Ці патрэбныя моладзі правы чалавека?
Уводны курс «Правы чалавека на пальцах» у Мінску ад арганізацыі «Human
Constanta» прыйшло паслухаць каля 20 чалавек. Амаль усе — маладзёны.
Калі ўдзельнікі семінару пачалі прадстаўляцца, высветлілася, што добрая палова з іх — будучыя альбо існыя юрысты. «У нас будзе гучаць тое, што не агучваецца на юрыдычных факультэтах», — заінтрыгавала прысутных праваабаронца Наста Лойка.
Адлюстраваннем думак удзельнікаў аб прадмеце разгляду стала гульня ў асацыяцыі. На раздадзеных сцікерах наведвальнікі напісалі, з чым у іх асацыюецца панятак правоў чалавека. Спектр асацыяцый уразіў: ад «супраць дзяржавы» да «міжнародная школа правоў чалавека і грамадзянскай дзейнасці».
Амаль тры гадзіны ўдзельнікі семінару разбіваліся на групы, слухалі лекцыі, спрачаліся і аналізавалі кейсы парушэння правоў чалавека, якія ўсе былі ўзятыя з беларускай рэчаіснасці.
Валдзіс Фугаш: «Ёсць куча законаў, але яны не пра роўнасць і не пра справядлівасць. Правы чалавека — гэта аб тым, каб справядлівасць абярнуць у пэўнае цела, якое будзе працаваць».
Наста Лойка: «Вайна — дагэтуль прычына, па якой могуць абмежаваць вялікую колькасць правоў. Еўрапейскі суд па правах чалавека «праганяе» кожны кейс праз пэўны тэст, задаючы пытанні: ці былі закранутыя дзеяннямі асобы права і свабоды іншых людзей, ці трэба было абмежаваць гэтае права для меркаванняў нацыянальнай бяспекі ці была ў дэмакратычнай дзяржавы ўвогуле неабходнасць абмежаваць гэтыя правы».
Дык што для беларускай моладзі правы чалавека? Падзяліцца ўражаннямі з семінару мы папрасілі ўдзельніцу ЗБС Дар'ю Рублеўскую.
—- Што прывяло цябе на гэтую імпрэзу?
— Я сама юрыстка і шукаю месца, дзе магу сябе рэалізаваць. Зараз я зразумела, што трэба займацца абаронай правоў з гэтага боку – і прыйшла ў Human Constanta. А падзею ўбачыла на Фэйсбуку.
— Бачыш, колькі сёння моладзі? Чаму так?
— Таму што моладзь у большай ступені адчувае ўсё гэта, параўноўваючы, як ёсць, прыкладам, у Еўропе, у ЗША і ў нас. Увогуле моладзь – самая актыўная і мабільная частка насельніцтва, якая можа і хоча рухаць штосьці наперад.
— Народу многа ці мала сёння было, па-твойму?
— Для івентападобнага фармату – як раз.
— Беларуская моладзь зацікаўленая ў правах чалавека?
— У грамадстве пакуль не пачнеш казаць пра нейкую праблему, пакуль яго нешта не закране: напрыклад, за мой твітар мяне пачынае ціснуць дзяржава, у выглядзе адміністрацыі майго ўніверсітэта, людзі не зразумеюць што ў будучыні з імі гэта магчыма. То бок людзі пачынаюць рухацца ў двух выпадках: альбо калі стукне яго, альбо ягонага суседа, альбо калі чалавек зразумее, што яго гэта можа крануць.
— І ў Беларусі якраз той выпадак, дзе дзяржава больш і больш кранае грамадзян?
— Так, праз сваю дзейнасць дзяржава робіць такія ўмовы, што людзі яшчэ больш пачынаюцца цікавіцца правамі чалавека і тым як дзяржава можа яшчэ болей на іх націснуць.