У Купалаўскім тэатры чорна-белае кіно загучала па-беларуску
Чарговы сезон «Беларускіх уікэндаў», якія ладзяцца арганізатарамі праекта «Кінаконг» пры падтрымцы кампаніі velcom, распачаўся вечарынай чорна-белага кіно на камернай сцэне Купалаўскага тэатра.

Гэта было іміджавае мерапрыемства з абмежаванай колькасцю ўдзельнікаў. На імпрэзу былі запрошаны журналісты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, сябры і паплечнікі арганізатараў.


Перад прысутнымі выступіў заснавальнік «Кінаконга» Андрэй Кім і кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Мікалай Брэдзелеў. Паводле Андрэя, за час існавання «Кінаконгу» шэдэўры сусветнага кінематографа, агучаныя па-беларуску, праглядзела 57 тысяч чалавек. Пракат фільмаў розных жанраў — ад драмы да камедыі — праходзіў у шматлікіх гарадах краіны, а некаторыя з фільмаў увайшлі ў топ-пяцёрку мінскага кінапракату. У планах на бліжэйшы год шматгалосая беларуская агучка сагі «Валадар пярсцёнкаў», у якой будзе задзейнічаная вялікая колькасць прафесійных беларукіх акцёраў.

Мікалай Брэдзелеў заявіў, што ідэя «Беларускіх уікэндаў» яго кампаніі вельмі падабаецца і будзе падтрымлівацца. Больш за тое, у бліжэйшы час плануецца распачаць рэгулярныя беларускія паказы ў Гродна.
Цвіком праграмы стала прэм’ера ў беларускай агучцы кароткаметражнай стужкі «Пацверджанне» (Validation) Курта Куэна.

Пасля паказу Павал Харланчук, Сяргей Жбанкоў, Святлана Цімохіна ды іншыя беларускія акцёры на спецыяльным абсталяванні паказалі майстар-клас па агучцы фільмаў. Услед за імі прысутныя змаглі паспрабаваць агучыць фрагменты кінастужак самастойна.


Госці таксама змаглі паўдзельнічаць у размалёўцы керамічных талерак, якія ў кіношнікаў лічацца сімвалам паспяховага пачатку здымак, і пачаставацца арыгінальнымі ласункамі.
Фота аўтара