Бунін па-беларуску

Прэзентуючы 10 лютага ў кнігарні Галерэі «Ў» зборнік выбраных твораў Івана Буніна на беларускую мову, прафесар Вячаслаў Рагойша трапна вызначыў сакральную сутнасць працы перакладчыка: «Пераклад адыгрывае літаратуратворчую, моватворчую, нацыятворчую ролю…»

І калі перакладаць на беларускую з рускай, складанасць задачы знайсці адпаведную рытміку, інтанацыю ў мове перакладу павышаецца.

У фаліянт з 846 старонак, надрукаваны выдавецтвам І. П. Логвінава, увайшлі лепшыя апавяданні са знакамітага зборніка “Цёмныя алеі, аповесці “Вёска, “Сухадол, раман “Жыццё Арсеннева.
Перакладчык — вядомы спецыяліст па сцэнічнай мове, тэатральны педагог і актор, прафесар Андрэй Каляда, да літаратурнага перакладу прыйшоў болей 20 гадоў таму. Тады ён адчуў востры недахоп твораў сусветнай класікі для працы з уласнымі навучэнцамі ў тагачасным Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, прарэктарам якога стаў напачатку часоў беларусізацыі. За апошнія гады двойчы выходзілі зборнікі пераўвасобленых ім твораў Дастаеўскага, кніга тэатральных п’ес “Лялечны дом, перакладаліся тэксты Астроўскага, Чэхава, Гогаля, маладых беларускіх аўтараў, што пішуць па-руску.
Яшчэ больш выйшла аўдыёкніг, запісаных унікальным голасам Андрэя Андрэевіча, у якім прысутны на вечарыне гісторык кнігі Мікола Нікалаеў з Пецярбургу, па нараджэнні зямляк Каляды з Наваградчыны, адчуў “аўтэнтычныя інтанацыі мовы Статуту ВКЛ. Перажыць думку, інтанацыю, рух душы аўтара — і вымавіць па-беларуску — творчы метад Каляды, заснаваны на акторскай практыцы.
У яго планах — падступіцца да іншых нобелеўскіх вяршынь рускай літаратуры — Барыса Пастэрнака, Аляксандра Салжаніцына, Міхаіла Шолахава. Беларусь і Расія справядліва ганарацца роднаснасцю сваіх культур, але агульная культурная прастора духоўна існуе толькі тады, калі ўзнікае яе матэрыяльная падстава, узаемны пераклад шэдэўраў нацыянальнага пісьменства.