Чырвона-белая гірлянда ў вакне — пікет? А папяровыя сняжынкі «палітычных» колераў? Адказваюць юрысты і ГУУС
Вывешванне ў вокнах і на балконах незарэгістраванай сімволікі (гэта значыць БЧБ-сцяга) афіцыйна прыраўнавана да пікетавання, за што прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Аднак у многіх на вокнах вісяць не самі сцягі, а навагоднія гірлянды ў бел-чырвона-белых колерах або папяровыя сняжынкі такой жа расфарбоўкі. Ці будзе гэта з'яўляцца пікетам? TUT.BY даведалася меркаванне юрыстаў і спыталі ў ГУУС.
Юрысты: «Гэта не сімволіка, а ўпрыгажэнні»
Адвакат Антон Гашынскі лічыць, што навагоднія ўпрыгажэнні, хай і ў "палітычных" колерах, прыраўняць да пікетавання нельга:
— Сцяг — гэта сімволіка, а ўпрыгажэнні — гэта ўпрыгажэнні, таму думаю, што прыцягваць да адказнасці за гэта не будуць, даю 99% працэнтаў. Гірлянды і сняжынкі — тое ж самае, што манікюр у бел-чырвона-белых колерах. Пакуль жа не было выпадку, што на чалавека складалі пратакол за бранзалет, напрыклад.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці за гірлянды і сняжынкі будзе абсурдам, бо чырвоны і белыя колеры законам не забароненыя.
— Людзі могуць вывешваць на вокны шмат чаго. Тыя ж гірлянды і сняжынкі не з’яўляюцца сцягам, гербам, лозунгамі. У нас жа і Дзяды Марозы апранаюцца ў бела-чырвоную вопратку. Падазраю, што ў гэтым годзе яны будуць іншага колеру, — іранізуе праваабаронца. — Гэта ўпісваецца ў апошнія тэндэнцыі ў краіне. На фоне адсутнасці прававых інструментаў на нацыянальным узроўні права ўжываецца, мякка кажучы, шырока.
Валянцін Стэфановіч кажа, што не здзівіўся б, калі б суд вынес пастанову, што чалавек, які вывешвае гірлянду, прадэманстраваў сваё стаўленне да палітычнага жыцця ў краіне.
— Пакуль атрымліваецца так, што адміністрацыі не лічаць балкон грамадскім месцам, і таму падаць заяву ў гарвыканкам на правядзенне там пікету нельга. Пры гэтым прыцягнуць да адказнасці за «правядзенне пікету» на балконе — можна. Вядома, балкон — не грамадскае месца. Такога вызначэння ў законе, дарэчы, наогул няма, — адзначае суразмоўца. — Адзіны дакумент, дзе я яго сустракаў, гэта пастанова МУС № 82 ад 31.03.2007. Аднак яно адмененая ў 2014 годзе.
Для даведкі: вызначэнне "грамадскага месца" з адмененай пастановы МУС 2007 года
«Грамадскае месца — участкі мясцовасці, будынкі, збудаванні, маршрутныя транспартныя сродкі, што знаходзяцца ў межах населенага пункта, за выключэннем жытла і абгароджаных участкаў мясцовасці, прылеглых да жытла грамадзян індывідуальнай забудовы, а таксама маршрутныя транспартныя сродкі, будынкі і збудаванні, прызначаныя для вольнага (за плату) наведвання грамадзянамі, якія знаходзяцца па-за межамі населенага пункта».
На думку Валянціна Стэфановіча, грамадскае месца — гэта месца, якое можа бесперашкодна наведваць нявызначаны круг асоб, а таксама карыстацца ім. Па гэтай логіцы, ні кватэра, ні балкон да грамадскага месца не належыць.
— Калі разбіраць прававую прыроду вывешвання БЧБ-сцяга на балконе, то гэта, вядома, не мае дачынення да свабоды сходаў, а чыстай вады свабода выказвання меркаванняў — як і, напрыклад, вывешванне на акне палітычнага лозунгу. Але тут трэба звярнуцца да міжнародным стандартаў (арт. 19 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах). Яны кажуць пра тое, што выказваннне меркаванняў можа быць спалучанае з шэрагам абмежаванняў, але яны павінны быць устаноўлены законамі, неабходнымі ў дэмакратычным грамадстве, для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маральнасці насельніцтва.
Паколькі, лічыць Валянцін Стэфановіч, вывешванне БЧБ-сцяга (і ўжо тым больш —гірляндаў і сняжынак у чырвона-белых колерах) ніякім чынам з дзяржбяспекай або грамадскім парадкам не звязаныя, то такія дзеянні не павінны трапляць пад абмежаванне выказвання меркаванняў. Але калі трактаваць закон так, як гэта робіцца цяпер, то і любы іншы сцяг (польскі, амерыканскі), і гірлянды са сняжынкамі могуць залічыць за пікет.
Афіцыйна: «інфармацыі няма»
Прадстаўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Раман Лашкевіч сказаў, што пакуль для журналістаў няма інфармацыі, ці з'яўляюцца вывешаныя на акне гірлянды або іншыя навагоднія ўпрыгажэнні падставай для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.
— Калі палічым патрэбным, мы апублікуем такую інфармацыю ў нас на сайце.
Нагадаеце, а што будзе за самі сцягі?
— Размяшчэнне на вокнах кватэр, шкленні балконааў сцягоў бел-чырвона-белай
расфарбоўкі, для публічнай дэманстрацыі грамадзянам, у адпаведнасці з існуючым
заканадаўствам і ў прыватнасці артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб
масавых мерапрыемствах», трактуецца як правядзенне масавага мерапрыемства — пікетаванне,
за што ў выпадку адсутнасці адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама, у адпаведнасці
з ч.1 арт. 23. 34 КаАП Рэспублікі Беларусь, прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.
Санкцыя дадзенай часткі артыкула прадугледжвае штраф у памеры да 30 базавых
велічынь або адміністрацыйны арышт, — папярэджваў намеснік начальніка
Першамайскага РУУС Мінска Сяргей Арцёменка.
Паводле tut.by
Пераклад НЧ