Бяляцкі — forever!
Сёння за кратамі адзначае дзень народзінаў праваабаронца, старшыня ПЦ «Вясна», палітвязень Алесь Бяляцкі. Прапануем вам урывак з кнігі Бяляцкага «Бой з сабой», якая пабачыла свет у 2016 годзе. Сімвалічна, што большая частка кнігі была напісана ім у бабруйскай калоніі.
«Баскі», 1982 г.
«БАСКІ» — FOREVER!
Прапаную чытачам «Новага Часу» раздзел са сваёй новай кнігі «Бой з сабой» пра Едруся Акуліна, выбітнага беларускага паэта, барда, майго сябра з сямнаццаці гадоў. Тры дзесяцігоддзі мы з ім, можна сказаць, разам ідзем па жыцці, то набліжаючыся, то аддаляючыся, але ніколі не пакідаючы, не губляючы, не забываючыся і не выдаляючы адзін аднаго са свайго жыцця.
Алесь Бяляцкі
Пра сябра і пра сябе
Мы разам вучыліся пяць гадоў у адной групе ў гомельскім універсітэце. Падчас вучобы два гады жылі ў інтэрнаце на вуліцы Кірава на адным паверсе, а затым яшчэ два гады ў інтэрнаце на вуліцы Савецкай у адным блоку. Два гады пражылі разам у адным пакоі, а затым, калі Едрусь ажаніўся, на апошнім курсе два месяцы жылі ў суседніх пакоях. Мы разам ездзілі ў будатрады ў Хойніцкі раён і на Пскоўшчыну, адбывалі практыку ў піянерскім лагеры ў Клёнках, пад Гомелем, разам гралі ў музычным гурце «Баскі», хадзілі на ўніверсітэцкае літаратурнае аб’яднанне «Крынічка», абедалі ў студэнцкай сталоўцы, таньчылі на дыскатэках у інтэрнаце і ўніверсітэце, ездзілі на археалагічныя раскопкі ў Мір і адпачываць у Крым. Мы ездзілі ў родную вёску Едруся, у Вялікія Нямкі на Веткаўшчыне, пад расейскую мяжу, мы разам пачалі размаўляць па-беларуску, абодва спрабавалі пісаць: Едрусь — вершы, а я — прозу. Пазней, ужо жывучы ў Менску, мы восем гадоў разам працавалі ў музеі Максіма Багдановіча, разам удзельнічалі ў мітынгах і дэманстрацыях у абарону незалежнасці і дэмакратыі ў Беларусі. Таму, пішучы пра сябра, я буду пісаць і пра сябе.
Едрусь Акулін і Алесь Бяляцкі. Гомель, 1980 г.
Я мяркую, што ўвесь час сумовячыся, размаўляючы, чытаючы, робячы разам нейкія справы, прыходзячы да сур’ёзных у нашым жыцці супольных высноваў, мы моцна ўплывалі адзін на аднаго, на рысы свайго характару, на паводзіны і жыццёвыя погляды. Ні з кім, як з Едрусем Акуліным, мне не было так па-свойску, па-сяброўску, так спакойна і душэўна ўтульна, хаця ў нас даволі розныя характары. Едрусь — рэзкі, узрыўны і безапеляцыйны ў ацэнках і ўчынках, я, падаецца, больш разважлівы і стрыманы, але больш захапляльны, рызыкоўны і апантаны, калі ўжо што бяру ў галаву, то газую да плешкі.
Было ў нас і багата падобнага, што прыцягвала адзін да аднаго. Што гэта — захапленне прыгожым пісьменствам? Беларускай мовай? Музыкай, песнямі і больш ахопна — Беларушчынай? Жаданне вырасці творчымі асобамі? Разуменне адзін аднаго? Псіхалагічная сумяшчальнасць? Так, усё так. І што, мабыць, самае істотнае, што не дало распасціся сяброўству, гэта тое, што мы ніколі не падстаўлялі і не падводзілі адзін аднаго…
Музычная гісторыя. Пачатак
Я з розных нагодаў, час ад часу, але заўсёды, згадваю наш рок-гурт «Баскі». Так ганарліва мы называлі сваю студэнцкую рок-банду. Усё ў ім было навырост. Усё ў спадзяванні. І самае першае, што я згадваю пра «Баскаў», гэта страшэнны грукат, дзынканне гітараў і завыванне мікрафону, які пастаянна фаніў ад калонак. У падсобным памяшканні, дзе была скінутая ўніверсітэцкая студэнцкая апаратура і дзе мы збіраліся на рэпетыцыі, была высокая, на два паверхі, столь. Рэха ад нашых музычных практыкаванняў адбівалася ад голых бетонных сценаў, ад столі і біла па вушах так, што часта нашы ў асноўным бяскрыўдныя лірычныя кампазіцыі з элементамі хард-року пераўтвараліся ў сапраўдны цяжкі метал. Вось там, на нашых рэпетыцыях, мы і былі праўдзівым рок-гуртом.
Едрусь Акулін і Алесь Бяляцкі. Гомель, 1980 г.
Пачалася нашая музычная гісторыя ў 1981 годзе. Нашая беларускасць, якая праразалася, як зубкі ў малога дзіцяці, патрабавала выйсця, і музыка была такім натуральным рэчышчам-формай, а беларускія тэксты — зместам. І Едрусь Акулін, і я, жывучы ва ўніверсітэцкім інтэрнаце на вуліцы Кірава, брынькалі на гітарах. У кожнага з нас была свая гітара. Я брыньчэў яшчэ класа з сёмага, перапяваў, як багата хто тады, розны вулічны шансон і сам спрабаваў складаць нейкія лірычна-сентыментальныя тэксты на павольныя, цягуча-сумныя, баладнага кшталту мелодыі.
У будатрадзе, у які мы ездзілі пасля першага курсу ў Хойніцкі раён, у вёску Бабчын, будаваць цагляныя хаты, на гітары грала некалькі чалавек. Кожны спяваў нешта сваё, пачутае і ўзятае са сваіх кампаніяў. Мы пераймалі адзін у аднаго тое, што нам спадабалася, а пазней часта спявалі і разам, і паасобку. Ізноў жа, у асноўным гэта былі лірычна-сентыментальныя балады. Тады мы адчулі, наколькі, здавалася б, простыя тэксты і няхітрыя мелодыі, аб’яднаныя і атрымаўшыя эмоцыю голасу, моц спеву, маглі зайграць, заблішчэць і паўплываць на пачуцці кожнага чалавека. Далучыўся да нас у спевах і студэнт-гісторык Сяргей Скачынскі, які жыў у інтэрнаце ў адным пакоі з Едрусем. Мы разам былі ў будатрадзе. Затым мы часта спявалі ў іхнім ці ў маім пакоі ўтрох пад дзве або пад тры гітары.
Анатоль Сыс, Едрусь Акулін і Алесь Бяляцкі. Бабчын, 1980 г.
Едрусь, колькі я яго памятаю, заўсёды любіў спяваць. Мяне гэтая ягоная здольнасць заўсёды ўражвала крыху пазней, праз год, калі на 4-м курсе, з восені 82-га года, мы пачалі жыць разам у адным пакоі ў інтэрнаце кватэрнага тыпу на вуліцы Савецкай. Мы не паспявалі яшчэ прачнуцца, уставалі, апраналіся, у пакоі жылі мы ўтрох, яшчэ з адным студэнтам-эканамістам Валодзем, калекам ад поліяміэліту, якім ён перахварэў у дзяцінстве, а Едрусь ужо пачынаў спяваць. Ён штосьці напяваў, спрабуючы голас, пускаў розныя трэлі і рулады, выглядаў вельмі задаволеным і вясёлым, і хоцькі-няхоцькі ўздымаў з самага ранку і нам настрой. Я ж зазвычай прачынаўся крыху млявым, недаспаным і негаваркім. Але спевы Едруся былі як асвяжальны глыток ранішняй кавы.
У маім жыцці быў яшчэ адзін чалавек, які любіў спяваць і заўсёды спяваў, нават яшчэ болей за Едруся. Гэта была мая маці. Яна спявала дома, гатуючы, вяжучы, робячы іншую хатнюю работу. Яна спявала і спявала сама сабе, напявала па куплету, па прыпеву з народных песень, пачутых у дзяцінстве і юнацтве, з усяго, што чула і схапіла з радыё і кружэлак у 50–60-я гады.
У Едрусевым жыцці быў свой прыклад стаўлення да музыкі. Ягоны бацька скончыў музычную вучэльню і быў адметным музыкам-баяністам, знаным на ўсю акругу. І хоць ён вельмі рана пайшоў з жыцця, але ягоная любоў да музыкі і здольнасці перадаліся Едрусю.
Едрусь Акулін з бацькамі. Вялікія Нямкі, 1967 г.
Інтэрнацкае жыццё
Я яшчэ хачу на трохі вярнуцца ў наш студэнцкі інтэрнат на вуліцы Кірава. Ён мне нечым нагадвае казарму, у якой я зараз жыву. Такія ж агульныя прыбіральні, пакоі, у якіх месціліся па чатыры студэнты, агульная варыўня і агульны душ на першым паверсе (вось гэтых выгодаў зараз у мяне няма, у ядальню і ў лазню мы ходзім строем). Убогае жытло, якое нам з Едрусем, першы курс прабадзяўшыся па кватэрах і хатах, здавалася зручным і ўтульным.
Жыццё там было вясёлае і нават, можна сказаць, разняволенае. Інтэрнат быў у асноўным дзявочым царствам. Калі на факультэтах матэматыкі, эканомікі, на гістарычным факультэце нашага ўніверсітэта хлопцаў і дзяўчатаў было прыкладна пароўну, то на біялагічным ужо было больш дзяўчатаў, а на філалагічных, беларуска-рускім і рускім аддзяленнях, нераўнавага была проста вялізнай. На нашым курсе са ста студэнтаў-філолагаў хлопцаў не было і дваццаці чалавек. У нашай групе была 21 дзяўчына і 4 хлопцы. Але пры ўсім гэтым дзявоцкім кветніку вакол нас мы не распуснічалі. Былі нейкія лёгкія і нядоўгія захапленні, але да распусты справа не даходзіла…
У інтэрнаце, каб знайсці сексу, не трэба было далёка хадзіць. До было ўвечары, пасля заняткаў, выйсці з пакою, дзе я жыў, як можна было ўбачыць грузнаватую, цыцкастую дзяўчыну-матэматыцу, якая почасту стаяла ў адчыненым праёме дзвярэй свайго пакоя, адной рукою падпёршыся ўбок, а другой упёршыся ў дзвярны касяк. Яна зазыўна пасміхалася, падмышкі на яе брунатнай вадалазцы былі цёмныя ад поту. Дзяўчынаў такога кшталту я бачыў ужо значна пазней і ў большай колькасці на вуліцах Жэневы і Брусэлю.
Але нам такія стасункі з дзяўчатамі былі нецікавымі і непатрэбнымі. Мы былі больш духоўна настроеныя, хаця не цураліся дзявочых кампаніяў, хадзілі ў дзявочыя пакоі вячэраць, піць гарбату, гаманіць, граць на гітары і спяваць. Весялей было з дзяўчынамі разумнымі і інтэлектуальна развітымі. Нашымі сяброўкамі былі, і не раз паілі нас гарбатай і Воля, і Ліля, маладзейшыя за нас на курс, першая з якіх стала паэткай Вольгай Куртаніч, а другая — мовазнаўцай Ліляй Плыгаўкай. Вось у гэтым вясёлым інтэрнацкім балагане мы пражылі два гады. Там жа і нарадзілася думка стварэння беларускамоўнага студэнцкага рок-гурта.
Беларускае пытанне
Утварэнне «Баскаў», як можна зразумець, мела арганічны падмурак, але справа можа б і не дайшла да арганізацыі гурта, каб не гэтае заклятае для нас беларускае пытанне. «Баскі» — ад пачатку былі спланаваным беларускім праектам.
У верасні 81-га года, прыйшоўшы на трэці курс, мы з Едрусем свядома пачалі размаўляць па-беларуску. Яму было прасцей, ён вярнуўся да мовы, роднай яму з дзяцінства, дадаўшы да яе набыты запас літаратурных словаў, мне — складаней, бо ўсе свае дзевятнаццаць гадоў я быў прадуктам русіфікацыі і размаўляў па-руску. Але дзесьці ўжо праз месяц асноўныя праблемы ў маўленні я пераадолеў.
Хутка з намі заразмаўлялі і нашы сябры, знаёмыя, студэнты. І калі нашыя сябры былі ў асноўным двухмоўныя, дык мы па-беларуску гаварылі паўсюль — і ў інтэрнаце, і з дзяўчатамі, і на рускамоўных лекцыях, розных псіхалогіях і педагогіках, і нават на лекцыях па рускай літаратуры. Мы збеларусіліся канчаткова і беспаваротна. Мне неўтаймавана хацелася ўплываць на іншых людзей, папулярызаваць беларускую мову, уздымаць нацыянальную свядомасць. Да гэтага натуральнага асветніцтва, адраджэнскага шляху падахвочвалі і наладжаныя мной кантакты з свядомымі беларускімі студэнтамі-менчукамі Вінцуком Вячоркам ды іншымі.
Мне тады ўяўлялася, што мы, як актыўныя атамы, піхаючы, расштурхоўваючы іншых, перадаючы ім свой беларускі станоўчы зарад, непазбежна выклічам ланцуговую рэакцыю, якая прывядзе да ўтварэння моцнай беларускай свядомай інтэлігенцыі, а тая, у сваю чаргу, усвядоміць шырокія масы простага народа. Я любіў марыць, што вось за сваё жыццё я загітую, пераканаю, напрыклад, сорак чалавек размаўляць паўсюдна па-беларуску, а тыя, у сваю чаргу загітуюць іншых, няхай па два дзясяткі, а трэція — чацвёртых, хай па дзясятку, а чацвёртыя, якіх будзе ўжо восем тысячаў, хоць па пяць чалавек пятых, а сорак тысячаў пятых загітуюць па два чалавекі шостых, і вось, гадоў праз сорак ад мяне аднаго з’явяцца — восемдзясят тысячаў свядомых беларусаў! На гэта не шкода было пакласці сваё жыццё.
Апроч «вярбоўкі» актывістаў, неабыякавых да беларушчыны, я разумеў, што былі неабходныя ідэі, якія б паказвалі і падавалі беларушчыну і найперш беларускую мову ў выгодным і прывабным святле. Слава і ўплыў «Песняроў» ужо міналі. У 70-я гады яны вывелі беларускую песню з вёскі на гарадскія вулцы. Але прыйшлі 80-я, рок-гурт, які спяваў бы па-беларуску, падаваўся такой выдатнай задумкай. Не дзіва, што пры нашым захапленні спевамі пад гітару, гэтая ідэя была прагавораная ў нашых з Едрусем размовах.
Я не памятаю дакладна, хто першым загаварыў пра гэта, мне здаецца, што — я, але гэта мог быць і Едрусь. Я з нехаццю ўжываю гэтыя словы — «вярбоўка», папулярызацыя, але такая была савецкая рэчаіснасць, пры якой мэтанакіравана, згодна з «навукаю», знішчалася ўсё беларускае, нацыянальнае. І хоць на лекцыях, ва ўніверсітэце, і ва ўсіх газетах і па тэлевізіі бясконца казалася і сцвярджалася пра ўтварэнне і развіццё новай гістарычнай супольнасці, да якой мы ішлі, якую мы будавалі і ў якую мусілі пераўтварыцца — пра савецкі народ, але мы не хацелі такой будучыні. Мы адчувалі, разумелі і ўсведамлялі, што гэта — грандыёзны падман.
Яго сутнасць сфармуляваў чэшскі пісьменнік Мілаш Кундэра, эсэ якога даслалі мне сюды, на зону. Ён лічыў, што камунізм быў прыстасаваны Расіяй для «здзяйснення цэнтрабежных тэндэнцыяў ды імперскіх пажадаў», што Расія была «нацэленая на пераўтварэнне ўсіх нацыяў, якія ўваходзілі ў імперыю (украінцаў, беларусаў, армян, латышоў, літоўцаў і астатніх) у адзіны рускі народ (ці, як выказваюцца ў эпоху агульнапрынятых моўных містыфікацыяў, у «адзіны савецкі народ»).
Мы дайшлі да гэтых жа высноваў самі, самастойна, адчуваючы тую несправядлівасць, якая рабілася з нашым народам, з яго моваю і культураю, сваёй скурай. Гэтак жа ж, як Мілаш Кундэра, мы выдатна разумелі, хоць тады і не чыталі яго, што «руская мова душыць мовы іншых нацыяў савецкай імперыі», бо «савецкая бюракратыя — глыбока пазанацыянальная, антынацыянальная, мае патрэбу ў інструменце для ўніфікацыі краіны». Мілаш Кундэра не любіў Расію за тое, што ў 1968 годзе, «акупаваўшы Чэхаславакію, Расія зрабіла ўсё для таго, каб знішчыць чэшскую культуру». Як жа мы мусілі ставіцца да рускай культуры, калі знаходзіліся ў горне ўсіх гэтых савецкіх эксперыментаў. І які ж юначы запал і безагляднасць мы мусілі мець, адважыўшыся стаць у супраціў гэтаму вялізнаму савецкаму монстру.
Алесь Бяляцкі. 1981 г.
Музычная гісторыя. БАСКІ
Я знарок спыняюся на ідэалагічнай аснове стварэння «Баскаў», каб паказаць, што яна насамрэч была. Але ідэалогія ідэалогіяй, а ў жыцці ўсё было значна весялей. Сярод нашых аднакурснікаў апынуўся вельмі неблагі бубнач — Толік Кавалёў. Ён быў гомельскім хлопцам, жыў на Аэрадроме, па-беларуску размаўляў толькі з намі. Удома ён меў ударную ўстаноўку, заліхвацкі грукаў на бубнах і біў у латунныя талеркі.
І ўсё неяк разам супала: і нашае жаданне граць, і некалькі песень было, якія напісаў Едрусь, і падабраўся склад музыкаў з сяброў-аднакурснікаў. Едрусь быў лідарам нашага музычнага гурта, ён меў найлепшы голас, пісаў музыку і тэксты, ён граў на рытм-гітары. Я, скончыўшы чатыры класы музычнай школы па домры, меў добра распрацаваныя пальцы і мог бы ўзяцца і за сола-гітару. Але я пасля музыкалкі добра ўяўляў сабе той аб’ём практыкаванняў, які трэба было выканаць, каб выйсці на больш-менш прыстойны ўзровень, таму спыніўся на бас-гітары. З басовымі партыямі мне, граючым некалі даволі складаныя творы на маленькай домры, было прасцей. Толік Кавалёў граў на бубнах, а Сержуку Скачынскаму засталася сола-гітара. Так мы і размеркаваліся.
Назву гурта мы склалі з першых літараў сваіх прозвішчаў: Бяляцкі–Акулін–Скачынскі–Кавалёў. Вось і атрымалася — «Баскі». Вызіраў з гэтага назову і поўны грамадска-палітычны падтэкст. На другім краі Еўропы жылі гэтыя баскі — народ без сваёй дзяржавы, які тым не менш, як мог, змагаўся за сваю незалежнасць ды імкнуўся захаваць сваю нацыянальную адметнасць. Іхняя баскская барацьба патаемна перагукалася з нашымі памкненнямі. Мы хацелі, каб і ў нас узнялася хоць якая хваля барацьбы за нашу беларускую незалежнасць. Вось так і ўзніклі «Баскі».
«Баскі», 1982 г.
Моцна палегчыла нашае жыццё тое, што факультэцкае начальства не ўбачыла ў нашай музычнай ініцыятыве ніякай крамолы і дазволіла рэпетаваць на ўніверсітэцкіх інструментах. На іх раней граў універсітэцкі музычны ВІА «Радзімічы», які быў досыць вядомы ў 70-я гады. Напачатку 80-х «Радзімічы» перажывалі не лепшыя часы.
Мы па некалькі разоў на тыдзень збіраліся на рэпетыцыі ў сваёй музычнай каморы і грымелі, дзынькалі, пішчэлі і равелі, выціскаючы з гітараў усё, што дазваляў узровень нашай музычнай падрыхтоўкі і сціплаватыя інструменты. На рэпетыцыях мы развучвалі тагачасныя музычныя хіты. На жаль, гэта не была ангельскамоўная рок-класіка «бітлоў», «ролінгаў» ды іншых высакаякасных гуртоў. У гэтай музыцы няблага разбіраўся Толік Кавалёў. А я палюбіў іхнюю музыку ўжо пазней. Мы ж развучвалі ўласна «баскаўскія» кампазіцыі ды перапявалі папулярныя на той час расейскія гурты: «Машыну часу», песні Уладзіміра Кузьміна, Юрыя Антонава, гралі таксама вулічны шансон. Чужыя песні мы трактавалі як рэпетытарскія, навучальныя, найбольшую ж асалоду атрымлівалі пры падрыхтоўцы сваіх песень.
Праз пару месяцаў рэпетыцыяў з какафоніі гукаў і бязладнага музычнага вэрхалу ўрэшце пачало вымалёўвацца штосьці больш-менш зладжанае, рытмічнае і падобнае на музыку. Да ўсіх музычных хітрасцяў і тонкасцяў мы даходзілі самі, бо ніхто з нас раней ні ў якіх гуртах не граў. Мы купілі пару педальных «прымочак» на гітары, і гучанне іх стала больш багатым і разнастайным. Шляхам спробаў і памылак мы зрытмавалі гранне бубнаў і бас-гітары. Я трымаўся за рытм бубнаў, як п’яны за плот, але часам забываўся, выпільваючы які-небудзь пасаж і спрабаваў браць на сябе ролю сола-гітары. Бубнач Толік Кавалёў злаваўся на мяне за свавольства і абурана кідаў палачкі. Рэпетуючы, здавалася, што мы ўпадалі ў нейкі музычны транс і трох-чатырохгадзінныя зборкі праляталі на адным уздыху. Дзясяткі разоў мы прайгравалі адныя і тыя ж фразы, шліфавалі іх, дабіваліся лепшай якасці, імкнуліся граць зладжана і ў такт.
Толькі так!
Свой трымай кірунак!
Толькі так!
Ў гэтым наш ратунак!
Толькі так! — гарлаў Едрусь так, што жылы выступалі на шыі і твар ягоны чырванеў ад натугі. А мы дапамагалі, падпяваючы яму: «Толькі так!»
Гэта была сапраўдная рокавая кампазіцыя, нашая каронная візітоўка.
Але большасць песень, якія пісаў Едрусь, былі лірычнымі і спакойнымі:
Дыктуе лёс няўмольны,
І мы з табой няздольны
Час спыніць.
Гэта была чыстая баладная лірыка. Недахоп уласных рокавых кампазіцыяў мы кампенсавалі, пераспявалі па-беларуску «Машыну часу»:
Вось, новы паварот,
Што ён нам нясе,
Прорву або ўзлёт,
І не разбярэш,
Пакуль не павярнеш
За паварот.
Так мы гралі і гралі на рэпетыцыях гадзінамі, забываючыся і на палудні, і на вячэры. Урэшце мы адчулі, што можам паказацца на людзях.
Першы выхад на публіку
Увесну 82-га года надарылася нагода першы раз выйсці на публіку. І было гэта, не цяжка здагадацца, вяселле. Жаніўся Валодзя Папружны, аднагрупнік і зямляк нашага сола-гітарыста Сяргея Скачынскага, з якім яны жылі ў інтэрнаце ў адным пакоі. У тым жа пакоі жыў і Едрусь Акулін. Натуральна, што я быў у іх частым госцем.
Папружны паступіў вучыцца ўжо пасля войска і быў старэйшым за нас на тры гады. Ён трымаўся сам па сабе, у яго былі ўжо ўстойлівыя, дакладныя меркаванні, уяўленні і паводзіны, сфармаваныя ў сям’і і ў войску. Ён любіў парадак, заўсёды трымаўся з саліднасцю, заўсёды хадзіў прычасаны, у чыстым адзенні і вычышчаных туфлях. У інтэрнацкім пакоі 19-гадовым маладзёнам ён асабліва разгуляцца не даваў. Я з ім толькі прыязна вітаўся, як і з усімі, а хлопцы, Едрусь і Сяргей, жывучы разам, часам і елі супольна, дый увогуле, як суседзі па пакоі, мелі больш частыя і цесныя стасункі.
Дык вось гэты Валодзя жаніўся і папрасіў-запрасіў нас зграць у яго на вяселлі. Такім чынам паехалі мы ў траўні 82-га ў Лоеў, упершыню граць на людзях, паказваць, на што мы здольныя.
Лоеў — невялікае беларускае палескае мястэчка, якое стаіць на сутоку шырокіх тут Сожа і Дняпра ды малога Вітача, на землях, спрадвеку заселеных славянамі, Лоеў — брама ў землі дрыгавічоў, крывічаў, радзімічаў і севяранаў. У свой час, як ключ, замыкаў гэтыя водныя шляхі Лоеўскі замак. Праз Лоеўскія брады ў сярэднявеччы ўрываліся на беларускія землі крымскія татары, а пазней — узбунтаваныя казакі. Тут яны былі і разбітыя беларускім ліцвінскім войскам. Лоеў быў апошнім на паўднёвы ўсход з беларускіх замкаў, якія некалі як пярліны былі нанізаныя на суворую сінюю нітку Дняпра: Лоеў, Холмеч, Рэчыца, Стрэчын, Жлобін, Быхаў, Магілёў, Ворша — тыя паселішчы з замкамі на Дняпры, якія я згадваю па памяці. Захаваўся з іх толькі замак у Быхаве, ад астатніх засталіся адно замчышчы. Скрозь паўз Дняпро, які даваў і працу, і ежу, тысячагоддзямі тут жылі людзі.
Вось там, у Лоеве, на хатнім двары была змайстраваная з рэек і брусоў вялікая альтанка, абцягнутая тоўстым поліэтыленам. Запрошаныя на вяселле госці сядзелі і ў хаце, у якой былі расчыненыя і дзверы, і вокны, і ў гэтай альтанцы, на лавах, вакол вялікага агульнага стала. Мы гралі побач, у двары, дзе таньчылі і весяліліся госці.
Мы гралі, былі занятыя і заклапочаныя і якасцю музыкі, і спевамі, мы хваляваліся, бо ж выступалі ўпершыню. Падвыпіўшыя госці былі задаволеныя і непатрабавальныя. Жывы музычны гурт, ды яшчэ з Гомеля, быў для лоеўцаў шыкоўным упрыгожваннем вяселля. Мы адыгралі свой «джэнтльменскі набор» — расейскія хіты і свае беларускія кампазіцыі. Вясельныя госці радасна таньчылі. Зямля была яшчэ набрынялая вільгаццю, і гойдаўся пад нагамі ў танцораў, мякка ўгінаўся, чорны, вільготны дол.
Увечары нас, крыху стомленых, але задаволеных, што не падвялі яшчэ болей за гасцей, замяніў нейкі дзядзька-баяніст, а яго ў сваю чаргу — магнітафон. Мы здолелі самі пад’есці і агледзецца. А госці разгуляліся ва ўсю. Аднекуль з’явілася абраджаная ў кажух жанчына з намазанымі сажай вусамі, з падвязанаю чырвонаю моркваю паміж ног. Пасыпаліся вясельныя вострыя жарты, датычныя жаніха і нявесты, загучалі прыпеўкі, такія, што ад смеху аж слёзы каціліся з вачэй. А потым на жэрдцы высока была ўзнятая абезгалоўленая кура. Жанчыны штосьці спявалі, вясёлае і распуснае, трэслі гэтай жэрдкаю, варушылася цельца куры з крывавай шыяй. Цьмяна блішчэла ў зыходзячым святле сонца зліплае ад крыві пер’е.
Гэта была крывавая ахвяра, мабыць, старым славянскім багам, каб шлюб удаўся. Такія паганскія танцы і крывавы абрад я ўбачыў упершыню.
Яе звалі Наталя
Падчас танцаў пад магнітафон я пазнаёміўся з адной дзяўчынай у крэмавай сукенцы з кароткім рукавом, з коратка падстрыжанымі кучаравымі чорнымі валасамі. Мы таньчылі некалькі разоў пад павольную музыку. Як толькі гучаў павольны танец, я шукаў вачамі яе ў натоўпе, падыходзіў і запрашаў. Яна ўсмешліва пагаджалася, і цяпер ужо пад нашымі нагамі мякка калывалася зямля. Позна ўвечары, калі госці паступова пачалі разыходзіцца, я павёў праводзіць яе дахаты. Яе звалі Наталя, ёй было 18 гадоў, яна была стрыечнай сястрой маладога, таму і прыйшла на вяселле. Яна вучылася ў лоеўскай педвучэльні на настаўніцу малодшых класаў. Мы прагулялі па ціхіх цёмных лоеўскіх вулічках і працалаваліся ўсю ноч. Наталя была ціхай і маўклівай, усё больш пасміхалася, гаварыў пераважна я і пра штосьці ў яе распытваў. Тады яна адказвала на мае пытанні. Урэшце пад раніцу, развітаўшыся з ёй і дамовіўшыся сустрэцца ўдзень, з светлым і лёгкім настроем я заваліўся спаць у бацькоўскай хаце маладой на вызначаным мне месцы.
Алесь Бяляцкі з жонкай Наталляй. Гомель,1984 г.
Назаўтра мы ўжо не гралі. Разам з гасцямі, якія ізноў напоўнілі хату і двор, мы селі за стол. Неўзабаве прыйшла гэтая маладзенькая чарнявенькая і кучаравенькая сваячка маладога. Зранку яна спадабалася мне яшчэ болей. У яе былі выразныя рысы твару, роўны авал тварыка, які звужаўся да падбародка, і вельмі далікатная скура. Я чытаў некалі перад гэтай сустрэчаю з ёй вершы персідскіх паэтаў. Там яны параўноўвалі абліччы персідскіх прыгажуняў з пяшчотным і далікатным персікам. Калі я паглядаў на сваю новую знаёмую, дык разумеў, што вось менавіта пра такіх персіянак і пісалася ў іхніх рубаі.
Пасля ранішняга застолля мы схадзілі з упадабанай мною дзяўчынай на недалёкі бераг Дняпра. Яна паказала мне веснавы разліў. Дняпро ўразіў. Мы стаялі на дваццаціметровай строме берагу, каля ніткі старых акопаў, якія цягнуліся ўздоўж. Наколькі бачылі вочы, уся бяскрайняя прастора ўнізе была залітая вадою. Ярка свяціла травеньскае сонца. Дзьмуў, насычаны веснавой вільгаццю, свежай травой і рачнымі пахамі, цёплы вятрыска. Дзесьці далёка-далёка, кіламетрах у дваццаці, за морам вады з зеленкаватымі купамі залітых разлівам дрэваў, шэрай ніткай цямнеўся лес.
Наваколле, прастора вады, пахі, прыгожая дзяўчына побач — адчуванне шчасця напоўніла мяне. Мы пацалаваліся на гэтым высокім беразе Дняпра яшчэ можа разы з два. Пасля начных пацалункаў яшчэ смылелі вусны. Затым вярнуліся на вяселле і проста трымаліся астатнія гадзіны перад абедам побач і разам. Дзесьці ў абед трэба было развітвацца і ад’язджаць. Пад’ехаў аўтобус, мы загрузілі свае інструменты, у пасажырку селі таксама тыя з гасцей, каму трэба было дабрацца да Рэчыцы, праз якую мы мусілі праехаць, і да Гомеля. Праз шыбу я махаў дзяўчыне, з якой пазнаёміўся, таньчыў і цалаваўся ўсю ноч. Яна пасміхалася мне ў адказ. І ў мяне было адчуванне, што я губляю штосьці такое, што я не павінен згубіць. Былі ў мяне знаёмыя дзяўчынкі і дагэтуль. Але вось такое адчуванне з’явілася ўпершыню.
Вось так адбыўся першы музычны выступ «Баскаў» на людзях. Я б не апісваў так падрабязна сваё мімалётнае і кароткае спатканне з лоеўскай чарнявай прыгажуняй-«персіянкай» Наталяй, якое было лёгкім фліртам, калі б не атрымалася так, што праз пяць гадоў яна стала маёй жонкаю.
Мы працягвалі зрэдку граць на вяселлях у сваіх сяброў, а аднойчы паехалі даваць танцы ў Вялікія Нямкі, на радзіму да Едруся Акуліна. У вясковым клубе была свая апаратура, а штосьці мы прывезлі самі. У клуб сабралася ўся навакольная моладзь з Нямкоў і суседніх вёсак. Адыгралі мы з поспехам, па некалькі разоў паўтараючы некаторыя свае беларускамоўныя кампазіцыі, пад якія моладзь таньчыла асабліва заўзята. У Вялікія Нямкі пасля таго мы наязджалі шмат разоў…
Ладзілі танцы мы таксама ў клубе ў вёсцы Астрагляды ў Хойніцкім раёне, дзе жыла бабуля Сержука Скачынскага, нашага сола-гітарыста. А затым гралі на ягоным вяселлі ў вёсцы Стаўбун Веткаўскага раёна. За жонку ён узяў дзяўчыну з нашай групы, Галю Панкову, русакосую і галасістую аматарку паспяваць разам з намі, у аўдыторыі, падчас перапынкаў паміж лекцыямі, беларускія народныя песні. Яны пазнаёміліся і ўпадабалі адно аднаго ўсё ў тым жа інтэрнаце на Кірава, дзе жыла і Галя.
Агульным вагонам у Крым
Але яшчэ перад гэтым, увосень 82-га года, ужо ў кастрычніку, маючы вольны ад заняткаў тыдзень, мы ўтрох — я, Едрусь і Сяржук Сканчынскі — ездзілі адпачываць дзікунамі ў Крым. Праезд у агульным вагоне з Гомеля да Сімферопалю па студэнцкім білеце са зніжкай напалову каштаваў пяць рублёў. Атрымаўшы 40-рублёвыя стыпендыі, заплаціўшы з іх па 10 рублёў за праезд туды-сюды, з астатнімі грашыма, з намётам і спальнікамі мы паехалі ў Крым. Мы дабраліся да Алушты, адышлі ад гораду па ўзбярэжжы кіламетры з тры і паставілі сярод ляску з невысокай крымскай хвоі недалёка ад берага мора намёт. У першую ноч было ветрана. Устурбавана, як магутная жывёла, шумела-ўздыхала мора, і мне здавалася, што вось-вось наш намёт разам з намі зліжа высокі і грозны марскі вал. Бераг дрыжэў і калаціўся ад націску мора. Неяк пераначавалі мы, штораз прачынаючыся і падхопліваючыся. А потым наступіла раніца. Было ціха, сонечна і зусім цёпла. Гэткая ж цёплая, летняя была і вада.
Мы адцягнулі намёт далей ад берагу, распалілі вагеньчык, зварылі бульбы, якую прывезлі з сабой, пад’елі і пайшлі з Едрусем у горад купіць віна і харчоў. На набярэжнай Алушты стаялі аўтаматы з газіроўкай. Мы падышлі да аднаго, агледзелі яго, аказалася, што за манетку ў дваццаць капеек ён налівае шклянку маладога вінаграднага віна. Гэта быў вінны аўтамат. Мы выпілі па маліноўскім, віно было лёгкае, свежае і спатольнае. Мы паўтарылі і захмялелыя крыху зайшлі ў бліжэйшую лаўку, купілі штосьці з ежы і пляшку марачнага мацаванага «Какуру», даражэйшага за сухое віно, і яшчэ адну трохгадовага масандраўскага «Партвейну», а таксама штосьці яшчэ з больш паэтычнай назваю, але таксама марачнага і салодкага. Пасля нашага заўсёднага беларускага яблычнага «чарнільца» ці ўкраінскага «Білого міцного», якое закаркоўвалася бляшаным коркам, як піва, ці азербайджанскага «Агдаму», якое чамусьці называлася «вінаградным партвейнам», а было насамрэч брыдкай барматухаю, масандраўскія віны падаліся нам напоем старых грэцкіх багоў.
Наступныя некалькі дзён мы толькі тое рабілі, што не рабілі нічога. Мы хадзілі ў Алушту папіць «газіроўкі» і закупіць марачнага віна. Кожны дзень бралі штосьці іншае — і «Мадэру», і «Херэс», і нейкія «Даліны» і «Ночы», адзіны «Какур» заставаўся нязменным улюбёнцам. Песня гурта «Дыялог» — «Люблю волчек — забаву детства», загучала па-іншаму: «Люблю «Какур» — забаву дзецтва».
Перайначваць вядомыя песні на свой капыл — была нашай заўсёднай забаваю. Затым мы гатавалі ежу, купаліся, апаляліся пад ласкавым восеньскім сонцам. Яшчэ браўся загар, і мы хутка падсмажыліся, лежачы на дзікіх і пустых камянях. Мы былі адны. Мы адлівалі ў бляшаныя кубкі з пляшкі кожны сабе віна, распаўзаліся, як цюлені, на цёплыя камяні і паціху цмакталі вадкі п’янкі вінаград. Нават размаўляць у такія хвіліны нам не хацелася, бо знаходзіліся мы ў стане, блізкім да нірваны.
Бераг, аб які плёхалі марскія хвалі, быў камяністы. Некалькі вялікіх скальных камянёў тырчэлі з вады. Адная ўпадзінка на такім камяні нагадвала адшліфаваную вадой каменную ванну. Мы ўпадабалі залазіць туды па адным і чакаць, пакуль марская хваля не пераскочыць праз бераг каменнага ложа і не абдасць ляжачага там важкай марской плюхай вады і пены. Купальшчыка гойдала туды-сюды. Астатнія паглядалі ды смяяліся. Вада вылівалася праз шчыліны прыроднай ванны. Мора гулялася з намі.
Адзінокі дэльфін і могілкі
Аднаго ранку мы бачылі адзінокага дэльфіна, які рытмічна нырцаваў на даляглядзе. Яшчэ ў іншы дзень уся вада, у якую мы скокнулі ўсе разам, была поўная матавых медузаў. Мора нагадвала густы суп з клёцкамі. Медузы нас не паабстрыкалі, але мы павыскоквалі з вады як ашпараныя. А цёмначы, па беразе пачыналі бегаць-шуршэць маленькія, з савецкі жалезны рубель, крабікі. Увечары сонца хутка заходзіла за высокі схіл гары і станавілася па-восеньску цёмна. Паўднёвая цемрадзь, як сажа, ахутвала бераг. Толькі злёгку блішчэла мора і ўдалечыні свяціліся ціхія таямнічыя агні караблёў. Усё было так дзіўна, так прыгожа, так непадобна на сціплыя краявіды нашай Гомельшчыны. Вадкае настоенае пахкае масандраўскае віно разбавіла нашу цягучую беларускую кроў. Хацелася запомніць і мора, і пахі пухнатай крымскай хвоі, і гучны строкат цыкадаў, запомніць так, каб не забыцца да апошняй секунды, да апошняга ўздыху такога доўгага яшчэ і радасна-цікавага жыцця.
Аднаго разу ўдзень мы ўскараскаліся на гару. Схіл яе да мора быў стромым, і мы з цяжкасцю прабіраліся праз чарналессе. На самай вяршыні мы ўбачылі невялікія, можа, з дзесяць капцоў, могілкі. Адваротны бок гары быў больш схілы, але ўсё роўна апошнія метраў сто ўзносіліся рэзка ўгару. Відаць, калі сюды некалі ўзнімалі труну, дык даводзілася вось гэты адрэзак апошняга шляху несці яе на руках. Прысады з высокіх цёмных кіпарысаў пазначалі нітку старой, зарослай зараз хмызняком дарогі. З нейкай тугой і сумам паглядалі мы на высокі мармуровы крыж, які стаяў на магіле сямнаццацігадовай дзяўчыны. Думалася, што як гэта няслушна і несправядліва — памерці ў сямнаццаць гадоў! Кожны з нас міжволі прымерваў яе нядоўгае жыццё да свайго. Як гэта магчыма, памерці такой маладой, калі вакол гэткі чароўны, напоўнены жыццём свет, калі ўсё, усё яшчэ наперадзе, калі ты заглядаеш сабе ўсярэдзіну і адчуваеш, як ты напоўнены яшчэ неакрэсленымі і няўцямнымі марамі і задумамі, калі ты, як клён у сакавіку, напоўнены салодкім сокам жыцця і вось-вось гатовы распусціць свае зялёныя шаты… Верад жыцця бурлеў у нашых жылах, і кожная клетачка цела была напоўненая незгасальным імпэтам.
І хоць мы гэта ведалі не горш, а, можа, і лепш за іншых сваіх аднагодкаў, бо багата чыталі, але нам у той момант і ў голаў не прыходзіла, што ў гэтым самым, нашым 20-м стагоддзі, калі мы нарадзіліся, выраслі і жылі, на гэтай самай еўрапейскай зямлі загінулі, памерлі, былі забітыя розным чынам дзясяткі мільёнаў такіх самых маладзёнаў, як мы, і што яшчэ не нарадзіўшыся, мы ўжо прайшлі жорсткае сіта адбору, бо вынішчаліся без разбору тры папярэдніх пакаленні нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў.
Ніжэй пад могілкамі віднеліся раскладзеныя вялікія вінаграднікі. Мы збеглі ўдол. На карычневай, сухой, камяністай зямлі раслі падвязаныя на шпалеры вінаградныя лозы, а на іх віселі спелыя гронкі зялёна-шызага вінаграду. Мы паздымалі майкі і нарвалі ў іх, няхай нам даруе тутэйшы калгас, пераспелых ужо вінаградных гронак. Вінаградзіны былі цёплыя і мелі п’янкі салодкі водар. Вінаград — дзіця лазы і сонца, блаславёны Богам, ты маеш сонечны смак, а калі дараслееш, пераўвасабляешся ў віно. Мы елі тады яго кілаграмамі, і нам усё было мала і мала. Сіняе мора, мора зеленаватае, чорнае і празрыстае, няўлоўнае ў колеры, як беларускае неба, для нас, беларускіх хлапцоў, звыклых да зялёных лясоў і жоўтых палёў, было адным вялікім дзівам, якое змяніла звыклы свет. Мора ўяўлялася мне адбіткам перакуленага неба, а можа, наадварот, — неба было адбіткам гэтай вечна рухомай істоты, якая жыла сваім жыццём. Мора, як прыгожая жанчына, дазваляла нам любавацца сабой.
Ялта і Максім Багдановіч
Аднойчы мы схавалі намёт ды іншыя транты ў гушчары кустоўя і паехалі ў Ялту. Хто быў у Сімферопалі і дабіраўся ў Ялту, памятае гэты дзіўны тралейбусны маршрут, некалькі дзясяткаў кіламетраў на тралейбусе, праз Алушту і Гурзуф, усё вышэй і вышэй, на Ангарскі перавал, дзе ўжо закладае вушы, а для нас, палешукоў, звыклых да роўных, як стол, краявідаў, ужо так высока, што аж займае дых, а затым у дол, каля Масандры, да старажытнай ялцінскай бухты, у якой амфітэатрам раскінулася невялікая Ялта, надзвычайна прыгожы горад. Быўшы ў Крыме, мы проста не маглі не пабываць у Максіма Багдановіча.
Мы шукалі магілу Максіма напачатку самастойна, не знайшлі, затым распыталіся ў нейкага дзядзькі, які працаваў там, ён ведаў, дзе пахаваны Максім, і як арыенцір указаў нам магілкі сясцёр Антона Чэхава, да якіх вялі ўказальнікі, і помнік пісьменніку Бірукову. Хоць пра такога пісьменніка мы і не ведалі, але ягоны надмагільны помнік, сапраўды, быў бачны здалёк.
На магіле ў Максіма стаяла шэрая ад часу стэла, вырабленая з пясчаніку. Мы збольшага прыбралі магілку, зграблі лісце, паадкалупвалі з помніка зялёныя бляшкі лішаёў. Стэла была невялікай, але выразнай. Як пісаў Максім Багдановіч пра сябе пры жыцці: «Я непрыкметны, шэры чалавек», вось такі яму і помнік паставілі. Напачатку помнік быў, мабыць, светла-шэрага ці жаўтаватага колеру, а потым ён набыў шэры цёмны колер зямлі. Нас уразіла гэтая прастата і беднасць, гэты мінімалізм, убогасць месца пахавання беларускага генія. Максім Багдановіч быў для нас паэтам нумар адзін. І ён жа памёр, страшэнна таленавіты, будучы не на багата старэйшым за нас. Скрозь на могілках стаялі цёмна-зялёныя стромкія кіпарысы. Яны былі як сімвалы жалобы, як вечныя ахоўнікі на гэтым могілках. Едрусь напісаў пра нашыя пошукі зямнога прыстанішча Максіма верш:
Не да магіл Бірукова і Чэхавых,
а да тваёй
сіратліва-сціплай
прыехалі мы сюды…
Прывіталіся.
Беларускіх рук сляды —
кветкі з лета
захаваліся…
(На могілках у Ялце)
Пасля паездкі ў Крым Едрусь напісаў яшчэ некалькі вершаў пра нашую вандроўку, пра Максіма Багдановіча, але яны не ўвайшлі ні ў першы ягоны зборнік, ні ў нядаўна выдадзены том выбраных вершаў «Святая ноч». Мабыць, ён палічыў іх няспелымі і недасканалымі. Але яшчэ хоць адзін з іх я працытую:
М. Багдановічу
Невыплаканая скрипка
В красный легла футляр.
А. Вознесенский
Крымскае неба навісла
Просінню на кіпарысы,
Шум мора.
Яшчэ ўчора
Алеі адчувалі яго крокі.
Воблакі
Плылі над яго галавой.
Імгненне стой.
Свой лёс знаў сам.
Нам — гора.
Яшчэ ўчора —
жывы пясняр…
Сёння:
Нявыплаканая скрыпка
У чырвоны лягла футляр.
Вядро халоднай вады
Вось так мы разам вучыліся, адпачывалі, рэпетавалі і зрэдку выступалі 82-гі і 83-ці гады. Быў у нас і выступ ва ўніверсітэцкай зале. Гэта быў даволі вялікі зборны канцэрт. Мы мелі адыграць там тры кампазіцыі. Адна справа — грымець і гарлаць у сваёй каморы, іншая — на сцэне паказаць вынік нашых рэпетыцыяў.
Згралі мы, як на маю памяць, слабенька. Самі былі вінаватымі, бо дагэтуль ні разу не рэпетавалі ў вялікай зале. Да ўсяго, за пультам, які рэгуляваў зладжанасць і якасць гучання нашых электрагітараў і мікрафонаў, сядзеў хлопец, які ніколі з намі раней не працаваў і быў зусім не зацікаўлены ў нашым выступе…
І вось мы граем, спяваем, мы з Едрусем выйшлі ў нашых кашулях-вышыванках, а я з жахам не чую гуку гітараў у вялікай прасторнай зале, мне здаецца, што мы вывяргаем нейкую какафонію нязвязаных гукаў. Я азіраюся на хлапцоў і бачу, што і яны разгубленыя і прыгаломшаныя, але ж не спыніцца, нічога не паправіць і не пачаць наноў. У мяне было адчуванне поўнага правалу. Галоўным жаданнем было дайграць хоць бы як і вылецець са сцэны. І толькі на апошняй, трэцяй кампазіцыі мы неяк пачулі і інструменты, і сябе, крыху супакоіліся, і яна атрымалася больш-менш зладжанай…
Гэты выступ быў як вядро халоднай вады на нашы галовы. Мы ўжо мелі шэсць-сем уласных кампазіцыяў, кожны з нас падцягнуўся ў гранні на сваіх інструментах, няблага гучалі і рытм-гітара, і бас-гітара, і бубны, а вось захапляюча шчымлівай сола-гітары, якая б забірала на сябе ўвагу, вяла, дзе патрэбна, мелодыю, разбаўляла, дзе неабходна, варыяцыямі і прыгожымі мастацкімі ўстаўкамі асноўны рытм і канву кампазіцыяў, ужо не кажучы пра імправізацыі, гэтага ў нас не было, і нават не вымалёўвалася.
Мы вырашылі падмацаваць адсутнасць добрай сола-гітары электраарганам і павесілі ў навучальным корпусе на дошцы аб’яваў абвестку, дзе запрашалі клавішніка з музычнай адукацыяй далучыцца да «Баскаў». Абвестка правісела некалькі дзён, ахвочага не знайшлося. На свабодзе, перад пасадкаю, я перабіраў свае старыя паперы і сярод іх знайшоў гэтую абвестку, адную з нямногіх памятак, якая захавалася пра існаванне «Баскаў». Ляжыць у мяне яшчэ камплект струнаў для бас-гітары, падараваны мне на дзень нараджэння «Баскамі» з віншавальным подпісам ды пару аматарскіх здымкаў, на якіх мы стаім з гітарамі на ганку клуба ў Стаўбуне, хіба што і ўсё.
Новага музыку-арганіста мы не знайшлі, і гэтым пазначыўся надыход творчага крызісу. Тым не менш, мы працягвалі граць і рэпетаваць у старым складзе.
Яшчэ адна Наталля. Пачатак жыцця
На пятым курсе Едрусь ажаніўся. За жонку ён узяў сваю аднакласніцу, дзяўчыну з ягонай вёскі, якая таксама вучылася на нашым факультэце, але на рускім аддзяленні, Наталлю Карнеенку. Некаторыя лекцыі чыталіся для ўсіх філолагаў, «рускіх» і «беларусаў», таму мы часта сядзелі ў вялікіх аўдыторыях усім беларуска-рускім кагалам. Наталля была адной з самых прыгожых філалагіняў і першым каханнем Едруся. У іх было каханне яшчэ ў школе, юнацкае захапленне, ці, больш дакладна, хутчэй гэта была ўзаемная сімпатыя і зацікаўленасць адно ў адным. Тут, ва ўніверсітэце, каханне між імі ўспыхнула з новай сілай і горача запалала. На пятым курсе Едрусь паведаміў, што яны бяруць шлюб. А ён жа быў маім лепшым сябрам! У нечым яны былі вельмі рознымі, а ў нечым вельмі дапаўняльнымі. Бо прайсці болей за трыццаць гадоў разам па жыцці — гэта не ў лаўку па хлеб схадзіць.
Едрусь Акулін з жонкай Наталляй. Гомель, 1984 г.
На іхнім вяселлі я быў у Едруся за дружку, за шафера. Інакш і быць не магло. Вяселле было студэнцкім. Мы выкуплялі нявесту ў яе сябровак у інтэрнаце, сыпалі дробязь і металічныя рублі на падлогу ў студэнцкім пакоі. Жонка Едруся Наталля, дарэчы, была на тым паспяховым выступе «Баскаў» у Вялікіх Нямках. Яна прыходзіла на танцы са сваімі сяброўкамі. Можа, слава гэтага выступу, якая ззяла тады над нашымі галовамі ў Нямках, а асабліва над галавой Едруся, неяк і паспрыяла іхняму шлюбу. А чым мы маглі яшчэ прывабіць сваіх дзяўчын апроч сумнеўных творчых перспектываў ды вось такой, хуткабежнай музычнай славы, якая развейвалася як туман.
Вяселле Едруся Акуліна. Гомель, 4 лютага 1984 г.
Урэшце, гэта быў толькі пачатак, пачатак нашага жыцця, пачатак нашых здольнасцяў, якія — мы чацвёра верылі — яшчэ вырастуць і ўвасобяцца, і зайграюць яркім святлом на ўсю Беларусь. Мы самаўпэўнена верылі, што мы будзем адны з арыгінальнейшых і таленавіцейшых. Мы былі безаглядна перакананыя, што ўсё найлепшае ў нашым жыцці яшчэ наперадзе. Мы імкнуліся да неакрэслена высокіх мэтаў, не зусім разумеючы, не задумваючыся над тым, што шлях да гэтай мэты і ёсць самім нашым жыццём.
Нябачныя палескія чараўніцы-паркі сучылі з сувою жыцця ніткі нашых лёсаў. Выглядала так, што пасля заканчэння вучобы «Баскі» мусілі раз’ехацца ў розныя канцы Гомельшчыны. Мы пралічвалі ўсе магчымыя варыянты для захавання нашага гурта, і нічога не атрымлівалася. Бо тады трэба было б разабрацца з размеркаваннем. Трэба было прасіцца і знайсці працу ў Гомелі. Трэба было ўсім нам чатыром адкасіць ад войска. І рабіць усё гэта адначасова. Гэта быў толькі відавочны парог праблемаў, створаных тагачасным савецкім жыццём. Пераадоленне іх зусім не забяспечвала поспех у творчым лёсе «Баскаў». У нас не было ані сувязяў, ані блату, ані ўплывовых бацькоў. Таму з «Баскамі» даводзілася развітацца.
Надышло размеркаванне. Мы раз’ехаліся па розных раёнах. Я — у самы далёкі, Лельчыцкі, Едрусь — у Рэчыцкі, Толік Кавалёў — у Жлобінскі, Сяргей Скачынскі — у Веткаўскі. Быў 1984-ы год. Усе нашы раёны, апроч Жлобінскага, неўзабаве былі засыпаныя радыяцыяй. Толіку Кавалёву, мабыць, па «міліцэйскім блаце», ягоны бацька, маёр міліцыі, дапамог у службе ў войску ў менскім міліцэйскім палку, і ён два месяцы праслужыў у чарнобыльскай зоне, штосьці ахоўваў менавіта тады, калі там бушавала радыяцыя. Затым ён вярнуўся ў сваю школу на Жлобіншчыне і працуе там вось ужо амаль трыццаць гадоў. У яго ёсць свая ўдарная ўстаноўка, але я не ведаю, ці грае ён зараз калі-небудзь.
Сяргей Скачынскі ўсё жыццё жыве ў адным з найбольш радыяцыйных раёнаў — Веткаўскім, дзе большасць вёсак пераселеныя, а хаты разбураныя і закапаныя ў ямах.
Я ж, адпрацаваўшы ў вясковай школе першую чвэрць, паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры Акадэміі навук і пераехаў жыць у Менск. Неўзабаве туды завочна паступіў і Едрусь. Затым, пасля аспірантуры, я стаў дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Шэсць гадоў адпрацаваўшы ў вёсцы, у Менск пераехаў і Едрусь. Затым мы разам адпрацавалі ў музеі восем гадоў.
* * *
Так скончылася невялікая гісторыя беларускамоўнага гурта «Баскі». Непрацяглая і някідкая, яна, тым не менш, моцна паўплывала на нашы асабістыя лёсы. Едрусь Акулін — адзіны з нас, хто не закінуў музыку. Ён працягвае спяваць сам і выдаў некалькі песенных бардаўскіх альбомаў. З песняю Едрусь ідзе па жыцці, і ягоныя песні дапаўняюць ягоную паэтычную творчасць. Едрусь багата выступае: і ў школьных класах, і ў студэнцкіх залах, а раней на мітынгах, дзе яго слухаюць сотні і тысячы людзей. Ён змушае іхнія душы адгукацца на ягоныя лірычныя песні пра каханне і пра Беларусь.
Разам з жыццём «Баскаў» скончылася мая музычная «кар’ера». Пасля «Баскаў» я ні разу не ўзяў у рукі бас-гітару. З’явіліся іншыя беларускія праекты, якімі я больш-менш паспяхова займаюся ўсё жыццё. Але «Баскі» нікуды не сышлі. У маім жыцці і жыцці маіх сябрукоў ад іх назаўсёды засталося штосьці важнае ды істотнае. Так што пакуль будзем жыць мы — будуць жыць і «Баскі». Мы проста не граем. Але «Баскі» — FOREVER.
Бабруйск, калонія № 2
Рэдакцыя «Новага Часу» віншуе Алеся Бяляцкага з днём народзінаў! Зычым моцы, вытрымкі, аптымізму і найхутчэйшага вызвалення!
Вы можаце таксама павіншаваць палітвязня ці проста падтрымаць яго паштоўкай ці лістом: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Алесь Віктаравіч Бяляцкі.