Пытаннем абароны драўлянай забудовы Гомеля зоймецца пракуратура

Актывісты "Талакі" і сябры "Таварыства беларускай мовы" падалі скаргу ў абласную пракуратуру па справе незаконнага будаўніцтва шматпавярховіка па вуліцы Валатаўская. Адна з ініцыятарак звароту Марыся Тульжанкова спадзяецца спыніць разбурэнне архітэктурных помнікаў.



16b56af120be6838e1198dc447acfa86.jpg

Разбіраюць дом № 23 на Валатаўской вуліцы

Марыся Тульжанкова, намесніца старшыні “Талакі”, распавядае:

— Мы патрабуем разгляду справы аб зносе дома па вуліцы Валатаўская, 23. Ён быў знесены пасля таго, як Міністэрства культуры ўвяло забарону на знос. Другім пунктам просім разглядзець справы наконт таго, што кампанія “Электрапрам” распачала будоўлю датэрмінова да атрымання дазволу ад інспекцыі дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Гомельскай вобласці. І, самае галоўнае, мы патрабуем спыніць будоўлю шматпавярховіка на месцы драўлянай забудовы як незаконную.

Міністэрства культуры пастанавіла спыніць будаўнічыя працы па вуліцы Валатаўская на перыяд разгляду пытання па наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці пазасталым драўляным сядзібам.

Нягледзячы на гэта, каля будынкаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя дагэтуль працуе тэхніка. А сталічная кампанія "Электрапрам" ва ўсю рэкламуе ў гарадскіх газетах будучы дом, які паўстане на месцы зруйнаванай гістарычнай забудовы.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель