Беларускія школы будуць выхоўваць «дзяржаўных людзей»

«Прасцей за ўсё выбудаваць іерархію залежнасці чалавека ад дзяржавы ў школе, арміі і турме, — гаворыць юрыстка і праваабаронца Кацярына Дзяйкала. — Але калі ў войска, а тым больш у турму, трапляе далёка не кожны грамадзянін краіны, то праз школу праходзяць практычна ўсе».

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Рэпрэсіі — гэта не толькі палітычны пераслед, пазбаўленне волі, катаванні і злачынствы супраць чалавечнасці. У сучаснай Беларусі гэта частка паўсядзённай рэальнасці ў літаральным сэнсе для кожнага чалавека — прычым як дарослых, так і дзяцей.

І гаворка не толькі пра непаўнагадовых палітвязняў: на пачатак 2024 года налічвалася 8 беларусаў, якія не дасягнулі на момант затрымання 18 гадоў. Дадамо да гэтай лічбы дзяцей, якія вымушаныя расці без бацькоў — таму што рэжым адабраў іх і схаваў за краты. Тых, каму давялося з'ехаць з краіны — многім таксама без аднаго або абодвух бацькоў. Нарэшце, тых, хто застаецца ў Беларусі і чые правы і свабоды штодня парушаюцца.

Беларускія праваабаронцы расказалі пра гэтую сітуацыю ў літоўскім Сейме — з мэтай распаўсюджвання інфармацыі пра дзеянні рэжыму, якія парушаюць правы і інтарэсы дзяцей. Магчыма, у перспектыве даказаныя факты гэтых парушэнняў дазволяць прыцягнуць вінаватых да адказнасці праз механізм міжнароднага крымінальнага правасуддзя.

«Філін» даведаўся ў праваабаронцаў, якія маштабы таго, што адбываецца і ці магчыма гэтаму супрацьстаяць.


Глядзіце таксама

Школа як армія. Або турма

— З пункту гледжання правоў чалавека, дзеці праз сваю фізіялагічную і псіхалагічную няспеласць — адна з найбольш уразлівых груп, — кажа юрыстка-міжнародніца, экспертка Беларускага Хельсінкскага камітэта Кацярына Дзяйкала. — Дзеці, якія жывуць цяпер у Беларусі і чые бацькі не трапілі пад пераслед або трапілі, так скажам, у «лёгкай» ступені — нам здаецца, што з імі нічога асабліва страшнага не адбываецца. Насамрэч, гэта не зусім так.

Рэпрэсіі сталі часткай сістэмнай палітыкі дзяржавы, якая тычыцца ўсіх сфер грамадскага жыцця, у тым ліку і адукацыйнай палітыкі. Праз яе ўлады ўплываюць на фармаванне свядомасці дзяцей, прасоўваецца так званая расійская «мяккая сіла».

Праваабаронца нагадала: прасцей за ўсё выбудаваць іерархію залежнасці чалавека ад дзяржавы ў школе, арміі і турме, прычым у аўтарытарных рэжымах гэтыя інстытуты часта падобныя па функцыянаванні. Але калі ў войска, а тым больш у турму, трапляе далёка не кожны грамадзянін краіны, то праз школу праходзяць практычна ўсе.

Збольшага таму беларускія ўлады працягваюць «зачышчаць» адукацыйную сферу: пад прэсінг трапілі прыватныя дзіцячыя садкі (у Мінску закрыліся ўсе) і школы (іх засталося ўсяго 6 у краіне), цяпер справа дайшла да ВНУ (пакуль праблем няма толькі ў двух). А ўжо ў сваёй, дзяржаўнай, вотчыне ідэалагізацыя адукацыі ідзе поўным ходам.


Глядзіце таксама

— У нейкай ступені гэта было заўсёды, але за апошнія гады можна адзначыць два якасныя пікі, — гаворыць Кацярына Дзяйкала, — пасля 2020 года і асабліва з 2022-га, пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну і ўдзелу Беларусі як дзяржавы-суагрэсара.

«Патрыятызм» строгага рэжыму

— Спецыфіка рэжыму і частка яго рэпрэсіўнай палітыкі — вычварэнства, скажэнне рэальных сэнсаў і паняццяў. У беларусаў ужо алергія на словазлучэнне «патрыятычнае выхаванне». Насамрэч, нічога дрэннага ў ім няма, калі патрыятызм разумеецца ў нармальным значэнні гэтага слова. Але ў Беларусі не так.

У прыватнасці, нагадвае юрыстка, у «Кодэксе аб адукацыі» пасля 2020 года прапісана, што патрыятычнае выхаванне ажыццяўляецца «ў адпаведнасці з ідэалогіяй беларускай дзяржавы». А ў Канстытуцыі, перапісанай пад Лукашэнку і прынятай на «рэферэндуме» ў 2021 годзе, патрыятызм ужо пазначаны як «абавязак чалавека».

Нарэшце, у канцэпцыі прававой палітыкі, прынятай у 2023 годзе, патрыятызмам называецца здольнасць паставіць свае асабістыя інтарэсы ніжэй за дзяржаўныя. І гэта ўжо пазбаўленне свабоды выказвання — школьнікам у рамках «патрыятычнага выхавання», па сутнасці, не пакінулі выбару.

Падрыхтоўка розных падручнікаў і ўвядзенне новых факультатываў кшталту «патрыятызм і духоўнасць», удзел у «патрыятычных» акцыях, флэшмобах у падтрымку палітыкі дзеючага рэжыму, стварэнне ваенна-патрыятычных дзіцячых клубаў, разнастайныя мерапрыемствы на тэму «генацыду беларускага народа», удзел сілавікоў і прадстаўнікоў РПЦ у выхаваўчых мерапрыемствах — форм уздзеяння на дзяцей шмат, і з'яўляюцца ўсё новыя.

— Калі казаць пра ідэалагічныя кірункі такога «выхавання», можна выдзяліць два вялікія трэкі: антызаходніцтва і дыскрэдытацыя нацыянальнага кампанента, — канстатуе Кацярына Дзяйкала.

У дзяцей укараняюць дыхатомную мадэль успрымання знешняга свету: «свой — вораг», дзе «свой» — Расія і Беларусь, а «вораг» — Захад.

Выкарыстоўваюцца ўсе наратывы прапаганды адносна вайны: фармулёўка «спецыяльная ваенная аперацыя», сцвярджэнні, што па-іншаму было нельга, — усё гэта вельмі дэструктыўна ўплывае на дзіцячую псіхіку.


Глядзіце таксама

— Самавыяўленню з дапамогай беларускіх нацыянальных сімвалаў наўпрост перашкаджаюць, а іх самі ўсяляк прыніжаюць, пратэсты супраць рэжыму атаясамліваюць з дзеяннямі нацыстаў падчас Другой сусветнай вайны — гэта замацоўвае ў дзяцей ілжывыя ўяўленні пра сваю гісторыю і перашкаджае фармаванню нацыянальнай самасвядомасці.

Кропкава адбываюцца наогул абуральныя выпадкі — напрыклад, перадача ў школьны музей кувалды ПВК «Вагнера» з дароўным надпісам аднаго з наймітаў, удзел у «акцыі памяці» забітага расійскага ваенкара, або «суд над экстрэмізмам» у дзіцячым лагеры (!).

Усё гэта, падкрэслівае праваабаронца, не проста насаджэнне ідэалогіі, але парушэнне правоў дзіцяці — на адукацыю, на свабоду выказвання меркавання, грамадзянскіх, палітычных, культурных.

СНС як частка карнай сістэмы

Псіхолаг і праваабаронца Вольга Вялічка адзначае, што наступствы «ідэалагічнай апрацоўкі» ў школах будуць маштабнымі:

— У дзяцей начыста адбіваецца здольнасць да крытычнага мыслення, да бачання свету па-іншаму, да самастойных рашэнняў. А калі на інструктаж, што і як трэба рабіць, накладваецца наратыў пра тое, што цяпер вядзецца «свяшчэнная вайна» і «мы маем рацыю, астатнія няправыя» — гэта шырока адаб'ецца на дзецях, якія ў недалёкай будучыні стануць дарослымі, і абяцае немалыя праблемы.

Яшчэ адным магутным рэпрэсіўным інструментам, дадае псіхолаг, у Беларусі стала СНС — за 2023 год у «сацыяльна небяспечным становішчы» прызнаныя 23 706 дзяцей, або 11 528 сем'яў. І гэтая лічба шмат што гаворыць пра ўмяшанне дзяржавы ў беларускія сем'і — нярэдка тапорнае, неэфектыўнае, запозненае і, на жаль, часта — карнае.


Глядзіце таксама

Умяшанне дзяржавы ў выхаванне дзяцей актыўна падтрымлівае праваслаўная царква: з падачы Наталлі Качанавай дзіцячыя дамы цяпер змогуць адкрываць пры манастырах. А нядаўна з ініцыятывай выступіла МУС Беларусі, прапанаваўшы даць бацькам права здаваць дзяцей у «спецыяльныя закрытыя ўстановы» — маўляў, тут з цяжкімі падлеткамі справяцца, раз не змаглі выхаваць бацькі, выхавае дзяржава. А як «выхоўвае» аўтарытарная дзяржава, «Філін» расказаў вышэй.

— Разам з тым, трэба разумець, — кажа Вольга Вялічка, — што «старонка не перагорнутая» не толькі ў дарослых, але і ў дзяцей. Накіраваць іх па адным ідэалагічным трэку прапагандзе не ўдаецца. І кейс, калі ў красавіку 2024 года затрымалі шасцярых падлеткаў, у тым ліку дзяўчынку з Украіны, якія хацелі дапамагчы Украіне, відавочна гэта паказвае.

Выйсце (пакуль яшчэ) побач

— Маштабы ідэалагічнай апрацоўкі беларускіх дзяцей палохаюць. І калі ад мерапрыемстваў кшталту паходу ў кіно на «правільны фільм» або конкурсу малюнкаў у гонар 30-годдзя кіравання Лукашэнкі можна ўцячы, то не прыйсці на ўрок гісторыі ці школьную лінейку, дзе выступіць прадстаўнік Генпракуратуры, часцяком нельга.

Ці ёсць прававыя спосабы ў беларускіх бацькоў гэтаму супрацьстаяць або застаецца «партызаншчына»: размовы ў сям'і, пошук добрых настаўнікаў-рэпетытараў? — спытаў «Філін» у праваабаронцаў.

— Усё вельмі індывідуальна, беларуская сістэма шмат у чым будуецца на суб'ектыўных фактарах — часам рашэнні залежаць ад кіраўніцтва школы або класнага кіраўніка, — тлумачыць Кацярына Дзяйкала. — Камусьці з настаўнікаў можна сказаць, трошкі «пакачаць правы», і ён не будзе даносіць у вышэйшыя інстанцыі, іншы пойдзе і напіша.

Але прававыя інструменты пакуль яшчэ ёсць.

Факультатыў застаецца факультатывам, неабавязковым заняткам, пазавучэбная дзейнасць, якой няма ў школьным раскладзе, таксама не абавязковая.

Паралельна не варта забываць пра магчымасці звароту ў дзяржорганы. Мне здаецца, нават калі адбудзецца ядзерная вайна, адзінае, што будзе працаваць — гэта беларускі закон «Аб зваротах грамадзян». Можна пісаць у раённы аддзел адукацыі, і ў нейкіх момантах гэта таксама будзе працаваць.


Глядзіце таксама

Але чым далей ідзе час і сістэма закручвае гайкі, тым больш небяспекі з'яўляецца для вас гэта рабіць, калі за вамі нейкі шлейф пратэснай дзейнасці. І нават калі яго няма, людзі проста баяцца. Адказам на скаргі могуць быць пагрозы паставіць у СНС — гэта таксама частка цяперашняй рэпрэсіўнай палітыкі, калі бацькам пагражаюць дзецьмі, а дзецям — бацькамі.

Каб супрацьстаяць наратывам прапаганды, дадае юрыстка, грамадзянская супольнасць, у тым ліку актывісты па-за Беларуссю, могуць — і гэта нямала — прапаноўваць альтэрнатыву. Напрыклад, складзеныя з улікам школьнай праграмы РБ відэаўрокі і іншыя матэрыялы па грамадазнаўстве, гісторыі і г. д. — як мінімум для старшакласнікаў.

— Такая інфармацыя, даступная для школьнікаў і іх бацькоў, будзе сур'ёзнай дапамогай, каб не дазволіць укараніць у свядомасці маладых беларусаў гвалт, мілітарызацыю, права моцнага. Бо дзіця — гэта чысты ліст, і «перапісаць» тое, што ў яго ўжо ўклалі, вельмі няпроста.

Вольга Вялічка дае яшчэ дзве падказкі. Каб мінімізаваць уплыў прапаганды на сваіх дзяцей, можна напісаць заяву на навучанне па-беларуску — і гэта, хутчэй за ўсё, будзе індывідуальная праграма. Яшчэ адным нестандартным, але дзейсным спосабам можа стаць камунікацыя дзяцей і падлеткаў — тых, хто па-за краінай і ўнутры Беларусі. Жывыя аповеды і эмоцыі аднагодкаў, кажа экспертка, працуюць лепш за падручнікі і сустрэчы з дарослымі прапагандыстамі.