Супрацоўнікі Amazon, Microsoft і Google просяць не прадаваць ураду тэхналогіі распазнання твараў
Супрацоўнікі Amazon, Microsoft і Google выступілі з адкрытым лістом, у якім просяць кіраўніцтва кампаній не прадаваць ураду ЗША тэхналогіі распазнання твараў і заявілі, што «адмаўляюцца рабіць унёсак у інструменты, якія парушаюць правы чалавека».
У адкрытым лісце, апублікаваным Gizmodo, супрацоўнікі Amazon звярнуліся да прэзідэнта кампаніі Джэффа Безоса з просьбай спыніць продаж тэхналогій распазнання твараў праваахоўным органам і ўрадавым установам з-за таго, што тэхналогія выкарыстоўваецца для «нанясення шкоды самым маргіналізаваным», піша arstechnica.com. Аналагічныя патрабавані прагучалі ад супрацоўнікаў Microsoft і Google адносна кантрактаў гэтых кампаній з іміграцыйнымі і мытнымі органамі (ICE) і Міністэрствам абароны адпаведна.
У лісце патрабуецца, каб Amazon спыніла продаж хмарных сэрвісаў AWS аналітычнай кампаніі Palantir, якая мае шматлікія ўрадавыя кантракты і бярэ ўдзел у працы праграм ICE па затрыманню і дэпартацыі. Пачынаючы з мая гэтага года ў межах гэтых праграм ажыццяўлялася палітыка сістэматычнага аддзялення ад бацькоў дзяцей просьбітаў прытулку і імігрантаў, якія не маюць дакументаў. Падпісанты ліста «адмаўляюцца будаваць платформу, якая падтрымлівае ICE», і «рабіць унёсак у інструменты, якія парушаюць правы чалавека».
Акрамя таго, аўтары заклікаюць Amazon укараніць меры празрыстасці і справаздачнасці, каб падрабязна апісаць, як сервісы кампаніі выкарыстоўваюцца праваахоўнымі органамі.
Нядаўна Амерыканскі саюз абароны грамадзянскіх свабодаў паведаміў, што тэхналогія распазнання твараў прадаецца паліцэйскім дэпартаментам. Rekognition можа ідэнтыфікаваць асобы на фотаздымках і відэа, Amazon прэзентаваў гэта як спосаб выяўлення і адсочвання падазраваных. У лісце паднімаюцца пытанні мілітарызацыі паліцыі ў ЗША, нацэленасць на актывістаў і палітыкі падзелу сем'яў ICE. Сцвярджаецца, што гэтая тэхналогія нанясе шкоду найбольш уразлівым.