Блогеру Паўлу Спірыну прысудзілі 4,5 года калоніі

У Мінскім гарадскім судзе сёння абвешчаны прысуд 36-гадоваму блогеру Паўлу Спірыну, паведамляе «Свабода».

405393fa_05db_485f_8cca_ab37ebc3d2a1_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.webp


Яго абвінавацілі паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу за «наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці паводле прыкметы сацыяльнай прыналежнасці».

Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў пакараць блогера Паўла Спірына 4 з паловай гадамі калоніі агульнага рэжыму.

Паўлу Спірыну прад’явілі абвінавачанне за два відэаблогі на ютубe. Гэта фільм «Грань» пра наркагандаль у Беларусі, які занеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. А таксама блог «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі. Карт-бланш на садызм» пра падзеі 9 жніўня і гвалт амапаўцаў супраць мірных дэманстрантаў.

Паўла Спірына трымалі ў клетцы, пад аховай шасці супрацоўнікаў міліцыі. На пачатку працэсу блогер адмовіўся ад адваката. Разглядала справу суддзя Дзіна Кучук.

У апошнім слове 1 лютага Павел Спірын сказаў, што ягоныя відэа «гэта проста жорсткая, але крытыка».

«Напрыклад, газета адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі 300-тысячным накладам распаўсюджвае ў разы больш жорсткую крытыку, чым я, заклікаючы адбіраць у пратэстоўцаў з сем’яў дзяцей, параўноўваючы іх з фашыстамі і асобамі, якія ў вайну 41-га года адбіралі ў малалетніх дзяцей кроў, — сказаў блогер. — І ніхто гэтых журналістаў і рэдактараў у распальванні варожасці не абвінавачвае, гэта лічыцца проста жорсткай крытыкай».

Павал сказаў, што ў яго забралі ўсё: свабоду, магчымасць юрыдычна дапамагаць людзям, маці, жонку, малалетняга сына. Яго затрымалі ў верасні мінулага года і шосты месяц не дазваляюць спатканні з блізкімі, ён прайшоў «максімум прыніжэнняў». 

Каго раней судзілі паводле 130-га артыкулу?

У 2018 годзе Менскі гарадскі суд асудзіў беларускіх аўтараў Regnum, Lenta.ru и EADaily Сяргея Шыптэнку, Дзмітрыя Алімкіна і Юрыя Паўлаўца на 5 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады. Суд прызнаў іх вінаватымі ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне нацыянальнай варожасці, учыненых групай асобаў паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу.

Усе трое да таго часу правялі за кратамі 14 месяцаў і былі вызваленыя ў залі суду з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.

У сваіх артыкулах яны называлі Беларусь «недадзяржавай».

У 2016 годзе рэдактар сайту 1863x.com Эдуард Пальчыс асуджаны Менскім гарадзкім судом на 1 год 9 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Яго вызвалілі ў судзе з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.

Пальчыса прызналі вінаватым у распальванні нацыянальнай варожасці паводле ч. 1 арт. 130 (за 9 публікацый на сайце) і распаўсюдзе парнаграфіі (за два каляжы) паводле ч. 2 артыкулу 343 Крымінальнага кодэксу. Па першым ён атрымаў год абмежавання волі, па другім — год і дзевяць месяцаў. Выніковы тэрмін атрымаўся шляхам паглынання больш строгім абвінавачаннем менш строгага.

Пальчыс публікаваў матэрыялы з крытыкай беларускіх і расейскіх уладаў.