Харчовая бяспека каштуе дорага

Не паспелі мы пачаць пасяўную, яшчэ не закопана першая бульбачка ў зямлю, а Аляксандр Рыгоравіч ужо адрапартаваў пра вялізарныя поспехі беларускай сельскай гаспадаркі. Але карысці ад такіх  дасягненняў — нуль.



untitled_1.jpg

Дарагая харчовая бяспека

Як адзначыў кіраўнік Беларусі на сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, у цяперашні час Беларусь цалкам задавальняе свае патрэбы ў харчаванні і каля паловы пастаўляе на экспарт. Па выніках 2012 года аб’ём экспарту прадуктаў склаў больш за 5 мільярдаў долараў, а да канца 2015 года павінен быць 7 мільярдаў.

«Можна ганарыцца тым, што ў разліку на душу насельніцтва асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі Беларусь займае першае месца сярод краін СНД. Па вытворчасці мяса мы зраўняліся з Германіяй, а па малаку прыкладна ўдвая перавышаем асноўныя развітыя ў аграрным дачыненні еўрапейскія краіны», — заўважыў Лукашэнка.

Здавалася б, можна ганарыцца такімі дасягненнямі. І мы, безумоўна, імі ганарыліся б, калі б словы Лукашэнкі былі «рэальнасцю, дадзенай нам у адчуваннях». Але карысці ад такіх сельскагаспадарчых дасягненняў — нуль.

Навошта нам «разлік на душу насельніцтва», калі нашы грамадзяне ў чэргах стаяць па літоўскія і польскія візы, каб у суседзяў закупіць тое ж мяса, якое ў іх у два-тры разы танней? Чаму пры рэкордным мінулагоднім ураджаі яблыкаў зараз у крамах — польскія і галандскія яблыкі (прычым у 2–3 разы даражэй, чым на іх радзіме), але не беларускія? Дзе на прылаўках беларуская бульба, і што там робяць іспанскія памідоры — у нас жа харчовая бяспека?

Ну і што з таго, што па ўзроўні вытворчасці мяса мы зраўняліся з Германіяй? Германія магла б у дзе­сяць разоў больш мяса вырабляць. Але там не гоняцца за аб’ёмамі, там глядзяць на тое, ці здолеюць яны гэтае мяса прадаць. Мы ўдвая перавышаем краіны Еўропы па малаку толькі таму, што ў Еўропе яшчэ не забыліся на «фермерскія бунты», калі малака там было столькі, што фермеры не маглі яго прадаць, і ліліся малочныя рэкі на плошчы еўрапейскіх сталіцаў і ў каналізацыю…

Літр малака ў Германіі каштуе каля 50 еўрацэнтаў — 5 тысяч рублёў на нашы грошы. У нас — каля 7 500. Кілаграм свініны ў Францыі на нашы грошы — 29 тысяч. Чаму наша «харчовая бяспека» не дае такіх цэнаў? На гэта, на жаль, адказу ад кіраўніка Беларусі чуваць не было.

І так ва ўсім. Толькі нядаўна Лукашэнка разагнаў Мінэнерга, заявіўшы, што там усё ў карупцыі, а расплачваюцца за гэта людзі. І плацяць вельмі шмат. Два тыдні не прайшло з таго моманту, як быў прызначаны новы кіраўнік Мінэнерга. І што? Знізіўся кошт на паліва?

Наадварот! На тыдні ў Беларусі на 1,3% павышаны адпускныя цэны на газы вуглевадародныя звадкаваныя паліўныя для камунальна-бытавога спажывання. Гэта ўжо трэцяе падвышэнне коштаў у бягучым годзе: у лютым яны былі павялічаны на 2,6%, у сакавіку — на 1,3%.

Гэтым жа дакументам прызнаны страціўшым сілу пастановы, якія ўсталёўвалі цэны на газ для запраўкі аўтамабільнага транспарту. Зараз адменена дзяржрэгуляванне цэн на газ для аўто — то бок, кошт будзе свабодна расці.

Але гэта хоць неяк кампенсаваць здолелі. 29 красавіка Савет Міністраў зацвердзіў новы бюджэт пражытачнага мінімуму, які будзе дзейнічаць з 1 мая па 31 ліпеня гэтага года. Бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва з мая складзе 974 тысяч 110 рублёў, што на 5,4% больш, у параўнанні з ранейшымі нарматывамі.

Для працаздольнага насельніцтва БПМ з мая ўстаноўлены ў памеры 1 074 680 рублёў, для пенсіянераў — 803 370 рублёў, для дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў — 846 110 рублёў, для дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў — 1 079 730 рублёў, для дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў — 1 093 130 рублёў, для дзяцей-студэнтаў — 975 200 рублёў.

Хаця маглі б і не «парыцца» з такой кампенсацыяй. Усё роўна пацвярджаецца думка пра тое, што колькі ў беларуса грошай не забірай, яны ў яго ўсё роўна ёсць. Насельніцтва Беларусі па стане на 29 красавіка 2013 выкупіла 94% аб’ёму эмісіі трэцяга выпуску дзяржаўных валютных аблігацый, паведамляецца ў прэс-рэлізе Беларусбанка. Размяшчэнне двухгадовага выпуску валютных аблігацый на суму 50 мільёнаў долараў ажыццяўляецца з 30 студзеня 2013 года. Прыбытковасць валютных аблігацый для насельніцтва складае 7% гадавых.

Такім чынам, беларусы ўклалі ў дзяржаву каля 45 мільёнаў долараў. Актыўны ўдзел насельніцтва ў папаўненні ЗВР Нацбанка (валюта ад продажу аблігацый ідзе ў рэзервы) тлумачыцца добрымі ўмовамі: высокай працэнтнай стаўкай і пагашэннем папер яшчэ да пераабрання Лукашэнкі на 5-ы тэрмін. Апошні фактар немалаважны, паколькі менавіта павышэнне заробкаў перад чацвёртым тэрмінам Лукашэнкі, на думку многіх эканамістаў, прывяло да абвалу рубля ў 2011 годзе.

І не ўсе грошы марнуюцца, што радуе. Дзяржава ўсё ж клапоціцца пра грамадзян. Асабліва пра тых, якія пакідаюць межы Беларусі, часова або назаўсёды. Новы аўтобусны экспрэс-маршрут № 300Э ад сталічнага аўтавакзала Цэнтральны да Нацыянальнага аэрапорта Мінск уведзены з 1 мая.

Гэта хуткасны маршрут з адным прыпынкам каля станцыі метро «Уручча», за кошт чаго час у шляху да аэрапорта скароціцца. З цэнтра горада да пункта прызначэння пасажыры змогуць дабрацца за 60 хвілін у дзённы час і за 55 хвілін — уначы.

Новы маршрут заменіць прыгарадныя аўтобусныя рэйсы № 300С, 300СУ.

Адлегласць ад Нацыянальнага аэрапорта Мінск да станцыі метро «Уручча» складае 33 кіламетры, да цэнтра Мінска — 42 кіламетры. Зараз на гэтым напрамку па раскладзе курсіруюць чатыры рэйсавыя аўтобусы.

Гэта вельмі прыемна для тых, хто плануе ўлетку, падчас адпачынку вылецець куды-небудзь у крызісную Еўропу, паесці таннага мяса і папіць не менш таннага малака. Галоўнае, каб самалёты былі. А грошы на адпачынак і на ежу, гледзячы па тым, як мы спансуем дзяржаву, будуць.