Чорны панядзелак Беларусі

12 чалавек загінулі, 204 чалавекі пацярпелі, 157 шпіталяваныя ў выніку тэракту ў мінскім метро. Міф стабільнай і бяспечнай Беларусі падарваны.

У найноўшай гісторыі краіны ўжо было некалькі надзвычайных здарэнняў, калі пацярпелі выпадковыя людзі, — выбухі ў Віцебску ў 2005-м і ў Мінску ў 2008-м годзе. Але іх маштаб і колькасць ахвяраў несуразмерныя з тэрактам у метро. Летальных зыходаў тады, на шчасце, не было, а выбух на Дзень незалежнасці следства ўвогуле класіфікавала як «хуліганства».



53e19f3dbb211f20b20b45668303c1b6.jpg

12 чалавек загінулі, 204 чалавекі пацярпелі, 157 шпіталяваныя ў выніку тэракту ў мінскім метро. Міф стабільнай і бяспечнай Беларусі падарваны.
У найноўшай гісторыі краіны ўжо было некалькі надзвычайных здарэнняў, калі пацярпелі выпадковыя людзі, — выбухі ў Віцебску ў 2005-м і ў Мінску ў 2008-м годзе. Але іх маштаб і колькасць ахвяраў несуразмерныя з тэрактам у метро. Летальных зыходаў тады, на шчасце, не было, а выбух на Дзень незалежнасці следства ўвогуле класіфікавала як «хуліганства».
Цяпер адчування абароненасці і бяспекі няма, бо выявілася, што ахвярай можа стаць абсалютна любы чалавек, калі карта ляжа не на яго карысць. І страшна аказацца на месцы сівога інтэлігентнага выгляду мужчыны, які з трывогай пытаўся пра сваю дачку ў прыёмным пакоі бальніцы: «Яе паказалі па тэлебачанні. Чорненькая, як я, нідзе — няма, аб’ездзіў усе бальніцы, няма. А яе ж паказалі па тэлебачанні...»
Трагедыя выявіла лепшыя рысы беларусаў. Хто моцна не пацярпеў, вярталіся ў метро і дапамагалі выносіць параненых, кіроўцы маршрутак і таксі не ўзвінцілі кошты, а адвозілі людзей бясплатна, на станцыях прыёму донарскай крыві выстройваліся ў чэргі. У інтэрнэце з’явілася цэлая галінка, дзе людзі выкладалі свае маршруты на працу і прапаноўвалі падвезці  на сваіх аўто ўсіх жадаючых.
Потым, канешне, падзяліліся на лагеры паводле версій, хто мог зладзіць страшны тэракт, але дакладна ніхто не пачаў шукаць пазітыўныя ноты ў трагедыі.
Варта сказаць добрыя словы на адрас супрацоўнікаў МНС і медыкаў, якія аператыўна прыехалі на месца здарэння, выносілі-вывозілі-ратавалі людзей. 
Сілавыя структуры, якія разрасліся да рэкордных для невялікай Беларусі памераў, не ёсць гарантам славутай стабільнасці. Хаця адчування, што рукі ў іх доўгія і дацягнуцца да любога, не бракуе. Супрацоўнікі МУС, КДБ апошнія гады шчыльна заняліся іншадумцамі, палітычнымі апанентамі. А вось жа атрымліваецца, што галоўнае і прамаргалі. Ужо пасля выбуху была ўзмоцненая ахова ў метро, з’явіліся шматлікія патрулі. Але выглядае гэта збольшага спробай апраўдацца. Праз месяц-другі ўсё супакоіцца, пасты здымуць, міліцыянты не будуць пільна ўглядацца ў кожнага мінака... Да слова, кіраўніцтва сілавых ведамстваў не выступіла з публічнымі заявамі, у якіх прызнала б сваю непрафесійнасць, халатнасць, не было і заяў пра адстаўкі.
Але гэта не перашкаджае шукаць ворага знешняга і ўнутранага. Апазіцыйныя палітыкі прэвентыўна пачалі адхрышчвацца ад датычнасці да тэракту. Хаця, калі паглядзець на раздробленасць, зачышчанасць, ледзь не стэрыльнасці апазіцыйнага поля, то і пад мікраскопам там наўрад ці магчыма адшукаць сляды экстрэмізму.
«Спакойнага жыцця нам не дадуць. Я вас пра гэта папярэджваў. Не хачу нагадваць, хто яны. І з адказам на гэтае пытанне прашу паспяшацца, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы на адмысловай нарадзе з кіраўнікамі сілавых ведамстваў. — Дзейнічайце рашуча. Думаю, людзі нас зразумеюць. Усе падраздзяленні ў МУС павінны быць пастаўлены пад ружжо. Вывернуць усё навыварат! Асабліва на наяўнасць незарэгістраванай зброі, выбухоўкі, боепрыпасаў».
Падобная адмашка тоіць небяспеку старту палявання на ведзьмаў. Віцебскія выбухі спрабавалі павесіць на прадстаўнікоў апазіцыі, пасля «хуліганства» 3 ліпеня 2008-га павальна адкаталі пальцы ў жыхароў краіны, перацягалі на допыты многіх прадстаўнікоў апазіцыі. З адпаведнымі заявамі ўжо выступіў кіраўнік аналітычнага цэнтра «ЕсооМ» Сяргей Мусіенка, назваўшы тэракт у мінскім метро вынікам «папушчальніцтва і залішняга лібералізму ўлад у стаўленні да апазіцыі». Ці можна назваць лібералізмам татальны прэсінг, арышты, вобшукі?
Тым часам праз два дні пасля здарэння супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі затрымалі  падазраваных па крымінальнай справе па выбуху ў метро.
«Гэта дзве асобы, з імі праводзяцца следчыя дзеянні, праведзены першыя допыты з удзелам адвакатаў і атрыманы першыя паказанні, — паведаміў намеснік генпракурора Андрэй Швед. Паводле яго слоў, відэазапіс з метро дазваляе «з вялікай доляй верагоднасці меркаваць, што адзін з затрыманых з’яўляецца выканаўцам». Гэтыя асобы — грамадзяне Беларусі, паходзяць з аднаго з абласных цэнтраў і даўно знаёмыя.
13 красавіка Лукашэнка зрабіў афіцыйную заяву, што крымінальную справу раскрылі. «Сёння ў 5 гадзін раніцы злачынства было раскрытае. Чэкістам і міліцыі спатрэбіліся ўсяго толькі суткі для таго, каб учора ў 9 вечара правесці бліскучую аперацыю і без шуму, стрэлаў і траскатні затрымаць выканаўцаў. Сёння ў 5 раніцы яны далі свае паказанні. Галоўнае, мы ўжо ведаем, хто і як здзейсніў гэты тэракт. Пакуль толькі не вядома, навошта, але і гэта хутка стане вядома, і гэта наша сёння галоўная задача», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Але кропку ў тэракце 11 красавіка яшчэ не паставілі. Бліжэйшыя падзеі пакажуць, каму і чым адгукнецца мінская трагедыя.