Цяперашняй уладзе, схільнай да маніпуляцый, верыць нельга. Гэта нават небяспечна, бо, чакаючы ўяўнай беларусізацыі, можна ўпусціць каштоўны час. Калі мы хочам беларускасці — варта верыць і спадзявацца толькі на сябе. І рабіць што хто можа.

Аддаць дзіця ў беларускамоўную школу, хаця рускамоўная, можа, і бліжэй да дому. Падпісацца на беларускамоўную газету, хаця рускамоўная, можа, і крыху таннейшая. Схадзіць на беларускамоўны фільм у кінатэатр, хаця, мажліва, яго паказваюць і не ў самы зручны час. Зрэшты, пазначыць беларускую мову роднай і мовай зносін падчас перапісу насельніцтва ў кастрычніку 2019-га, хаця, можа быць, размаўляць па-беларуску — гэта толькі ў вашых планах.

Без нашых высілкаў і ахвяраў (не такіх ужо і вялікіх, праўда?) нічога не будзе. Зразумела, што прасцей ціха сядзець і чакаць, калі ўлады прынясуць беларускую мову на сподачку. Але чакаць такой міласці ад людзей, якія дзесяцігоддзямі для беларушчыны нічога не рабілі, не выпадае.