Чыноўныя злодзеі

За гады сваёй навуковай дзейнасці мне ўдалося выключна ўласнымі высілкамі і на асабістыя сродкі надрукаваць каля двух дзесяткаў манаграфій і дакументальных зборнікаў. Таму ў мяне заўжды выклікалі агіду кар’ера за чужы кошт і нахабнае прысваенне працы падначаленых.

За гады сваёй навуковай дзейнасці мне ўдалося выключна ўласнымі высілкамі і на асабістыя сродкі надрукаваць каля двух дзесяткаў манаграфій і дакументальных зборнікаў. Таму ў мяне заўжды выклікалі агіду кар’ера за чужы кошт і нахабнае прысваенне працы падначаленых.
Напачатку 2007 года пры працаўладкаванні ў аддзел публікацый Нацыянальнага гістарычнага архіва мне было публічна даручана дырэктарам А. К. Галубовічам узначаліць калектыў па напісанню зборніка «Віцебская губерня. 1802–1917». Мяне афіцыйна зацвердзілі складальнікам і навуковым рэдактарам зборніка, а тэхнічную падрыхтоўку тэксту да выдання аддалі загадчыку аддзела публікацый З. Яцкевічу. Галоўным складальнікам гэтага праекта на той момант з’яўлялася былая супрацоўніца архіва Т. Е. Лявонцева. Ёю было напісана больш за 70 працэнтаў матэрыялаў зборніка, праўда, не на аснове архіўных першакрыніц, а па знакамітаму Поўнаму збору законаў Расійскай імперыі. Сваю працу яна выканала скрупулёзна і сумленна.
З яе асабістага дазволу мне выпала карэкціраваць і правіць атрыманы ад яе тэкст і дабавіць да яго новыя артыкулы ў маім асабістым выкананні і пры ўдзеле чатырох іншых калег (З. Антановіч, Я. Насытка, Дз. Лісейчыкава і А. Лютарэвіч). Мною былі напісаны ўводзіны. У такім выкананні тэкст зборніка быў ухвалены двума рэцэнзентамі і ў лістападзе 2008 года быў рэкамендаваны да друку Вучонай Радай архіва.
І вось зборнік пабачыў свет, аднак, насуперак рашэнню той Рады, я не значуся ні ў якасці складальніка, ні яго навуковага рэдактара. Насуперак пастановы Рады, аўтарам прадмовы фігуруе ўжо дырэктар архіва, а ў якасці яго складальніка запісаны загадчык аддзела публікацый. Па-сутнасці, яго кіраўніцтва зводзілася да таго, што ён разоў па 20 на дзень заглядваў у дзверы і сачыў, чым займаюцца падначаленыя. Насуперак рашэнню Вучонай Рады, без усякага папярэджвання, у склад аўтараў былі запісаны два супрацоўнікі, якія не напісалі ніводнага радка ў рэкамендаваным Радай тэксце.
Годнасці і недахопы толькі што выдадзенага зборніка, як звычайна, ацэняць спецыялісты, а не толькі афіцыйныя рэцэнзенты. Мне, натуральна, не выпадае пераказваць тэкст або прадузята каменціраваць яго. Але мне стала брыдка трымаць у руках твор, пісаны і перапісаны мной ад пачатку да канца, складанне якога прысвоілі чыноўныя людзі толькі таму, што скарысталіся сваім службовым становішчам.
Яўген Анішчанка, кандыдат гістарычных навук