Меркель на варотах Еўропы, страшная казка Трампа: тыдзень вачыма сусветных карыкатурыстаў
Выбары прэзідэнта Турцыі, міграцыйны крызіс у Еўропе, ізаляцыя дзяцей мігрантаў ад бацькоў у ЗША — гэтыя і іншыя падзеі тыдня вачыма сусветных карыкатурыстаў.
З 24 чэрвеня жанчыны ў Саўдаўскай Аравіі ўпершыню атрымалі права кіраваць аўтамабілем. Гэтая гістарычная падзея, як чакаецца, адчыніць новыя магчымасці для краіны. А вось для кансерватараў рэформа — проста жах. Нідэрландскае выданне Trouw іранізуе на гэтую тэму. Мужчына на малюнку пытаецца: «Божа мой, куды ж мы ідзём?». Кабета за рулем: «У 21-е стагоддзе».
У Турцыі пачаліся выбары прэзідэнта, вынікі якіх вядомы ўжо зараз. Няма сумневаў, што пераможа цяперашні прэзідэнт Таіп Эрдаган, які падпарадкаваў сабе ўсю вертыкаль. На думку мастака з брытанскага часопіса Economist, выбары носяць манументальны характар — дэмакратыя будзе дэмантаваная.
Новы міграцыйны крызіс ламае ўрад Германіі. Кіраўнік МУС ФРГ Хорст Зеехофер прыгразіў канцлеру Ангеле Меркель распадам кааліцыі, калі не будзе згоды з яго планам актывізацыі барацьбы з мігрантамі. Становішча, у якім апынулася Ангела, нагадала балгарскаму мастаку Хрісто Комарніцкаму (Christo Komarnitski) сітуацыю на футбольным поле.
Улады Італіі адмовіліся прыняць судна Aquarius, на борце якога знаходзіліся 629 мігрантаў. Учынак справакаваў крызіс агульнаеўрапейскага масштабу: некаторыя кажуць нават пра пагрозу адзінству Еўрасаюзу. Мастак нямецкага выдання Der Spiegel параўнаў крок ураду Італіі з ударам бота.
І, нарэшце, незвычайная гісторыя аднаго малюнка. Яго намаляваў у 1941 годзе вядомы дзіцячы літаратар і карыкатурыст Тэадор Зойс высмейваючы тагачасную палітыку ЗША адносна дзяцей еўрапейскіх яўрэяў–ахвяраў Халакосту. Амерыканская адміністрацыя тады адмаўляла дзецям у прытулку, што натхніла мастака на малюнак, на якім кабета распавядае дзецям казку: «І воўк з'еў дзяцей і выплюнуў іх косці, але паколькі гэта замежныя дзеці, можна не турбавацца».
Нечакана карыкатура мінулага стагодддзя аказалася вельмі актуальнай у наш час: па загаду Трампа дзяцей мігрантаў гвалтоўна ізаліруюць ад бацькоў. Сам Трамп патлумачыў гэта неабходнасцю забеспячэння бяспекі краіны. Хіба гэта не тая кабета з малюнка Зойса? Тым больш, што Зойс намаляваў на яе сукенцы лого «America first!» — адзін з выбарчых лозунгаў Трампа.
***
Паглядзіце таксама папярэднія агляды сусветнай карыкатуры. А якія тэмы былі б цікавыя вам? Пішыце ў каментарах!