Беларускамоўны футбол у Гомелі. Ці пачуе клуб меркаванне заўзятараў?

Прапануем вашай увазе меркаванне аўтара ідэі грамадзянскай ініцыятывы "Справаводства па-беларуску!" Ігара Случака пра беларускую мову ў беларускім футболе.



awiglb_w465h262.jpg

У сталіцы ўжо нікога не здзівіш беларускамоўнымі ініцыятывамі. Мова даволі шырока распаўсюджана сярод прасунутай часткі нашых суайчыннікаў, якіх збірае Мінск з усёй Беларусі. Асноўнае культурнае жыццё, у тым ліку і беларускамоўнае, таксама канцэнтруецца ў Мінску. А калі ёсць попыт, то з’яўляюцца і прапановы — у рэкламе, спорце і іншых галінах беларуская мова набывае ўсё большае распаўсюджванне. Але Гомель — гэта не Мінск, і для майго гораду моўнае пытанне ўсё яшчэ вельмі абцяжаранае шматлікімі комплексамі і міфамі.

Тым дзіўным і нечаканым з’яўляецца той факт, што за апошнія 4 месяцы ў гомельскім каляфутбольным асяродку адбылася, падаецца, сапраўдная моўная рэвалюцыя.

Канечне, распаўсюд беларускай мовы ў каляфутбольным асяродку з’яўляецца агульнабеларускай тэндэнцыяй, якая не магла не захапіць ва ўсёй сваёй шырыні і Гомель, але ў гэтай сітуацыі мяне здзівіла тая хуткасць, з якой беларускамоўныя настроі захапілі гамяльчан.

На афіцыйнай старонцы ФК “Гомель” Вконтакте ФК «ГОМЕЛЬ» | FC «GOMEL» [Official Group] http://vk.com/fc_gomel  18 лістапада 2012 года ў суполцы было створана апытанне, якое паведамляла, што “Рэгламент чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболу сцвярджае (п.7.8): "..над номером футболиста должна быть размещена надпись на белорусском или русском языке печатными буквами с фамилией или псевдонимом футболиста с высотой букв 7,5 см…», і пытаннямі аб тым, на якой мове хацелі б бачыць гомельскія заўзятары надпісы на спартыўнай форме футбалістаў ФК “Гомель”. У апытанні прыняло ўдзел 446 чалавек, з якіх 240, ці 53,8% падтрымала надпісы па-руску (апытанне па спасылцы http://vk.com/fc_gomel?w=poll-13932487_34383). Такім чынам, хоць і не на шмат, але пытанне было станоўча вырашана на карысць рускай мовы, і зноў узнімаць яго ў бліжэйшы час не мела сэнсу, бо тыя, для каго гуляюць футбалісты, выказаліся адназначна за рускую мову.

Цікава і тое, што ў мінулым чэмпіянаце праз галасаванне каманда таксама праз галасаванне абірала, на якой мове ёй пісаць прозвішчы на форме і іх выбар супаў з пажаданнямі заўзятараў — была абрана руская мова.

Але 30 сакавіка пачынаецца новы чэмпіянат Беларусі ў Вышэйшай лізе, і лагічна было паглядзець, як змянілася стаўленне заўзятараў да мовы футболу. На гэты раз штуршком для стварэння адпаведнага апытання стаў адказ ФК “Гомель” наконт захадаў, якія клуб будзе рабіць у новым сезоне для папулярызацыі беларускай мовы (адказ па спасылцы http://ihar-sluchak.livejournal.com/398084.html).

У адказе акрамя іншага паведамлялася, што як і ў 2012 годзе, у 2013 дыктарскае суправаджэнне гульняў на гомельскім стадыёне будзе праводзіцца на беларускай мове, а пытанне, на якой мове будуць надпісы на форме футбалістаў, зноў будзе вырашаць каманда.

g5k1hv_w600h500.jpg

Здавалася б, сітуацыя нічым не адметная ад сітуацыі, што была не больш як паўгады таму, але тут ёсць адзін нюанс. Справа ў тым, што большасць заўзятараў не ведала, што моўнае пытанне вырашаецца самой камандай, людзям падавалася, што як часта бывае, усе пытанні вырашаюцца зверху, без уліку гульцоў, адміністрацыі і ў першую чаргу заўзятараў.

Убачыўшы адказ з ФК “Гомель”, адміністратары суполкі ФК «ГОМЕЛЬ» | FC «GOMEL» [Official Group] зноў стварылі апытанне на тэму, на якой мове павінны быць надпісы на форме гомельскіх футбалістаў, далучыўшы да яго і адказ з клуба (апытанне па спасылцы  http://vk.com/fc_gomel?w=poll-13932487_41467 ). На гэты раз у апытанні прыняло ўдзел больш чым у тры разы заўзятараў гомельскага клуба, сярод якіх былі таксама і прадстаўнікі каманды.

Але не колькасць была галоўнай, а тое, што з 1398 чалавек 1016, ці 72,7%, аддалі свае галасы за беларускую мову! А толькі 4 месяцы таму ў падобным апытанні за беларускую мову было толькі 46,2%. Асабіста я быў уражаны такой рэзкай зменай настрояў, бо колькасць тых заўзятараў, што падтрымлівала рускую мову, зменшылася з 54% да 27%, іншымі словамі ў два разы. Мае ж прагнозы былі такімі, што ў лепшым выпадку за беларускую мову ў гэтым годзе будзе на 5–7% больш чым у мінулым сезоне. Нават сярод тых удзельнікаў каманды, што прымалі ўдзел у інтэрнэт-галасаванні, моўныя прыхільнасці падзяліліся. Напрыклад, той жа дырэктар ФК “Гомель” Яўген Пабалавец выказаўся за беларускую мову.

Што казаць, вельмі прыемная навіна і тэндэнцыя назіраецца сярод прыхільнікаў гомельскага клуба. Але якую мову абярэ каманда ФК “Гомель”? У мінулым сезоне іх сімпатыі супалі з сімпатыямі заўзятараў, і была абрана руская мова. У гэтым сезоне абсалютная большасць заўзятараў за беларускую мову і спадзяемся, каманда пачуе іх голас і як у мінулым сезоне выбар каманды і заўзятараў супадзе.

Бо футбол  гэта камандная гульня, а футбалісты, адміністрацыя і заўзятары гэта адна каманда. А поспехі прыходзяць толькі тады, калі ў камандзе гармонія і ўзаемапавага. Аддаючы даніну павагі меркаванню заўзятараў, клуб можа быць упэўнены ў добрай падтрымцы і поўных трыбунах. І перамогах.

telegraf.by