Бунт батанікаў або бунт эліты?

Гісторык і экс-палітвязень Зміцер Дрозд прэзентаваў кнігу, заснаваную на турэмных дзённіках.

kniha_1.jpg

«Бунт батанікаў» — грунтоўнае, амаль на 500 старонак выданне, якое ўключае дзённікі, допісы, рэфлексіі дакументы і фотаздымкі, звязаныя з гісторыяй Зміцера. Ён, гісторык-архівіст ды актывіст «Еўрапейскай Беларусі», быў арыштаваны пасля выбараў 2010 года ды адседзеў тэрмін спачатку ў СІЗА, пасля — у лагеры. Гэта ўжо шостая кніга Дразда: папярэднія былі гістарычнымі, сёлетняя — дакументальная, заснаваная на асабістым досведзе.

На закрытай прэзентацыі прысутнічала трохі больш за два дзясяткі чалавек: «усе свае». Сярод іх шмат фігурантаў падзеяў 7-гадовай даўніны: Ірына Халіп, Алесь Міхалевіч, Сяргей Казакоў ды іншыя.

Зміцер Дрозд

Зміцер Дрозд

«На жаль, не ўсе змаглі прыйсці, — тлумачыць аўтар, — гэта звязана з падзеямі сённяшніх дзён. Некаторыя, як Макс Вінярскі, напрыклад, стараюцца не «свяціцца» лішні раз, каб пазбегнуць прэвентыўных затрыманняў… Тыраж кнігі невялікі, але ўсе прысутныя абавязкова атрымаюць па асобніку. Застанецца нешта і тым, хто не змог падыйсці па розных прычынах».

Экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010-га і экс-палітвязень Алесь Міхалевіч падзякаваў Зміцеру Дразду як чалавек, які «так і не напісаў падобную кнігу, бо не хацеў корпацца ва ўспамінах тых дзён».

Журналістка ды фігурантка «справы дзекабрыстаў» Ірына Халіп заўважыла, што гаворка хутчэй не пра «бунт батанікаў», але пра «бунт эліты», якая магла б узяць уладу і рычагі кіравання ў краіне, калі б гісторыя пайшла іншым шляхам.

Ірына Халіп

Ірына Халіп

«Мы, «дзекабрысты», нечым нагадваем старых франтавікоў, — працягвае Халіп, — калі збіраемся разам і пачынаем размову, то ўсё заўжды зводзіцца да «акопаў»: хто з кім сядзеў, хто быў правакатарам, узгадваем нумары камераў і г.д.»

Прагучала таксама думка, маўляў, няблага было б кожнаму, хто прайшоў пра рэпрэсіі цягам кіравання Лукашэнкі, ужо зараз пісаць успаміны, каб пасля не атрымалася, што «разам з Ленінам бервяно на суботніку несла 5–7–10 чалавек…» Так будзе лягчэй аднавіць праўду пра сапраўдны стане рэчаў у нашай найноўшай гісторыі.