«Чаргу на пратэзаванне кантралюе КДБ». Дзе цяпер дактары са «справы артапедаў»?

Ці можна за год зрабіць пратэзаваньне суставаў усім, хто стаіць у чарзе, як загадаў Лукашэнка? Што адбываецца ў галіне пасьля арыштаў артапэдаў? Колькі заплацілі дактары за свабоду? Хто кантралюе чаргу на пратэзаваньне і вызначае квоты на апэрацыі? Каму ў Беларусі цяпер ставяць імпартныя пратэзы? Пра гэта «Свабода» пагаварыла з артапэдам-траўматолягам Рустамам Айзатуліным, каардынатарам Беларускага фонду мэдычнай салідарнасьці.

Фота «Свабоды»

Фота «Свабоды»

Айзатулін — спэцыяліст з 12-гадовым досьведам працы ў РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, які вымушана пакінуў Беларусь у выніку чарады звальненьняў і палітычнага перасьледу. Многія рэчы, пра якія кажа доктар, пацьвярджаюць на ўмовах ананімнасьці дактары, якія знаходзяцца ў Беларусі. 

У сакавіку 2022 году ў рамках так званай «справы артапэдаў» затрымалі 35 лекараў па ўсёй Беларусі. Іх абвінавацілі ў атрыманьні хабару за лабіяваньне эндапратэзаў пэўных вытворцаў.

Прыватным клінікам (за выключэньнем «Мерсі», зьвязанай зь сям’ёй Лукашэнкі) забаранілі ставіць імпартныя пратэзы. «Мерсі» на нейкі час стала адзінай клінікай у Беларусі, якая па-ранейшаму ставіла імпартныя пратэзы, але ў тры разы даражэй, чым да таго ў дзяржаўных бальніцах.

Пасьля гэтага зьявіўся загад Мінздароўя, паводле якога ўсе імпартныя пратэзы павінны былі набывацца толькі празь дзяржаўнае прадпрыемства «Белмэдтэхніка». Жыцьця пацыентам гэта ніяк не аблягчыла — толькі чэргі на пратэзаваньне суставаў сталі нашмат большыя.

27 лютага 2023 кіраўніца сталай камісіі парлямэнту па ахове здароўя, фізкультуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Людміла Макарына-Кібак паведаміла, што нямецкія кампаніі адмовіліся пастаўляць у Беларусь пратэзы тазасьцегнавых суставаў і «нават лякалы», на аснове якіх пратэзы выраблялі ў Беларусі. Паводле яе, улады працягваюць перамовы зь імі, а таксама пачалі разглядаць у якасьці магчымых альтэрнатыўных пастаўшчыкоў Кітай і Індыю.

Сёлета 23 траўня Лукашэнка зрабіў чарговы разнос мэдыкам і загадаў на працягу году зрабіць пратэзаваньне суставаў усім, хто мае ў гэтым патрэбу і стаіць у чарзе

— Рустам, апошні раз мы з вамі гаварылі вясной 2022 году, калі адбыліся масавыя затрыманьні артапэдаў, вядучых спэцыялістаў у справе пратэзаваньня суставаў. Тады было арыштавана 35 спэцыялістаў, затрыманьні працягваліся і пазьней. Дактароў да суду назвалі карупцыянэрамі, Лукашэнка заявіў, што ім прапанавана прызнаць віну, кампэнсаваць шкоду і пайсьці працаваць у мэдычную сфэру — куды пашлюць. Што вядома пра гэтых дактароў цяпер? Хто за кратамі, хто працуе і дзе, якім коштам выйшлі на свабоду?

— Дагэтуль шмат пытаньняў да тых затрыманьняў, на якія мы наўрад ці хутка атрымаем адказы. Калі ўзяць усе мэдцэнтры ў Беларусі, дзе рабіліся платныя ці нібы платныя эндапратэзаваньні каленных і тазасьцегнавых суставаў, то 35 артапэдаў — гэта досыць мала. Колькасьць артапэдаў, якія займаліся платным эндапратэзаваньнем, значна большая за 35. Няясна, зь якіх прычын Генпракуратура затрымлівала менавіта гэтых артапэдаў, на якой падставе выстаўляла прэтэнзіі і заводзіла крымінальныя справы, каго было вырашана пакінуць на свабодзе. Наўрад ці Генпракуратура і сам міністар Піневіч, людзі зь Мінздароўя ведаюць па імёнах усіх артапэдаў у Беларусі.

Найхутчэй, гэта адбывалася не без удзелу трэціх асобаў, зь якімі кансультаваліся. Ёсьць думка, што гэта людзі, якія маюць дачыненьне да кіраваньня гэтай мэдычнай галіной.

— Гэта ваша думка ці дакладная інфармацыя?

— Дакладна ніхто ня скажа, але на думку многіх калегаў, нават не траўматолягаў, не артапэдаў, — найхутчэй так.

— А якая была зацікаўленасьць у тым, каб менавіта гэтыя артапэды трапілі за краты, калі ваша думка адпавядае рэальнасьці?

— Не магу сказаць адназначна, што гэта быў за інтарэс. З дактароў, якія ўдзельнічалі ў пратэзаваньні тазасьцегнавых і каленных суставаў на платнай аснове, многія нават не дайшлі да Генпракуратуры, ім ня выставілі абвінавачваньняў і прэтэнзій. А пасьля гучных справаў і затрыманьняў кар’ера многіх з тых, каго не затрымалі, пайшла ўгару. Нехта стаў загадчыкам, нехта нешта ўзначаліў, нехта пачаў нечым займацца, што ня вельмі прыгожа ў адносінах да калегаў і сьведчыць пра тое, што ляяльных да рэжыму ў Беларусі ў кожнай сфэры дастаткова шмат.


Глядзіце таксама

Што тычыцца затрыманых, усе, на шчасьце, цяпер на свабодзе. Вядома, што нехта быў зьняты з пасады, нехта разьмеркаваны ў іншую клініку. У тым жа РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі практычна не засталося дактароў, якія прайшлі па гэтай справе. Іх усіх «вышчамілі» з РНПЦ — некага перавялі ў 6-ю бальніцу, некага зьнялі з пасады, некалькі чалавек працягваюць знаходзіцца пад крымінальнай адказнасьцю. Наўрад ці Генпракуратура і таварыш Піневіч ведалі магчымасьці кожнага артапэда. І тут ізноў жа не абышлося без кансультацый трэціх асобаў, каго на якую пасаду пераводзіць і ў якую клініку. Гэта ня толькі мае асабістыя домыслы, але і многіх дактароў, маіх калег у Беларусі. Канчатковай праўды мы не даведаемся, але асадачак застаецца.

Ці перасталі ставіць за грошы пратэзы заходняй вытворчасьці

— Вынікам гэтага ўсяго стала тое, што ў дзяржаўных установах на платнай аснове перасталі пратэзаваць суставы пратэзамі заходняй вытворчасьці. Ці сапраўды гэта так?

— Так гэта і застаецца, але справа ў тым, што пратэзы марак Link і Medacta некаторы час працягвалі ставіць у 6-й гарадзкой клінічнай бальніцы Менску, нягледзячы на санкцыі. Прадстаўніцтвы Link, Medacta і іншых фірмаў, якія раней пастаўлялі пратэзы ў Беларусь, прадставілі афіцыйныя дакумэнты, што яны сапраўды спынілі пастаўкі ў Беларусь. Тым ня менш у «Белмэдтэхніцы» ўдалося ажыцьцявіць закупку. Якім чынам — застаецца таямніцай. З другога боку, можна меркаваць, што гэта старыя запасы, якія ляжалі на складах 6-й бальніцы і таго ж РНПЦ.

Пасьля гучнай «справы артапэдаў» тыя ж Link і Medacta і іншыя пратэзы, якія раней ставілі на платнай аснове за дастаткова вялікія сумы, яшчэ паўтара месяца таму ставілі на бясплатнай аснове, каб не прыцягваць да сябе лішняй увагі. Некаторая частка пацыентаў пасьпела атрымаць гэтыя платныя раней пратэзы абсалютна бясплатна. Таксама пытаньне, якім чынам гэта было ажыцьцёўлена, якім чынам было праведзена па дакумэнтах і якім чынам былі сьпісаныя гэтыя грошы.

Наш беларускі эндапратэз «Алтимед» знаходзіцца пад санкцыямі (уведзеныя супраць Беларусі заходнія санкцыі за саўдзел у вайне не дазваляюць закупіць у краінах ЭЗ мэтал і лякалы для вырабу пратэзаў). З пратэзамі цяпер дастаткова дрэнна, а рэвізійных пратэзаў у Беларусі практычна не засталося.

— Патлумачце, што такое рэвізійныя пратэзы?

— Гэта так званыя індывідуальныя пратэзы, якія ўсталёўваюць пацыентам, якія атрымалі нейкае ўскладненьне пасьля першапачатковага пратэзаваньня. Рэвізійных пратэзаў у Беларусі практычна не засталося. Ёсьць пастаўка індыйскіх пратэзаў Meril. У 6-й бальніцы з гэтым пратэзамі дастаткова нядрэнна спраўляюцца, але рэвізійных пратэзаў няма.


Глядзіце таксама

Ці магчыма да канца году выканаць загад Лукашэнкі

— Сёлета 23 траўня Лукашэнка зрабіў чарговы разнос мэдыкам і загадаў на працягу году зрабіць пратэзаваньне суставаў усім, хто мае ў гэтым патрэбу і стаіць у чарзе. На вашай былой працы ў РНПЦ артапэдыі і траўматалёгіі чэргі патлумачылі ковідам. На пачатку чэрвеня дырэктар РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі Міхаіл Герасіменка расказаў, што пратэзаваньня тазасьцегнавога сустава чакаюць каля 14 тысяч чалавек, каленнага — каля 15 тысяч. Паводле міністра Піневіча, раней «чарга на суставы вылічалася ў некалькіх тысячах». На сьнежань 2022 году, паводле Генпракуратуры, у чарзе на замену суставаў стаялі 26 тысяч чалавек. Міністар паведаміў, што цяпер у Беларусі 46 профільных цэнтраў, якія могуць займацца пратэзаваньнем тазасьцегнавых суставаў, і 16 — пратэзаваньнем каленных суставаў. Ці рэальна выканаць загад Лукашэнкі?

— Абсалютна нерэальна. Нават у самыя добрыя, сьветлыя часы па ўсёй краіне выконвалася максымум каля 7 тысяч пратэзаваньняў (тазасьцегнавых і каленных) ва ўсіх цэнтрах Беларусі. У адным з камэнтароў Мінздароўя пра гэтую чаргу гучала іншая лічба — каля 15 тысяч. Нават калі 15 тысяч, то да канца году гэта абсалютна нерэальна. На розных нарадах Мінздароўя агучвала абсалютна розныя лічбы — 12, 15, 26 тысяч. Гэта нерэальна ажыцьцявіць.

Пасьля справы артапэдаў некаторыя траўматолягі-артапэды былі пераразьмеркаваныя па іншых клініках, дзе тазасьцегнавыя і каленныя суставы ня ставіліся. Частку дактароў разьмеркавалі ў шпіталь хуткай дапамогі, частку — у 11-ю бальніцу. Такім чынам Мінздароўя расшырыла колькасьць мэдычных дзяржаўных цэнтраў, дзе гэтыя людзі нібы могуць выконваць пратэзаваньне. Насамрэч гэта ня так, бо адпаведнага абсталяваньня ўсё роўна няма, пратэзаў усё роўна няма, адэкватных умоваў таксама, на жаль, няма. Калі да канца году ўсе гэтыя 46 мэдцэнтраў будуць выконваць па некалькі апэрацый у дзень, то мы пакладзем на лапаткі ці на калені плянавую і экстранную службу.

Разумеючы, што гэтыя лічбы зусім нерэальныя, на дадзены момант па ўсёй краіне і езьдзяць праверачныя камісіі, у тым ліку арганізаваныя праз РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі. Яны правяраюць клінікі Беларусі на прадмет магчымасьці арганізацыі пратэзаваньня суставаў. На жаль, гэтыя праверкі ні да чога не прывядуць, бо за шмат гадоў абсалютна ніякай мадэрнізацыі клінік не праводзілася. А будзе па выніках напісана, што ўсе цэнтры цудоўна спраўляюцца. І толькі дзеля таго напішуць, каб не пацярпелі свае ж калегі. Калі па выніках праверкі напішуць, што выяўленыя парушэньні, што клініка не спраўляецца ці яшчэ якія недахопы, то ў першую чаргу пацярпіць не праверачная камісія, ня той Герасіменка, Піневіч і Мінздароўя, а пацярпяць людзі на месцах у тых шпіталях, бо ўся віна ляжа на іх. Таму, на жаль ці на шчасьце, да канца году будзе нейкая папера, што па выніках усіх праверак з мэдыцынай у Беларусі ўсё цудоўна.

Якія пратэзы даступныя для пацыентаў у Беларусі

— Якія пратэзы суставаў цяпер даступныя пацыентам, якой вытворчасьці і якой якасьці? Як бы вы ацанілі якасьць пратэзаў суставаў беларускай, расейскай, кітайскай і індыйскай вытворчасьці?

— Ёсьць пратэзы беларускай вытворчасьці «Алтимед». Ёсьць плюсы ў іх, ёсьць і мінусы. На складах яшчэ засталіся пратэзы заходняй вытворчасьці Link і Medacta. Я мяркую, што калі мы праверым тэрмін прыдатнасьці гэтых пратэзаў, то мы выявім, што вельмі многія ўжо пратэрмінаваныя. Іх трэба пераправяраць, перастэрылізоўваць. Пасьля «справы артапэдаў» шмат людзей пацярпелі абсалютна ні за што, а вось тыя людзі, якія адказваюць за закуп, захоўваньне, разьмеркаваньне пратэзаў па Беларусі, абсалютна ніяк не пацярпелі. Калі мы вывучым усе склады з пратэзамі ў Беларусі, то ўбачым шмат пратэрмінаванай прадукцыі.

У Беларусь пачалі пастаўляць індыйскія пратэзы Meril, якія пакуль яшчэ невядома, як сябе зарэкамэндуюць, бо іх пачалі ставіць зусім нядаўна. Кітайскіх пратэзаў на дадзены момант няма.

Што тычыцца пратэзаў расейскай вытворчасьці. Калі вы заб’яце ў Google любую буйную клініку Расеі, якая займаецца пратэзаваньнем, і зойдзеце на іх старонку, то пабачыце, што сваіх, расейскіх пратэзаў яны не прапаноўваюць. У іх вялікая лінейка пратэзаў замежнай вытворчасьці. Расейскія пратэзы, напэўна, сорамна паказваць. Калі мы кажам, што ў нас ёсьць замежныя пратэзы, і прыводзім прыклад Расеі, якой гэтыя пратэзы абсалютна не патрэбныя, то можам гучна заяўляць, што расейская лінейка пратэзаў на беларускім рынку прадстаўлена дастаткова добра.

Чаму ў клініцы «Мерсі» больш ня робяць пратэзаваньня суставаў

— Пасьля арыштаў летась прыватным клінікам (за выключэньнем «Мерсі», зьвязанай зь сям’ёй Лукашэнкі) забаранілі ставіць імпартныя пратэзы. «Мерсі» на той момант стала адзінай клінікай у Беларусі, якая працягнула ўсталёўваць імпартныя пратэзы, але ў тры разы даражэй, чым раней іх ставілі ў дзяржаўных бальніцах. Ці па-ранейшаму толькі ў «Мерсі» стаяць імпартныя пратэзы суставаў?

— У клініцы «Мерсі» на дадзены момант апэрацыі па эндапратэзаваньні не праводзяцца, таму што гэтая клініка ўрэшце страціла ліцэнзію на анэстэзіялёгію і рэанімацыю. Гэта адбылося пасьля гучных справаў, якія спрабавалі замаўчаць. Адна, другая, трэцяя справа, і далей... Таму там пратэзаваньне на платнай аснове цяпер спынена. Ёсьць яшчэ адно месца, дзе вярхушка нашай улады можа дазволіць сабе паставіць эндапратэзы. Гэта «клініка прэзыдэнта», але там ня вельмі нармальныя хірургічныя ўмовы для правядзеньня апэрацый. У выніку гэтыя апэрацыі нейкім дэпутатам і міністрам праводзяцца на базе 6-й бальніцы або РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі.


Глядзіце таксама

Колькі заплацілі дактары за свабоду і каму гэта было выгадна

— Ці ёсьць у вас адказ на пытаньне, каму гэта было выгадна? Каму гэта было патрэбна? Хто з гэтай справы, дзе пацярпелі многія пацыенты, найбольш атрымаў?

— Пацярпелі найперш пацыенты. Пацярпела мэдыцына ўвогуле. Пацярпелі траўматолягі-артапэды, а тыя, хто прайшоў па крымінальных справах, заплацілі дастаткова вялікія сумы, каб адкупіцца. Ім ставілі такія прапановы, ад якіх яны проста не маглі адмовіцца.

Або ты плаціш, або ня плаціш і «прысаджваесься». Калі ў цябе няма грошай, то прадай кватэру, прадай машыну, вазьмі растэрміноўку, пазыч нават у нас і аддавай з працэнтамі. Асноўная лінія была — «стрэсьці» зь людзей грошы.

— Пра якія сумы ідзе гаворка?

— Сумы ўсім розныя называліся — ад 25 тысяч даляраў і вышэй. Плюс судовыя выдаткі ад 15 тысяч беларускіх рублёў і вышэй. Істотна, што ня ўсе фірмы-пастаўшчыкі, ня ўсе фірмы-пасярэднікі, якія былі зьвязаныя з пастаўкай пратэзаў у Беларусі, прайшлі па крымінальных справах. Што гаворыць пра тое, што была ліквідаваная лінейка тых фірмаў, якія былі не даспадобы ўладзе. Якім чынам Генпракуратура і тыя, каму яны падпарадкоўваюцца, выбіралі тых, каго арыштоўваць, саджаць і выганяць, на дадзены момант невядома.

— Вы гаворыце пра тых, хто не даспадобы ўладзе. Маецца на ўвазе магчымы ўдзел у пратэстах ці тое, як мэдыкі ставіліся да таго, што адбывалася ў 2020 годзе?

— Справа і ў пратэстах. А таксама ў перадзелу рынку. Гэта і спроба навязаць платнае эндапратэзаваньне толькі клініцы «Мерсі». І спроба пакінуць у Беларусі пасярэднікаў эндапратэзаў замежнай вытворчасьці толькі ляяльных сабе. З аднаго боку, гэта была спроба «нарубіць бабла». Гэта як з цыгарэтамі і алькаголем, якімі ўсе ведаюць, хто ў Беларусі займаецца. Гэтак жа і ў мэдыцыне — спробы замкнуць грашовыя патокі на аднаго чалавека.

— Што вядома пра колькасьць артапэдаў-траўматолягаў, якія ў выніку ўсяго гэтага зьехалі ці былі звольненыя?

— Пасьля гэтай справы зь Беларусі зьехалі людзі, які яшчэ сумняваліся, зьяжджаць ці не зьяжджаць. «Справай артапэдаў» кіраўніцтва Беларусі паказала, хто на самай справе для іх дактары, хто для іх звычайныя людзі. Тыя, хто сумняваўся, зьехалі. Вядома, ёсьць дактары, якія займаліся аказаньнем высокаспэцыялізаванай дапамогі, якія зьехалі зь Беларусі. Гэта ня толькі траўматолягі-артапэды, гэта людзі з усіх іншых мэдычных профіляў. Калі мы гаворым пра пратэзы і як цяпер ідзе чарга на пратэзаваньне, то чаргу на пратэзаваньне цяпер кантралюе Камітэт дзяржаўнай бясьпекі і Генпракуратура. Ва ўсіх паліклініках, ва ўсіх установах гэтыя сьпісы актыўна правяраюцца. Па ўсёй Беларусі актыўна «падымаюцца» сьпісы людзей, якім патрэбнае эндапратэзаваньне. Іх зьвяраюць, выкрэсьліваюць.

Хто кантралюе чаргу на пратэзаваньне

— Хачу ўдакладніць. КДБ вызначае, каго ў чарзе паставіць першым, каго другім? Яны маюць досьвед, каб вызначыць, каму патрэбна найперш?

— Не. Я меў на ўвазе, што цяпер запісацца на эндапратэзаваньне тазасьцегнавога ці каленнага сустава ня так проста. І ўсе сьпісы пацыентаў, якія былі з 2018, 2019 году, актыўна правяраюцца. Прызначаныя пэўныя людзі, якія займаюцца гэтымі сьпісамі, каб выявіць людзей, якім ужо паставілі пратэз, якія зьехалі зь нейкіх прычынаў зь Беларусі, людзей, якія памерлі ў ковідную фазу. Гэтай статыстыкі ў Беларусі як не было, так і няма цяпер. Ніхто абсалютна ня ў курсе, колькі людзей стаіць у чарзе, колькім людзям патрэбныя пратэзы, колькі пратэзаў знаходзіцца на складах, якой яны прыдатнасьці і гэтак далей.


Глядзіце таксама

— Ці азначае гэта, што калі чалавек становіцца ў чаргу на эндапратэзаваньне, то ён трапляе пад нагляд, праверку КДБ ды іншых сілавых структураў, хто ён такі, чаму становіцца ў чаргу?..

— Не. Не вядзецца размова пра тое, што ён становіцца адразу да іх на ўлік. Але калі раней можна было проста атрымаць даведку і накіраваньне ад паліклінікі і прыйсьці ў мэдычны цэнтар і запісацца, то цяпер у 6-й бальніцы ці ў РНПЦ працуюць камісіі па пратэзаваньні, у складзе якіх ня толькі дактары гэтых клінік. Напрыклад, у 6-й бальніцы ў камісіі па эндапратэзаваньні, якая вырашае, пакласьці чалавека ў шпіталь ці не, ставіць яго ў чаргу ці не, знаходзяцца людзі зь іншых клінік Менску.

Ёсьць нават так званая камісія па пазачарговым пратэзаваньні. Ёсьць людзі, якія адстаялі ў чарзе вельмі доўга, людзі з болямі, людзі з дэфармацыямі, людзі, у якіх ужо парушаная функцыя апоры і перасоўваньня, якія ня могуць год, два, тры стаяць у чарзе. Спэцыяльная камісія па пазачарговым эндапратэзаваньні выносіць рашэньне. Яна запаўняе дастаткова многа папер, якіх раней не было. Там трэба падрабязна напісаць, чаму, як, на якіх умовах, навошта, чаму вырашылі, што гэтаму чалавеку гэта трэба. Такое абгрунтаваньне будзе правярацца вышэйстаячымі інстанцыямі, у тым ліку і КДБ.

На любую камісію па эндапратэзаваньні ў Менску выдзяляюцца пэўныя квоты. Калі чалавек прыйдзе ў паліклініку, яму зробяць здымак і доктар-траўматоляг у паліклініцы захоча яго накіраваць на камісію па пратэзаваньні, каб паставіць на чаргу, то проста так ён гэта ня зробіць. На кожную паліклініку вылучаюцца пэўныя квоты, колькі ў месяц паліклініка можа выдаць накіраваньняў у тую ці іншую бальніцу. Так гэта цяпер выглядае.

— Калі чарга доўгая, або калі паліклініка не паставіла ў чаргу, калі правяраючыя органы ня вырашылі, што табе трэба тэрмінова рабіць пратэзаваньне, — чым гэта пагражае чалавеку, якому патрэбная гэтая апэрацыя, але ён не зрабіў яе своечасова?

— Гэта пастаянныя болі, парушэньне руху ў буйных суставах, гэта пастаянныя пакуты. Напрыклад, калі нехта зламаў руку, яна ў яго дэфармаваная і баліць, а чарга да хірурга — празь месяц ці праз паўгода. Уяўляеце, чалавек ня можа рухацца, весьці нармальны здаровы лад жыцьця... Камісіі нейкія ёсьць, пляны даведзеныя, праверкі езьдзяць, а па факце ўсё як было, так і застанецца. І будзе яшчэ толькі горш.

— Музыка Tor Band Яўген Бурло мае нэкроз тазасьцегнавых суставаў — з гэтай прычыны яму дазволілі мець у СІЗА мыліцы, яму таксама паказаны пасьцельны рэжым. Раней зьявілася інфармацыя, што палітзьняволены моцна схуднеў і ня можа перасоўвацца самастойна. Якія шанцы, што яму зробяць пратэзаваньне, калі ён за кратамі?

— Напэўна, нулявыя. На жаль, да палітычных вязьняў у турмах і калёніях Беларусі цяпер ставяцца горш, чым да забойцаў і гвалтаўнікоў.