Чарнобыльская зона адпачынку

У Беларусі адкрыўся новы від экстрэмальнага турызму. Днямі з Гомеля ў радыяцыйны запаведнік выправілася першая турыстычная група.

zubry8_logo.jpg

Доўгі шлях у беларускую зону

У лістападзе ўступіла ў сілу новае палажэнне аб Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку (ПДРЭЗ). Згодна з ім, цяпер у зону адчужэння дазваляецца арганізоўваць экскурсіі. Раней такая дзейнасць на тэрыторыі ПДРЭЗ была забароненая.

Асаблівая цікаўнасць да Чарнобыльскай зоны была заўсёды. Паглядзець на «жыццё пасля Чарнобылю» хацелі не толькі беларусы, але і грамадзяне далёкага і блізкага замежжа. Аднак задаволіць сваю цікаўнасць яны маглі толькі на ўкраінскім баку. Гамяльчанін Пётр Філон з 2013 года вазіў групы турыстаў па ўкраінскай зоне адчужэння. Людзі прыляталі за тысячы кіламетраў, каб пабачыць на свае вочы наступствы адной з найвялікшых тэхнагенных катастроф XX стагоддзя. У Гомель для гэтага прыязджалі турысты з Расіі, Казахстана, Ізраіля, ЗША, Чылі, Паўднёвай Карэі і амаль усіх еўрапейскіх краін. Групы наведвалі ЧАЭС і сумна знакаміты рэактар, горад-прывід атамшчыкаў Прыпяць, закінутыя вёскі. У пустых дамах яшчэ можна было знайсці пакінуты проста на стале посуд, дзіцячыя рэчы і цацкі.

Аднак з пэўнага часу прадпрымальніцкая дзейнасць ускладнілася. Арганізатары з Беларусі пачалі скардзіцца, што з гэтай восені спісы іх турыстаў украінскі бок усё часцей перастаў узгад­няць. Гэта тычылася як грамадзян Расіі, так і беларусаў. Магчыма, гэта было следствам росту напружанасці паміж Расіяй і Украінай або з нейкай іншай прычыны.


Чужы прыклад чарнобыльскага турызму — заразлівы?

Увесь гэты час зона адчужэння ў Беларусі заставалася закрытай для звычайных наведвальнікаў. Пры гэтым не таямніца, што паездкі туды ўсё роўна здзяйсняліся. Зону любілі наведваць гомельскія «сталкеры», вазілі туды і замежных турыстаў. Зразумела, нелегальна. «Нелегалы» распавядаюць, што адным разам у сяле Пагонным знайшлі святочныя першамайскія транспаранты. Мабыць, рыхтавалі на 1 мая таго самага 1986 года. Дый так і прыйшлося кінуць...

Пры гэтым пры несанкцыянаваным наведванні радыяцыйнай тэрыторыі заўсёды існавала верагоднасць нарвацца на патруль міліцыі і сплаціць вялікі штраф.

Магчымасць адкрыцця беларускай зоны адчужэння для турыстаў стала разглядацца ў 2017 годзе. Тады на канферэнцыю ў Хойнікі быў запрошаны заснавальнік «Чарнобыль-Тур» Сяргей Мірны — для першага дакладу пра поспехі чарнобыльскага турызму ва Украіне. Абмеркаванне магчымасці доўжылася дастаткова доўга, указ быў падрыхтаваны ўвесну 2018 года. І падпісаны 6 лістапада. Адным з пунктаў указа быў дазвол турызму. І неўзабаве першы беларускі тураператар павёз туды сваю групу.

zubry9_logo.jpg

— Магчымасці арганізацыі экскурсій у нашу зону адчужэння я пачаў вывучаць з 2014 года, калі ўпершыню наведаў такія тэрыторыі ў Добрушскім раёне. Але раней гэта было забаронена. І вось цяпер — дазволілі. Не паверыце, але першая група ў чарнобыльскую зону сфармавалася за 30 хвілін! — распавядае Пётр Філон.

Групу «піянераў» беларускага чарнобыльскага турызму склалі пераважна нашы грамадзяне. Але ўсё ж яна была міжнароднай — у яе паспела запісацца і адна дзяўчына з Санкт-Пецярбурга. Экскурсія ў «беларускі Чарнобыль» праходзіла з суправаджэннем работнікаў ПДРЭЗ. Яны далі аўтобус, абсталяваны ў абавязковым парадку радыёстанцыяй, яны ж забяспечвалі і бяспеку. Турыстаў суправаджаў намеснік дырэктара запаведніка па навуковай частцы.

Першая экскурсія ў беларускай зоне праходзіла па тэрыторыі Хойніцкага раёна. Турысты наведалі пустуючыя вёскі Краснаселле, Бабчын, Дронькі і Пагоннае. Пабадзяліся па руінах закінутага завода.

zubry1_logo.jpg


zubry3_logo.jpg


Ва ўкраінскай зоне адным з «цвікоў праграмы» былі прыручаныя лісы. Гэтыя разумныя жывёлы не толькі навучыліся выпрошваць у людзей ежу, але і нават сцямілі, як гэта лепш рабіць. Рудыя звяркі здагадаліся... пазіраваць перад фотакамерамі. І тут цалкам рэальна можна было правесці фотасесію ледзь не ў абдымкі з ляснымі жыхаркамі ў рудым футры. Людзей пры гэтым лісы зусім не баяліся.

Асаблівасць жа беларускай «чарнобыльскай» тэрыторыі — дрымучыя лясы, што раскінуліся ў даліне Прыпяці. На беларускім баку лес прыняў амаль што першапачатковы выгляд. Такімі, магчыма, былі старажытныя пушчы ў часы радзімічаў і дрыгавічоў. Таксама адбылося другаснае забалочванне некалі асушаных балот. Лес — родны дом для мноства дзікіх жывёл. І пасля адсялення адсюль людзей менавіта спрадвечныя лясныя насельнікі, здаецца, адчулі сябе ў сваім «доме» паўнапраўнымі гаспадарамі. Вялікую ціка­васць уяўляе гадавальня зуброў, дзе можна блізка разгледзець гэтага старажытнага магутнага звера. Зубры прыходзяць з раніцы да месца, дзе супрацоўнікі запаведніка кормяць іх. Група ледзь паспявала да «зубрынага сняданку», але турыстам пашанцавала — пара дарослых зуброў затрымалася, каб пакарміць маленькае зубраня. І ўсе экскурсанты фатаграфавалі гэтую сямейную ідылію. Калі зубры сышлі, усе фотакамеры пераключыліся на мясцовага «ляснога» ката.

zubry5_logo.jpg


Акрамя магутных рагатых волатаў, у «чарнобыльскіх» пушчах можна пабачыць мноства іншых дзікіх звяроў. Гомельскія экскурсанты за час свайго візіту сутыкнуліся з ласямі, бачылі статак дзікоў. Водзяцца ў палескай глухмені і ваўкі, і мядзведзі, і рысі. Саміх драпежнікаў гэтым разам убачыць не атрымалася, але ваўчыных слядоў навокал хапала.

Падлічана, што ў зоне жыве каля 1800 ласёў і 150–180 ваўкоў. Шэрыя драпежнікі па­дзялілі зону на тры арэалы, і ні адна ваўчыная зграя не заходзіць на чужую тэрыторыю.

Наколькі бяспечныя туры ў чарнобыльскую зону? Бо радыяцыю нельга паспытаць на смак і вызначыць па колеры, але яна нябачна прысутнічае. Наш сураз­моўца кажа, што пры захаванні ўсіх належных мер засцярогі ніякай шкоды ад кароткачасовага знаходжання не будзе. Групы ходзяць у зоне па адносна свежых бяспечных месцах. Пры гэтым радыяцыйны фон па маршруце перамяшчэння пастаянна кантралюецца дазіметрам.

Але ці можна тады назваць гэты від турызму экстрэмальным? Гамяльчанін лічыць, што можна:

— Усюды прысутнічаюць нябачныя пагрозы. Перш за ўсё, неабходна выконваць строгія правілы радыяцыйнай бяспекі. Таксама заўсёды ёсць верагод­насць сустрэчы з дзікімі жывёламі. Тыя ж зубры па-за вальерамі вельмі небяспечныя — асабліва з улікам таго, што не бачылі ніколі столькі людзей. Ваўкі вакол нікім не палоханыя, яны — самыя грозныя драпежнікі. Няма мабільнай сувязі, таму туры будуць весціся на машынах ПДРЭЗ з радыёстанцыямі. У лясных нетрах нельга выкарыстоўваць звычайны транспарт — толькі поўнапрывадныя УАЗы, — тлумачыць Філон.

Філон кажа, што калі ехалі на «старык» Прыпяці («старык» — так на Гомельшчыне называюць старое рэчышча ракі), ён зразумеў, чаму не дазволілі выкарыстоўваць яго машыну — яна б абавязкова захрасла ў гэтых пясках і гушчарах.

zubry6_logo.jpg


Урок экалагічнай свядомасці

А як справа з этычным бокам? Бо, па-сутнасці, турысты прыязджаюць паглядзець у зону сляды вялізнай бяды і запусцення. Філон кажа:

— Адкрыццё нашай зоны для наведванняў з азнаямляльнымі мэтамі — важны крок у пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС у Беларусі. І вельмі наглядны сродак развіцця экалагічнай свядомасці і грамадзянскай адказнасці. Бо, пабачыўшы наступствы той страшнай аварыі, чалавек можа непасрэдна ўявіць, якія вынікі здольныя прынесці тэхнагенныя катастрофы ў наш час. З іншага боку, людзі могуць пазнаёміцца тут з унікальнай прыродай, якая жыве без чалавека. Прырода цалкам аднавілася ад уздзеяння чалавечай цывілізацыі за 30 гадоў, якія прайшлі пасля аварыі.

Ці ёсць розніца паміж наведваннем беларускай і ўкраінскай радыяцыйных тэрыторый? Гомельскі арганізатар тураў кажа:

— Ва ўкраінскую зону адчужэння беларускім тураператарам праграмы цяпер не падпісваюць. Толькі ў мяне ў гэтым годзе было 15 адмоваў, і часта даводзіцца звяртацца па староннюю дапамогу. Дакладна такая ж сітуацыя складваецца і з адзінымі знешнімі арганізатарамі тураў ва ўкраінскую зону. А вось з беларускай адміністрацыяй усё выразна і арганізавана. Сітуацыю з разваротам на КПП турыстаў, якія прыляцелі за 2000 кіламетраў дзеля экскурсіі і маюць праграму ў Беларусі, можна выключыць на 100 працэнтаў.

Філон кажа, што ў гэтым годзе такі выпадак адбыўся з групай з Ізраіля. Адміністрацыя зоны на ўкраінскім баку памянялася нядаўна. А вось працаваць з ранейшым кіраўніцтвам украінскай зоны беларускаму тураператару было лёгка і проста.

zubry7_logo.jpg


— Ад экскурсійных паездак да 2018 года засталіся толькі самыя пазітыўныя ўспаміны, — усміхаецца гамяльчанін.

Такім чынам, у найбліжэйшай будучыні магчыма актыўнае развіццё турызму ў беларускую чарнобыльскую зону. Плануецца таксама шырокае прыцягненне замежных гасцей. Гэта можа прынесці досыць адчувальныя матэрыяльныя дывідэнды як тураператарам, так і дзяржаве. Але самае галоўнае — ці варта спадзявацца, што падобныя экскурсійныя праграмы дапамогуць людзям усвядоміць, якім далікатным і ўразлівым з’яўляецца наша асяроддзе? І як шмат залежыць ад кожнага з нас, каб зберагчы нашу прыроду і зрабіць гэты свет бяспечным?