У Беларусі яшчэ два палітвязня

Пра гэта 4 лютага ў адмысловай супольнай заяве паведамілі праваабарончыя арганізацыі. Пазбаўленне волі Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка яны прызналі палітычна матываваным, а саміх Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка — палітычнымі зняволенымі.

most_3.jpg


Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх. А таксама неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

Стэфан Лазавік быў назіральнікам падчас прэзідэнцкіх выбараў і актыўна ўдзельнічаў у поствыбарчых пратэстных акцыях. Ён быў затрыманы міліцыянтамі 16 верасня 2020 года. Яго падазравалі ў датычнасці да нанясення пратэставых надпісаў, якія той зрабіў 12 жніўня на адным з прыпынкаў транспарту ў Горках. Крымінальная справа першапачаткова была распачатая пракуратурай Горацкага раёна па арт. 341 КК. Пад ціскам следчых Стэфан Лазавік прызнаў датычнасць да нанясення гэтых надпісаў, але калі 29 кастрычніка ён адмовіўся яшчэ і запісаць відэа з пакаяннем у здзейсненым, пракуратара перакваліфікавала абвінавачванне на ч.1 арт. 339 КК — хуліганства. 26 лістапада суд Горацкага раёна прысудзіў Стэфана Лазавіка да 1 года пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію агульнага рэжыму.

Віктар Лосік быў затрыманы 7 снежня ў пасёлку Хацежына пад Мінскам. Супрацоўнікі МУС абвінавацілі Віктара Лосіка ў тым, што ён павесіў на мосце пудзілы з фотаздымкамі міністра ўнутраных справаў і старшыні выбарчай камісіі Хацежанскага ўчастка для галасавання з надпісам “Не забудем, не простим!”, а таксама ў нанясенні выяваў з беларускім нацыянальным гербам “Пагоня” на збудаваннях і апорах моста. Яму было прад’яўлена абвінавачванне па ч.1 арт. 339 (хуліганства) і арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) і абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай у СІЗА г. Жодзіна.

Праваабаронцы адзначаюць, што дзеянні Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка нельга кваліфікаваць як хуліганства. Надпісы, а таксама размяшчэнне пудзілаў з выявамі міністра і старшыні выбарчай камісіі сведчаць пра відавочны пратэставы змест учынкаў Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка. Як вынікае з паказанняў саміх затрыманых, мэтай іх учынкаў было выказванне свайго пратэсту і нязгоды з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. А матывам нанясення надпісаў стала выказванне меркавання на дадзеныя грамадска значныя тэмы.

Праваабаронцы адзначаюць, што нанясенне на апоры моста і іншыя збудаванні выяваў з беларускім нацыянальным гербам “Пагоня”, які афіцыйна прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю беларускага народа, не можа быць кваліфікавана як апаганьванне збудаванняў надпісамі цынічнага зместу і, адпаведна, кваліфікавана па арт. 341 КК.

У заяве праваабаронцаў адзначаецца: «Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачваннямі.

У адпаведнасці з арт. 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі па свайму выбару. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.

Абвінавачаныя не пасягалі на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці, не знішчылі іх. Самі надпісы не ўтрымліваюць нецэнзурнай лексікі альбо мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах. Таксама абвінавачаныя паказалі, што яны не мелі на мэце заклікаць да гвалту ці нейкіх гвалтоўных дзеянняў і іх прапаганду.

Надпісы на прыпынку і апорах моста не маглі і не прывялі да іх значнага пашкоджання ці знішчэння, а матэрыяльная шкода ад такіх надпісаў відавочна насіла сімвалічны характар».

Праваабаронцы лічаць пазбаўленне волі Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка палітычна матываваным, а саміх Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.