Чаму дагэтуль няма помніка на месцы віцебскага гета?

У Віцебску ёсць два найбольш вядомыя жалобныя месцы, звязаныя з гісторыяй Халакосту падчас Другой Сусветнай вайны.

2020_01_27_lipka_pomnikgeta_f1.jpg

Гэта квартал, дзе з ліпеня 1941-га году знаходзілася гета, і месца масавых расстрэлаў яго вязняў. На месцы расстрэлаў, якія адбываліся за горадам, у Тулаўскім яры, 10 гадоў таму з’явіўся помнік, усталяваны на грошы габрэйскай грамады. Месца, дзе было гета, адзначана толькі шыльдай з абяцаннем, распавёў краязнаўца, рэдактар часопіса «Мішпаха» Аркадзь Шульман:
— У 1993-м годзе памятны камень быў пастаўлены — проста было напісана, што тут будзе помнік. Распачаліся работы, там запраектавана шматфігурная кампазіцыя, уверсе менора… Некалькі адлівак трэба было зрабіць, частка была зроблена. Потым працы былі спынены.
У 2018-м годзе пытанне пра помнік узнялі самі гарадскія ўлады. У праект, створаны ў 2000-м годзе, былі ўнесены невялікія змены, гатовыя дэталі помніка адшукалі на складзе, і зноў прагучала абяцанне ўшанаваць памяць ахвяраў нацызму. Але яно не выканана і дагэтуль – нібыта праз адсутнасць неабходных сродкаў у бюджэце. Аднак за апошнія гады ў Віцебску з’явілася шмат розных скульптурных аб’ектаў – накшталт Залатой Рыбкі, Русалачкі, дэсантніка з парашутам… На гэта грошы ў бюджэце знайшліся.

racyja.com