Берасцейцу, які быў побач з Шутавым, калі таго застрэлілі, пракурор просіць даць 10 гадоў

19 лютага ў Берасцейскім абласным судзе дзяржабвінаваўца папрасіў прысудзіць Аляксандра Кардзюкова, які 11 жніўня быў побач з Генадзем Шутавым, калі таго смяротна паранілі ў галаву, да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Шутава пракурор просіць прызнаць вінаватым у супраціве — і вынесці прысуд без прызначэння пакарання.

Фота: Раман Кісляк

Фота: Раман Кісляк


Берасцейца абвінавачваюць у замаху на забойства вайскоўца (той падчас пратэстаў быў у «цывільным»). Кардзюкоў кажа, што ўсё было не так, як прадстаўлена ў абвінавачанні. А мужчына, які стрэліў у Шутава, па справе праходзіць пацярпелым.
19 лютага адбыліся спрэчкі бакоў. Абвінавачванне палічыла даказанай віну загінулага Шутава ў супраціве, а Кардзюкова — у супраціве з ужываннем гвалту і замаху на забойства асобы, якая выконвае абавязкі па ахове грамадскага парадку.
Пракурор запытаў для Кардзюкова 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Шутава, які памёр ад ранення ў галаву, пракурор просіць прызнаць вінаватым у супраціве — і вынесці прысуд без прызначэння пакарання.
Пацярпелыя, вайскоўцы Гаўрылаў і Галіцын, падтрымалі бок абвінавачвання. Гаўрылаў падкрэсліў, што абвінавачаны даваў розныя паказанні, спрабуючы заблытаць следства.
Дачка Генадзя Шутава Анастасія Баранчук папрасіла апраўдаць яе нябожчыка-бацьку — пакольки доказаў яго віны, на яе думку, у судзе прадастаўлена не было. Яна таксама папрасіла суд распачаць крымінальную справу ў дачыненні да пацярпелых Гаўрылава і Галіцына — за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, а ў дачыненні да Гаўрылава — за забойства Генадзя Шутава.
Нагадаем, 16 лютага ў Берасці пачаўся разгляд крымінальнай справы аб супраціве і замаху на забойства асобы, якая ахоўвае грамадскі парадак. Падзеі, якія сталі падставай для разгляду, адбыліся 11 жніўня 2020. У той дзень у Брэсце смяротна паранілі Генадзя Шутава. Абвінавачаным па гэтай справе стаў Аляксандр Кардзюкоў — сябар загінулага, з якім ён быў у той вечар. Таксама фігуруе ў справе і Шутаў: ён абвінавачваецца ў тым, што аказваў супраціў.
Пацярпелымі праходзяць вайскоўцы з Мар'інай горкі. Яны прадставіліся ў судзе як капітан сіл спецыяльных аперацый Раман Гаўрылаў і прапаршчык Арсень Галіцын. Як стала вядома ў судзе, іх накіравалі на ахову грамадскага парадку ў дапамогу супрацоўнікам АМАП.
Паводле версіі абвінавачвання, 11 жніўня каля 22.30 Шутаў і Кардзюкоў мэтанакіравана падышлі да Гаўрылава і Галіцына, якія ў грамадзянскай форме адзення неслі службу паблізу дамоў № 334 і 336 на вуліцы Маскоўскай.
— Вызначыўшы ў іх асоб, якія выконвалі абавязкі па ахове грамадскага парадку, Шутаў і Кардзюкоў прад'явілі вайскоўцам прэтэнзіі ў сувязі з тым, што тыя выяўляюць асоб, якія ўдзельнічаюць у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. У працэсе гэтага Кардзюкоў нанёс удар спецыяльна прынесенай з сабой металічнай трубой у галаву Гаўрылаву. Пасля ўдару Гаўрылаў дастаў выдадзены яму для нясення службы пісталет ПМ і зрабіў папераджальны стрэл у паветра, а затым сумесна з Галіцыным накіраваўся да Шутава і Кардзюкова для спынення іх супрацьпраўных дзеянняў і затрымання. Працягваючы свае дзеянні, Кардзюкоў кінуў трубу ў Галіцына, патрапіўшы таму ў руку, і стаў уцякаць. Галіцын пачаў яго пераследваць. У працэсе гэтага зрабіў два стрэлы з пісталета ПМ, аднак Кардзюкоў схаваўся ў натоўпе. У гэты ж час Шутаў, аказваючы з ужываннем гвалту супраціў Гаўрылаву, які выконваў абавязкі па ахове грамадскага парадку, схапіў апошняга за нагу і паспрабаваў паваліць на зямлю. З улікам пагаршэння самаадчування пасля ўдару трубой па галаве, рэальнай небяспекі жыццю і здароўю, а таксама пагрозы гвалтоўнага завалодання даручанай яму агнястрэльнай зброяй і боепрыпасамі, Гаўрылаў для спынення супрацьпраўных дзеянняў Шутава прыняў рашэнне стрэліць яму ў правае плячо. У момант стрэлу Шутаў, які працягваў актыўныя гвалтоўныя агрэсіўныя дзеянні, зрушыўся ў бок, з прычыны чаго куля трапіла яму ў патыліцу, — зачытаў на першым пасяджэнні тэкст абвінавачання пракурор.
Віну Аляксандр Кардзюкоў не прызнаў. Паводле яго версіі, падзеі развіваліся інакш. Увечары 11 жніўня Генадзь прыйшоў да яго ў гараж. Яны выпілі каля 350 грамаў настойкі на дваіх і пайшлі ў бок ДК Прафсаюзаў, каб паглядзець, што там адбываецца. Калі падышлі да скрыжавання вуліцы Маскоўскай і Партызанскага праспекта, мужчыны заўважылі колькасць людзей. Генадзь і Аляксандр пайшлі на парапет да дома № 334. У абвінавачанага ў руцэ быў абрэзак металічнай трубы, які ён падабраў каля парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў «для самаабароны». На парапеце яны стаялі і глядзелі за пратэстамі здалёк. Прыкладна праз 40 хвілін Генадзь з Аляксандрам заўважылі побач двух хлопцаў і падышлі да іх. Паводле слоў Аляксандра, ён хацеў у іх пацікавіцца тым, што адбываецца.


Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын

Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын

— Замест таго, каб нармальна адказаць, адзін з гэтых хлопцаў (Гаўрылаў. — заўв. TUT.BY) ударыў або штурхнуў мяне ў корпус, ад чаго я ўпаў з лаўкі, — зачытаў абвінавачаны. — У адказ на дзеянні Гаўрылава я яму інстынктыўна нанёс удар трубой кудысьці ў вобласць левага сцягна. Дакладна не ў галаву. У галаву я не біў. Далей я зноў залез на лаўку, Гаўрылаў і Галіцын развярнуліся да нас з Шутавым тварам і, трохі адступіўшы назад, дасталі пісталеты. ( ... ) Хтосьці з іх крыкнуў: «Тварам уніз, вырадкі, завалю». З іх боку пачуўся стрэл. Бакавым зрокам я заўважыў, што Генадзь, знаходзячыся лявей ад мяне, пачынае апускацца на калені, трымаючы рукі за галавой. Па-мойму, у той момант ён быў размешчаны спінай да Гаўрылава і тварам да вуліцы Маскоўскай. Галіцын у гэты час накіраваў на мяне пісталет, цэлячыся мне ў галаву. Спалохаўшыся за сваё жыццё, я пачаў уцякаць, кінуўшы на зямлю трубу, каб яна не замінала мне бегчы. У гэты момант з боку Галіцына пачуўся стрэл у мой бок. Я ўбачыў выбліск ад стрэлу і пачуў характэрны гук. Галіцын пачаў пераследваць мяне, нешта крычаць. Калі я ўцякаў, я чуў гук двух стрэлаў. З матэрыялаў справы атрымліваецца, што адзін стрэл быў зроблены Гаўрылавым у Шутава, а другі — Галіцыным ўверх, ад чаго куля трапіла ў столь гаўбца.
Аляксандр Кардзюкоў падкрэсліў, што не ведаў, кім насамрэч з'яўляліся Гаўрылаў і Галіцын. У той дзень яны былі апранутыя ў грамадзянскае, пісталеты захоўвалі ў паясных торбах.
Чытаць цалкам: https://news.tut.by/society/719608.html?c