Беларусь называе розныя ўмовы для ўводу ў дзеянне пагаднення аб малым прыгранічным руху з Польшчай

Беларускі бок называе розныя ўмовы для ўводу ў дзеянне пагаднення з Польшчай аб малым прыгранічным руху, паведаміў польскі пасол Лешак Шарэпка 13 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску.



sharepka.jpg

"Ёсць розныя аргументы, — сказаў ён, адказваючы на пытанне, калі можа запрацаваць пагадненне. — Спачатку беларускі бок казаў, што калі палітычная атмасфера паміж намі будзе добрая, тады можна ўводзіць. Зараз акцэнт робіцца на праблемах з інфраструктурай пагранічных пунктаў пропуску".
Паводле слоў Шарэпкі, Беларусь мяркуе, што спачатку неабходна палепшыць інфраструктуру мяжы, каб не ўзнікла праблем у выпадку павелічэння патоку грамадзян, а затым ужо запускаць у дзеянне пагадненне.
Дыпламат зазначыў, што польскі бок перадаў Беларусі неафіцыйны дакумент з аналізам сітуацыі. У ім указваецца, у прыватнасці, на тое, што да далучэння Польшчы да Шэнгенскай зоны значна больш грамадзян перасякалі беларуска-польскую мяжу і прапускныя пункты з гэтым спраўляліся.
"Ёсць велізарная магчымасць для павелічэння колькасці людзей, якія перасякаюць мяжу, нават пры цяперашняй інфраструктуры, — упэўнены Шарэпка. — Я прыхільнік таго, каб максімальна хутка ўводзіць у дзеянне пагадненне аб малым прыгранічным руху і адначасова паляпшаць інфраструктуру".
Нагадаем, пагадненні аб малым прыгранічным руху насельніцтва з Латвіяй, Літвой і Польшчай Беларусь падпісала яшчэ ў  2010 годзе. Пакуль дзейнічае толькі беларуска-латвійскае пагадненне, якое набыло моц 1 лютага 2012 года. Польшча і Літва ўсё яшчэ чакаюць ад беларускага боку паведамленняў аб завяршэнні ўсіх неабходных працэдур. Польшча ратыфікавала дакумент у тым жа 2010 годзе, Літва — у 2011-м.
У працы пагаднення аб малым прыгранічным руху з Польшчай зацікаўленыя жыхары заходніх рэгіёнаў Беларусі. Летась у Гродне і Брэсце прайшлі пікеты з патрабаваннем да беларускіх уладаў актывізаваць працу па ўвядзенні ў дзеянне пагаднення. Мясцовыя жыхары сабралі тысячы подпісаў пад адпаведнымі петыцыямі на адрас прэзідэнта і парламента, у якіх падкрэслівалася: дагавор аб малым прыгранічным руху з Польшчай "закранае інтарэсы больш як мільёна беларускіх грамадзян".
Паводле БелаПАН