Паэту-пчаляру Міколу Папеку ў «справе карагоду» змянілі статус з падазраванага на абвінавачанага

Пра гэта стала вядома з уласных крыніц інфармацыі.

Мікола Папека ўручае Мядовую прэмію-2009 74-гадоваму паэту і медыку Алесю Корневу з Баранавіч

Мікола Папека ўручае Мядовую прэмію-2009 74-гадоваму паэту і медыку Алесю Корневу з Баранавіч

Сам Мікола Папека пацвердзіў: «Так, сёння ў Следчым камітэце Ленінскага раёна Брэста. Дакументы былі па-руску, дык запатрабаваў перакладу. Да пятніцы 19 лютага падрыхтуюць, буду знаёміцца, з адвакатам».
Са слоў спадара Папекі, адвакат у яго валодае беларускай мовай у поўным аб’ёме. «Для Брэста гэта рэдкасць вялікая, каб людзі з праваахоўных структур, суддзі, пракурорскія работнікі ўжывалі нашу мову. Неяк дзіўна, усё-ткі абласны цэнтр, 330 тысяч насельніцтва, і такі катастрафічны стан у выкананні гэтай часткі беларускай Канстытуцыі».
Мікола Папека — індывідуальны прадпрымальнік з Лінова каля Пружан. Мае пасеку пчол. Вядомы таксама як краязнаўца і паэт. Заснаваў сваю Мядовую прэмію. 16 кілаграмаў мёду ўручаў беларускім і замежным літаратарам ужо 19 разоў.
Суды па «справе карагоду» ідуць цяпер у Брэсце. 13 верасня 2020 года пасля таго, як грамадзянам перакрылі доступ на плошчу Леніна, дзе пратэстоўцы супраць скандальных прэзідэнцкіх выбараў збіраліся раней, яны рушылі цэнтральнымі вуліцамі да скрыжавання праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў і там перакрылі рух транспарту. У цэнтры скрыжавання зладзілі карагод, танцавалі і спявалі. Праваахоўнікі разагналі пратэсную акцыю пры дапамозе вадамёта.
Абвінавачаных у справе некалькі дзясяткаў. Яны падзеленыя на тры групы. Людзей вінавацяць паводле артыкула 342 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь («Дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Паводле ўласнай інфармацыі, дзяржаўныя абвінаваўцы ў судах патрабуюць ад паўтара да двухгадоў так званай «хіміі» — абмежаванне волі з накіраваннем або без (так званая «хатняя хімія») у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Першыя прысуды суддзя раённага суда Ленінскага раёна Брэста Святаслаў Каліна мае агучыць 25 лютага аб 11-й гадзіне.