Беларускія ўлады — самі сабе геніі стратэгічнага планавання?
Хацелі беларускія ўлады перамагчы ў цэнавай вайне за ўгнаенні — і яны перамаглі. Праўда, у выніку гэтай перамогі Беларуськалій застаўся зусім без грошай, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі»
Раскажу сёння пра сумнае. І не буду за гэта прасіць прабачэння. Таму што ў гэтым сумным выдатна літаральна ўсё. Я нават не ведаю з чаго пачаць. Таму пачну з канца.
Вось у верасні асобныя экстрэмісты напісалі, што беларускія красаўцы затрымалі двух найблізкіх сяброў уладальніка расійскага Уралкалія Дзмітрыя Мазепіна. Але я тады нічога табе пра гэта не казаў, таму што не разумеў, «чаму» і «навошта». А ўчора ў мяне з'явіліся некаторыя смутныя падазрэнні.
Учора сёй-той прызначыў новага дырэктара Беларуськалію і сказаў, што таму трэба «з расіянамі перагаварыць, параіцца і працэнтаў на 10-11 знізіць здабычу (калію)».
І, як я цяпер падазраю, той арышт сяброў Мазепіна быў спробай прымусу да картэльнай змовы ў непаўторным карпаратыўным стылі беларускіх уладаў.
Ну як у 2013 годзе, калі Уралкалій ужо прымушалі да картэльнай змовы арыштам яго дырэктара Баўмгертнера. А пагадзіся, што з 2013 года вопыт прымусу да чаго-заўгодна ў беларускіх “красаўцаў” стаў значна разнастайнейшым.
Але цяпер не 2013 год. І сёй-той не ў тым становішчы, каб дазволіць сабе прымушаць да чагосьці расійскіх алігархаў. Баўмгертнер у 2013 годзе адседзеў тры месяцы, а сяброў Мазепіна ў 2024-м выпусцілі праз некалькі дзён.
Так што, як я сабе падазраю, з прымусам да картэльнай змовы ў гэты раз не задалося. Таму што, калі б задалося, то сёй-той быў бы значна весялейшым і больш упэўненым у сабе. Сёй-той у сябе ў тэлевізары ўжо адбудоўваў бы сусветныя калійныя рынкі, а не плакаўся, што пакупнікі не хочуць ацаніць яго ўгнаенні, як яны таго вартыя.
А пакупнікі сапраўды не цэняць. Цэны на калійныя ўгнаенні цяпер у чатыры разы ніжэйшыя, чым яны былі на піку ў 2022 годзе. А цэны на беларускія калійныя ўгнаенні ніжэйшыя наогул ці то ў шэсць, ці то ў сем разоў. Таму што беларускія калійныя ўгнаенні прадаюцца са значным санкцыйным абцяжараннем.
Але ведаеш, чаму цэны цяпер ніжэйшыя? Для гэтага ёсць шмат прычын. У 2022-м годзе, калій прадаваўся па спекуляцыйных цэнах. А цяпер гэтыя цэны вяртаюцца ў свой натуральны стан.
Але каб вярнуць цэны да натуральнага стану, беларускія ўлады вельмі пастараліся. Таму што, адваёўваючы сабе месца на рынку, яны ўвесь гэты час займаліся бессэнсоўным і бязлітасным дэмпінгам.
Хоць розныя разумныя людзі папярэджвалі, што нельга так рабіць. Што той, хто на рынак з дэмпінгам прыйдзе, той потым ад дэмпінгу і загіне.
Але навошта беларускім уладам слухаць разумных людзей, калі яны самі сабе геніі стратэгічнага планавання? І як бы “эксперты”, міністэрствы як бы “замежных спраў” ім напланавалі, што ў 2024 годзе калій будзе каштаваць на сусветным рынку ў сярэднім 425 долараў за тону. (Ён цяпер каштуе ў сярэднім 280 долараў за тону, а беларускі калій наогул менш за 200, але хто ж будзе спрачацца з як бы экспертамі як бы замежных спраў?).
І цяпер у як бы “экспертаў” ёсць іншы як бы “стратэгічны” план. Здабываць менш угнаенняў, каб угнаенні сталі больш цаніць. Але нават калі Уралкалій даруе спробу прымусу да картэльнай змовы і пагодзіцца прадаваць менш угнаенняў (я не бачу, навошта яму гэта рабіць, але ўсякае ў жыцці бывае) беларускія ўгнаенні ад гэтага даражэйшыя ўсё роўна не стануць.
Таму што свае ўгнаенні Беларуськалій прадае ў асноўным у Кітай. А Кітай апошнім часам купляў угнаенняў больш, чым яму трэба, і стварыў сабе вялікія запасы. Таму, калі беларускіх угнаенняў стане на 10 працэнтаў менш, то Кітай гэта перажыве. А вось Беларуськалію, з такімі коштамі, танней сапраўды закапаць угнаенні ў беларускай зямлі, чым везці іх у такую далеч.
Вось хацелі беларускія ўлады перамагчы ў цэнавай вайне — і яны перамаглі. Праўда, у выніку гэтай перамогі, Беларуськалій застаўся зусім без грошай… Таму што майстэрствам стратэгічнага планавання сёй-той вызначаўся задоўга да таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.