Хваля папярэджанняў незалежным рэгіянальным выданням (фота)
Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла папярэджанні адразу шэрагу незалежных рэгіянальных выданняў. Ва ўсіх выпадках папярэджанні тычацца дробных прыдзірак у выходных дадзеных. Рэдактары збіраюцца звяртацца ў суд.
На дадзены момант вядома, што Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла папярэджанні аб парушэнні закона “Аб СМІ” як мінімум тром рэдакцыям рэгіянальных выданняў: “Газеце Слонімскай”, “Intex-Press” у Баранавічах і “Ганцавіцкаму часу”.
У прыватнасці, “Газету Слонімскую” звінавачваюць у тым, што ў двух лютаўскіх нумарах у выданні нібыта не быў пазначаны наклад газеты. Разам з тым, як бачна з выкладзеных на сайце PDF-версій газеты, наклад пазначаны на самай першай старонцы СМІ.
Рэдакцыю газеты “Intex-Press” у Баранавічах вінавацяць у парушэнні заканадаўства на падставе скарачэння слоў “РБ” замест “Рэспубліка Беларусь” у выходных дадзеных выдання.
– Досыць было б званку з Міністэрства інфармацыі, каб мы выправілі гэтае скарачэнне, калі яно насамрэч не адпавядае заканадаўству. Але Мінінфармацыі вырашыла вынесці менавіта афіцыйнае папярэджанне. Відавочна, што гэта дэманстрацыя сілы: глядзіце, мы трымаем вас усіх на кручку”, – пракаментавалі прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” сітуацыю ў рэдакцыі “Intex-Press”.
Аналагічныя прэтэнзіі Міністэрства інфармацыі мае і да рэгіянальнай газеты “Ганцавіцкі час”.
– Безумоўна мы будзем абскарджваць дадзенае папярэджанне, хаця б таму, што наша выданне ў той дзень, за які вынесенае папярэджанне, нават не выходзіла. А па-другое, абсалютная большасць дзяржаўных рэгіянальных выданняў альбо выкарыстоўваюць такія ж самыя скарачэнні, альбо наогул не пазначаюць “Рэспубліка Беларусь” у выходных дадзеных, – заявіў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” галоўны рэдактар “Ганцавіцкага часу” Пётр Гузаеўскі.
Нагадаем, што пасля атрымання двух папярэджанняў цягам года любое зарэгістраванае ў Беларусі СМІ можа быць закрытае праз суд. ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звязвае папярэджанні з набліжэннем прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, калі СМІ могуць чарговы раз патрапіць пад пераслед уладаў.