Экс-дыпламат: Задача ЕС — намацаць супярэчнасці паміж Лукашэнкам і Пуціным

Беларускі экс-дыпламат і палітычны аналітык Павел Слюнькін распавёў DW пра стаўленне Бруселя да беларускага крызісу, гульні Лукашэнкі з ЕС і чаканні беларусаў ад новага ўрада ФРГ.

Сэлфі на фоне МЗС: Павел Слюнькін

Сэлфі на фоне МЗС: Павел Слюнькін

Да верасня 2020 года Павел Слюнькін быў супрацоўнікам упраўлення Еўропы Міністэрства замежных спраў Беларусі. З-за сваёй грамадзянскай пазіцыі ў сувязі з пратэстамі пасля прэзідэнцкіх выбараў у РБ ён звольніўся і цяпер з'яўляецца аналітыкам Еўрапейскай Рады па міжнародных адносінах (ECFR). Экс-дыпламат даў інтэрв'ю DW, у якім патлумачыў, як у ЕС глядзяць на беларускую праблему і на што спадзяецца Мінск.

— Вы не адзіны, хто сышоў з МЗС. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей казаў пра 5–6 % звольненых супрацоўнікаў. Апазіцыя паведамляла аб некалькіх дзясятках чалавек.

— Першымі вымусілі звольніцца людзей, якія рабілі публічныя заявы — асудзілі гвалт, выказаліся за ўнутраны дыялог, заклікалі да таго, каб выбары ў Беларусі былі праведзеныя сумленна. Другая хваля закранула людзей, якія ставілі подпісы ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў ці былі заўважаныя ў нейкай іншай палітычнай актыўнасці. І трэцяя хваля, якая да гэтага часу працягваецца, — сістэма спрабуе ачысціць сябе ад тых, хто лічыў галасы на выбарах 2020 года ў пасольствах.

— Ці не баяліся дыпламаты падтрымліваць пратэсты?

— Усе беларусы выдатна разумелі, на якую рызыку ідуць. Яны ведалі, што аўтарытарная сістэма будзе помсціць. Але перад людзьмі паўстала пытанне чалавечай годнасці. І кожны для сябе рабіў выбар сам.

У выніку супрацоўнікі МЗС падзяліліся на тых, хто адважыўся падтрымаць пратэсты, і тых, хто, нягледзячы на тое, што не падтрымлівае цяперашнюю ўладу, працягнуў працаваць. Але ўлічваючы тое, у якой сістэме яны жывуць, асуджаць гэтых другіх несправядліва.

— У ЕС лічаць, што праблему з Лукашэнкам нельга вырашаць без Пуціна...

— У Лукашэнкі і Пуціна — розныя мэты. Беларуска-расійскія адносіны трэба разглядаць больш комплексна. У прэзідэнта Расіі свае інтарэсы, якія заключаюцца ў пашырэнні ўласнай улады, а ў Лукашэнкі — задача захаваць свае інструменты кантролю. Паміж Лукашэнкам і Пуціным ёсць супярэчнасці. Галоўная задача ЕС — намацаць гэтыя супярэчнасці і паглыбляць іх. Гэта дазволіць ЕС пашыраць свой набор інструментаў уплыву. Спроба вырашыць беларускі крызіс, толькі дамовіўшыся з Масквой, не будзе паспяховай.

— Памілаванне палітвязняў — гэта гульня Лукашэнкі з Бруселем?

— Адпусцілі ўсяго толькі 13 чалавек. Гэта не яркія апазіцыйныя фігуры, і ўсе яны напісалі прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. З пункту гледжання ўладаў яны не губляюць твар і паказваюць, што тых, хто раскайваецца, яны гатовыя адпусціць. У той жа час гэта зручная магчымасць прадэманстраваць ЕС, што яны гатовыя пайсці насустрач. Але праблема Лукашэнкі заключаецца ў тым, што ён не можа цяпер цалкам аслабіць рэпрэсіўныя ціскі, таму што ўзровень яго непадтрымкі ўнутры Беларусі вельмі высокі.

Таму вызваленні будуць, але невялікімі порцыямі. І гэта можна прадаваць ЕС як трэнд на лібералізацыю і дэмакратызацыю. Паралельна будуць саджаць новых людзей — проста таму, што ўладам неабходна падтрымліваць градус страху ўнутры Беларусі. І калі ЕС і новыя ўлады Германіі купяцца на гэта, беларускія ўлады ўбачаць, што ім зноў удалося падмануць і выдаць за лібералізацыю працэсы, якія на самай справе імі не з'яўляюцца. Зрэшты, цяпер складана ўявіць, што ЕС будзе гатовы адысці ад сваіх першапачатковых патрабаванняў і пачаць з Мінскам дыялог з-за таго, што ён адпусціў некалькі дзясяткаў чалавек.

— Цяпер у ЕС прыкметна спадае цікавасць да беларускага парадку. Чаму?

— Таму што беларускі кейс вельмі складана вырашыць. ЕС спрабаваў вырашыць крызіс на працягу мінулага года, і вынік адмоўны, калі глядзець на тое, чаго ён хацеў дамагчыся. У Беларусі знішчана грамадзянская супольнасць, да гэтага часу краінай кіруе чалавек, які сфальсіфікаваў выбары, руху ў бок дэмакратыі няма. Надыходзіць стадыя расчаравання. І калі ты разумееш, што не можаш вырашыць праблему, таму што ў цябе недастаткова інструментаў або волі, то ты пераключаешся на больш просты кейс, які можа прынесці палітычныя дывідэнды.

Ці будзе павышацца ўвага еўрапейцаў да Беларусі, шмат у чым залежыць ад самога Аляксандра Лукашэнкі. Увага спадае не першы раз. У сакавіку 2021 года аб Беларусі таксама гаварылі мала. Але Лукашэнка сам справакаваў сектаральныя санкцыі тым, што пасадзіў самалёт з Раманам Пратасевічам у Мінску. Затым выпадак з Ціманоўскай прыцягнуў вялікую ўвагу міжнароднай супольнасці. Цяпер гэта міграцыйны крызіс. Аляксандр Лукашэнка сам не дае магчымасці, каб пра яго забыліся.

Паводле www.dw.com. Друкуецца ў скарачэнні.