«Цяпер я дасведчаны баец». Як беларуска купляла кватэру ў Варшаве
Пасля вымушанай эміграцыі беларусы сутыкнуліся з вялікай колькасцю бытавых праблем. Па сутнасці, людзям давялося пачынаць новае жыццё: прывыкаць да іншага ладу, вучыць мову, шукаць працу і жыллё.
Многія не гатовыя чакаць зменаў у Беларусі і вырашаюць застацца
за мяжой надоўга. Так зрабіла Алена (імя змененае). Пражыўшы некалькі гадоў у
Польшчы, яна вырашыла кінуць тут якар і набыць кватэру.
«Еўрарадыё» распавядае, праз што давялося прайсці беларусцы, перш чым абзавесціся ўласным жыллём у Варшаве.
«Трэба браць крэдыт, раніцай пайду ў банк»
Да 2022 года Алена жыла ў Беларусі, працавала настаўніцай у школе, а таксама выкладала польскую.
За некалькі дзён да пачатку вайны Алена прыехала ў Польшчу, але вяртацца назад у Беларусь пабаялася. Засталася ў Варшаве і пачала працаваць з украінскімі ўцекачамі.
— Я ідэальна ведаю польскую, што вельмі важна пры афармленні розных дакументаў. Мы выдавалі людзям грошы, прадукты, лекі, шукалі ім жыллё, дапамагалі з легалізацыяй у Польшчы. Рабілі ўсё, што ў нашых сілах.
Увосень сітуацыя на працы, паводле слоў Алены, моцна змянілася. Фінансаванне скарацілася, уцекачам сталі менш дапамагаць, супрацоўнікі звальняліся.
На той момант беларуску звольніць не маглі: гэтую працу, акрамя яе, няма каму было выконваць. У яе павялічылася нагрузка, і начальства падняло заробак, аднак папярэдзіла, што са студзеня будзе вымушанае яе звольніць.
— І вось я прыходжу дадому, кладуся спаць. Усё як звычайна, але раптам мяне проста альсніла: «У мяне ж зараз заробак 6 тысяч злотых, трэба браць крэдыт, раніцай пайду ў банк».
«Чаму б не рызыкнуць?»
Шчаслівым выпадкам Алена здымала кватэру ў жанчыны, якая працуе ў адным з польскіх банкаў. Менавіта да яе беларуска і звярнулася наступнай раніцай.
— Яна заўсёды смяялася: «Калі калі-небудзь табе спатрэбіцца крэдыт на іпатэку, я табе дапамагу». Гэта быў не проста лёс. Я падумала: калі не зараз, то ўвогуле ніколі, бо са студзеня мяне звольняць. Калі ў мяне цяпер плюс-мінус нармальная зарплата, то чаму б не рызыкнуць? Яна патлумачыла, што я магу трапіць пад ільготны крэдыт 2%, у іх заставалася некалькі месцаў, а потым гэтую праграму згортвалі. Для афармлення крэдыту патрэбны быў мой ВНЖ, даведка аб даходах і дагавор аб куплі кватэры. Таму мне трэба было як мага хутчэй знайсці кватэру.
Паводле слоў Алены, пры крэдыце 2% у залежнасці ад даходу можна прэтэндаваць толькі на пэўную суму. У выпадку Алены банк мог ёй выдзеліць усяго 330 тысяч злотых (81 тысячу долараў, і не больш за 180 тысяч (44 тысячы долараў) яна абавязаная была ўнесці сама.
— Прыкладна 110 тысяч злотых у мяне было адкладзена, астатнія грошы я спрабавала пазычыць у знаёмых і хутка зарабіць. Адзін з маіх сяброў пагадзіўся, але мне давялося шукаць чалавека, які змог бы гэтыя грошы перадаць у Польшчу. На свой страх і рызыку я папрасіла пра гэта практычна незнаёмага чалавека. Калі б ён мяне «кінуў», у мяне б не было грошай нават на ежу. Балазе ўсё скончылася добра.
І Алена пачала пошукі кватэры ў Варшаве.
— Я ў дзень глядзела па 15-20 кватэр, літаральна не ела і не спала. Была занятая толькі гэтым. Большасць варшаўскіх кватэр прадаюцца праз агенцтва, якія заломваюць кошты практычна ўдвая. На шчасце, я знайшла кватэру, якую прадаваў сам гаспадар. Яна каштавала 510 тысяч злотых (125 тысяч долараў) — якраз тое, што мне і было патрэбнае.
«У такіх пытаннях важная любая дробязь»
510 тысяч злотых — цана, якую паставіў гаспадар кватэры. Па ўмовах крэдыту Алене неабходна было адкрыць рахунак у банку, які прадастаўляе крэдыт, туды ж на працягу некалькіх дзён паступаюць усе сродкі, і адправіць 180 тысяч, якіх бракавала, прадаўцу.
— Здавалася, усё павінна быць добра. Але гаспадар кватэры раптам знік. Я была ў шоку: аказваецца, ён паехаў катацца на лыжах і з'явіцца толькі праз 10 дзён. Праходзіць 10 дзён, і цяпер ужо яго натарыус ідзе ў адпачынак. Я думаю: «Божа, мне ўжо не патрэбная кватэра, хай бы толькі спісаліся крэдытныя грошы з рахунка». Больш мне нічога не трэба было, я вельмі перажывала, што банк можа проста адклікаць сваё рашэнне аб выдачы льготнага крэдыту, бо тэрміны ўжо моцна падціскалі.
На гэтым пакуты беларускі не скончыліся. Аказалася, што гаспадар кватэры, каб пазбегнуць вялікіх падаткаў, захацеў унесці змены ў дамавую кнігу.
— Гэта быў жах, таму што па ўмовах крэдыту такія дакументы не падлягаюць рэдагаванню, іначай мне б проста адмовілі, і банк вярнуў бы грошы назад. На шчасце, дакументы ўсё ж прынялі.
Урэшце Алена ўсё ж такі падпісала дамову з натарыусам. Паводле яе, у дакуменце было мноства недакладнасцяў, і на яго чытанне і рэдагаванне сышло шмат часу. Таму ўсім, хто плануе набываць у Польшчы нерухомасць, Алена раіць уважліва вывучаць дамову.
— Напрыклад, у першапачатковай рэдакцыі было напісана, што дамова продажу падпісваецца ў канцы лютага, хоць у дамове з банкам продаж быў узгоднены на снежань. То-бок, калі б я падпісала гэтую «умову», мне б адмовілі ў крэдыце. У такіх пытаннях важная любая дробязь.
У выніку беларуска падпісала дамову, а грошы з яе рахунка адправіліся на рахунак гаспадара. 5300 злотых давялося заплаціць за паслугі натарыуса.
«Гэта варта было перажыць»
Журналісты размаўлялі з Аленай ужо ў яе ўласнай кватэры. Пакуль у ёй ёсць толькі дзверы, вокны і белыя сцены. Але жанчына ўжо задумваецца пра тое, ці не пачаць рамонт.
Пасля ўсіх выплат у яе кішэні засталося літаральна некалькі злотых. Грошай ледзь хапала на ежу.
— Сродкаў на рамонт зараз проста няма. Большасць будаўнічых матэрыялаў, якія цяпер ёсць у кватэры, дасталася мне бясплатна. У адным месцы ўзялі мэблю, у іншым — сціралку і ракавіну. Калі маніторыць розныя групы, мноства рэчаў людзі аддаюць проста бясплатна. У плане рамонту дзесьці нешта сама зраблю, дзесьці кагосьці найму, хоць гэта і нятанна.
Першыя 30 месяцаў Алена будзе плаціць па стаўцы 2% 2300 злотых на месяц, пасля 17 з паловай гадоў стаўка будзе вышэйшай. Таксама першыя 10 гадоў кватэру нельга прадаваць і здаваць у арэнду.
Жанчына кажа, што ў станоўчым выніку яна была ўпэўненая поўнасцю.
— Ведаеце, я ў сваім жыцці не раблю нічога, у чым не
ўпэўненая. Я вырашыла — і ўсё. На вейкі ўстану, але змагу. Альбо раблю, альбо
не. Так, давядзецца аддаваць даўгі, рабіць рамонт і шмат працаваць, але гэта
варта было перажыць. Я
цяпер дасведчаны баец.