Украінцы просяць Ізраіль прызнаць мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага Праведнікам народаў свету

Галоўны рабін Украіны Машэ Рэўвен Асман звярнуўся ў Нацыянальны мемарыял Яд ва-Шэм у Іерусаліме з хадайніцтвам прызнаць пасмяротна слугу Божага Андрэя Шаптыцкага Праведнікам народаў свету. 27 студзеня ініцыятыву падтрымаў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі vgolos.com.ua

Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі vgolos.com.ua

Грэка-каталіцкі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, пад пастырскай апекай якога пэўны час знаходзіліся таксама грэка-католікі на тэрыторыі Беларусі, падчас Другой сусветнай вайны дапамагаў габрэям і ратаваў іх ад нацыстаў.
У петыцыі, якую апублікавала Рэлігійна-інфармацыйная служба Украіны, духоўны лідар мясцовай юдэйскай супольнасці нагадаў, што іерарх кіраваў акцыяй ратавання ад знішчэння больш за 150-і габрэйскіх дзяцей на тэрыторыі Заходняй Украіны. Мітрапаліт не толькі распарадзіўся схаваць іх у кляштарах, але і забараніў хрысціць гэтых дзяцей, каб яны надалей заставаліся часткай габрэйскага народа.
Рабін Машэ Рэўвен Асман звярнуў увагу на «абсурдную сітуацыю», якая склалася вакол гэтай справы.
Рэч у тым, што малодшы брат іерарха архімандрыт Клімэнт Шаптыцкі і ігумення Алена Вітэр, якія непасрэдна выконвалі распараджэнне мітрапаліта, ужо атрымалі прызнанне ў якасці Праведнікаў народаў свету, а заслуга самога ініцыятара ратавання дзяцей да гэтага часу застаецца непрызнанай.
Галоўны рабін Украіны таксама назваў непацверджанымі абвінавачванні Андрэя Шаптыцкага ў тым, што ён нібы «вітаў і благаслаўляў» нацыстаў і іхніх паслугачоў, і падкрэсліў, што акцыя ратавання дзяцей — гэта вядомы факт і што гэта нашмат важней. Духоўны лідар украінскай юдэйскай супольнасці нагадаў, што ў 1942 годзе мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі звярнуўся з пасланнем пад назваю «Не забівай», у якой заклікаў украінцаў не ўдзельнічаць у знішчэнні сваіх суседзяў.
«У крывавым пекле Халакосту асоба Андрэя Шаптыцкага адрозніваецца, як скала ацалення і дабра»,— напісаў галоўны рабін Украіны. Ён дадаў, што наданне слугу Божаму тытулу Праведніка народаў свету, «які даўно яму па праве належыць, пакажа Украіне і ўсяму свету, што габрэйскі народ не забываецца сваіх сяброў і ратаўнікоў».
Падчас свайго працоўнага візіту ў Польшчу ў 75-ю гадавіну вызвалення лагера смерці ў Асвенціме прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падтрымаў петыцыю галоўнага рабіна, назваўшы гэтую ініцыятыву «ўсталяваннем гістарычнай справядлівасці».
catholic.by