На судзе па справе Шутава стала вядома, хто загадаў выкарыстоўваць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў
У Брэсце 17 лютага аднавіўся судовы працэс у справе Аляксандра Кардзюкова і Генадзя Шутава, які загінуў ад агнястрэльнага ранення, атрыманага 11 жніўня на вуліцы Маскоўскай абласнога цэнтру.
Кардзюкоў і загінулы Шутаў на працэсе з’яўляюцца абвінавачанымі. Пацярпелымі выступаюць вайскоўцы сіл спецыяльнага рэагавання (вайсковая частка № 89417 сіл спецыяльных аперацый) Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын, піша Радыё Свабода.
Паводле матэрыялаў справы, менавіта Гаўрылаў застрэліў Генадзя Шутава.
На самым пачатку другога дня суду, дзе павінны былі апытваць сведкаў, пацярпелыя Гаўрылаў і Галіцын падалі хадайніцтва аб закрыцці справы, аднак яго адхілілі. Абодва вайскоўцы заяўляюць, што пасля першага дня суду атрымалі дзясяткі ананімных пагроз. Суддзя Святлана Крэмянеўская адмовіла, суд працягнуўся ў адкрытым рэжыме.
Шутаў і Кардзюкоў былі асабіста знаёмыя з камандзірам Гаўрылава і Галіцына.
Першым на другі дзень суду дапыталі камандзіра звяна брэсцкага АМАПа Антона Пракурата. Ён у залу суду асабіста не з’явіўся, допыт праводзіўся па аўдыёсувязі.
Пракурат расказаў, што ўдзень 11 жніўня 2020 года атрымаў у сваё распараджэнне вайскоўцаў Гаўрылава і Галіцына. Іх накіравалі ў горад, дзе яны спачатку назіралі за падзеямі ў раёне вуліцы Савецкай, а потым накіраваліся на вуліцу Маскоўскую. Па Брэсце пераапранутыя вайскоўцы і амапаўцы перамяшчаліся на тралейбусах.
Па словах Пракурата, усе байцы АМАПа і вайскоўцы ў той дзень былі ўзброеныя агнястрэльнай зброяй, назіранне за падзеямі вялі ў цывільнай вопратцы. Пры гэтым Гаўрылаў і Галіцын атрымалі загад змяшацца з натоўпам, — яны ішлі ў натоўпе і пляскалі ў ладкі.
Позна ўвечары 11 жніўня Пракурат атрымаў ад Гаўрылава і Галіцына званок на мабільны тэлефон, яны расказалі яму аб прымяненні агнястрэльнай зброі. Пасля гэтага камандзір АМАП сам прыехаў на месца. Там ён пабачыў параненага і «хуткую».
На судзе таксама высветлілася, што камандзір АМАПа асабіста ведаў абвінавачаных Кардзюкова і Шутава.
«Мы далёкія знаёмыя з Шутавым і Кардзюковым, — паведаміў на допыце ў судзе Пракурат (гэтыя словы выклікалі рэакцыю ў залі сярод блізкіх абвінавачаных: яны сцвярджаюць, што камандзір АМАПа і Генадзь Шутаў былі вельмі блізка знаёмыя і неаднаразова адпачывалі разам). — Апошні раз я бачыў Генадзя Шутава ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, калі ў Брэст прыяжджала Святлана Ціханоўская. Ён быў загорнуты ў бел-чырвона-белы сцяг. Падышоў да мяне пагаварыць».
Хто аддаў загад выкарыстаць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў?
Загад выкарыстаць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў аддаў камандуючы войскамі Сіл спецыяльных аперацый Беларусі генерал-маёр Вадзім Дзенісенка. Пра гэта стала вядома з паказанняў сведкі Лабковіча, маёра часткі № 89417 і непасрэднага кіраўніка Галіцына і Гаўрылава. Лабковіч на суд таксама не з’явіўся, бо захварэў. Яго паказанні зачытвалі паводле матэрыялаў справы.
З паказанняў вынікае, што ў Брэсце 11 жніўня ў падпарадкаванні камандзіраў АМАПа было каля 20 вайсковых спецназаўцаў. Яны былі падзеленыя на групы па 5-6 чалавек і дзейнічалі ў горадзе ў цывільным. Усе былі з агнястрэльнай зброяй, перамовы паміж імі і камандзірамі ажыццяўляліся праз мабільныя тэлефоны, сродкі спецсувязі выкарыстоўваць было забаронена.
Лабковіч асабіста забіраў пісталеты Макарава ў Гаўрылава і Галіцына пасля інцыдэнту з Кардзюковым і Шутавым. Паводле яго паказанняў, у абоймах адсутнічала па два патроны. Паводле паказанняў Лабковіча, вайсковыя спецназаўцы знаходзіліся ў Брэсце з чэрвеня 2020 года. Яны ўдзельнічалі ў вайсковых гульнях.
Генерал-маёра Дзенісенку таксама павінны былі дапытаць на судзе ў якасці сведкі, аднак у суд ён не прыехаў з прычыны хваробы. Суддзя паведаміла, што на бальнічным ён знаходзіцца з 6 па 20 лютага.
У судзе зачыталі яго паказанні, дадзеныя следству 19 жніўня 2020.
«Магу патлумачыць, што непасрэдна падпарадкоўваюся па родзе службы міністру абароны Рэспублікі Беларусь, загады якога для мяне з’яўляюцца абавязковымі для выканання, — расказваў генерал-маёр Вадзім Дзенісенка. — Сапраўды пацвярджаю, што менавіта мной у той дзень (11 жніўня 2020. — РС) была пастаўлена задача намесніку камандзіра атрада Лабковічу, каб ён разам з іншымі вайскоўцамі дадзенай часткі паступіў у распараджэнне камандзіра АМАП УУС Брэсцкага аблвыканкама для нясення службы па ахове грамадскага парадку, — гаворыцца ў паказаннях Дзенісенкі. — Такое рашэнне было прынята ў сувязі з абвастрэннем сытуацыі... Рашэнне аб узбраенні абумоўлена тым, што немагчыма было пралічыць варыянты развіцця падзей на той момант часу».
«Не бачыў, каб абвінавачаны біў металічнай трубой пацярпелага»
У другі дзень працэсу таксама дапыталі сведку Уладзіміра Лесіка. Гэта індывідуальны прадпрымальнік, які ўвечары 11 жніўня быў побач з месцам забойства Генадзя Шутава. Ён расказаў, што бачыў канфлікт паміж вайскоўцамі і Кардзюковым і Шутавым ускосна. Спачатку нават падумаў, што гэта кампанія знаёмых.
«Я быў каля гэтага дома, праходзіў ля парапета, — расказаў Лесік. — Было ці то 22 гадзіны, ці то 23. Я прайшоў ля двух чалавек, якія сядзелі на лаве, пайшоў далей, там спыніўся. Заўважыў, як да тых дваіх падышлі яшчэ двое. Затым адзін з іх упаў. Я адвярнуўся і пабачыў, што той, хто ўпаў, падымаецца, і ў яго руцэ прадмет з металічным бляскам. Я не бачыў, каб ён наносіў ім нейкія ўдары. Затым пачуліся стрэлы, адзін з людзей ля лавачкі пачаў уцякаць. Той, хто гнаўся за ім, страляў услед».
Паводле слоў сведкі, ён не можа прыгадаць, каб чуў крыкі «Стой, страляць буду!». Чуў толькі лаянку з боку ўзброеных людзей. Яго словы пацвердзілі прадэманстраваныя ў судзе відэазапісы, зробленыя іншым відавочцам. На іх чуваць крыкі «Ляжаць! Мордай у дол, урод!». Пацярпелы спецназавец Галіцын прызнаў, што гэта крычыць ён.
На працэсе пачалося вывучэнне матэрыялаў справы. Пракурор і пацярпелыя вайскоўцы падалі хадайніцтва аб вывучэнні іх у закрытым рэжыме. Суддзя хадайніцтва задаволіла часткова. Закрытым будзе толькі тая частка працэсу, дзе будуць вывучаць «сакрэтны» том матэрыялаў справы. Што ў ім знаходзіцца, невядома.