Для ўладаў Бабруйску помнік Леніну такі ж небяспечны, як ядзерны аб’ект
Пра гэта заявіла “Новаму часу” жыхарка гораду Бабруйск Любоў Санкевіч.
Помнік Леніну ў бабруйску
Яна нагадала, што 1 красавіка судзя суду Бабруйскага раёну і горада Бабруйск Віялета Закржэўская правяла папярэдняе пасяджэнне па разгляду скаргі пенсіянерак Валянціны Каваленкі і Любоў Санкевіч, якія абараняюць у судзе сваё права на правядзенне пікетавання. Акрамя прадстаўнікоў Бабруйскага гарвыканкаму ў пасяджэнні ўдзельнічала старэйшая памочніца пракурора Бабруйска Алеся Леўшунова.
Жанчыны меркавалі правесці акцыю 15 сакавіка ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, каб прыцягнуць увагу грамадства да парушэння грамадзянскіх правоў заяўніц і вырашыць набалелую праблему адпісак з дзяржаўных структураў і ад дэпутатаў парламенту на свае скаргі і скаргі сваякоў. А паколькі чыноўнікі і парламентарыі праігнаравалі інтарэсы людзей, жанчыны збіраліся выйсці на пікетаванне з плакатамі: “У Канстытуцыі правы і свабоды на паперы, а нам яны патрэбныя ў жыцці!” , “Чыноўнікі кіруюцца не Канстытуцыяй, а паняццямі”, “Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак”.
9 красавіка адбылося асноўнае пасяджэнне суду па рагляду скаргі заяўніц, на якім апроч чыноў з Бабруйскага гарвыканкаму і пракуратуры удзельнічаў прадстаўнік мясцовага УВД Сяргей Будзько. Любоў Санкевіч падкрэсліла, што яны з Валянцінай Каваленка у чацвёрты раз запар (!) вымушаныя былі сысці з залы судовых пасяджэнняў, бо суддзя Віялета Закржэўская не дапусціла ў працэс прадстаўніка заяўніц (раней — 27 студзеня, 3 лютага і 1 сакавіка гэта ўжо рабілі суддзі Марына Шэлягіна і Віялета Закржэўская), нягледзячы на тое, што суду былі перададзеныя натарыяльна засведчаныя даверанасці.
Апроч таго, пенсіянерка звярнула ўвагу на тое, што на абгрунтааныя і пацверджаныя нормамі заканадаўства адводы суду і хадайніцтва аб допуску ў працэс прадстаўніка заяўніц мясцовыя чыны адказвалі аднолькава, коратка і нематывавана: “неабгрунтавана” і “нязгодны”.
Зазначым, што жанчыны вядуць другі судовы працэс па адмове ў праве на пікетаванне. Пад час першага суду, які адбыўся на пачатку года, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мікола Балюк адмову заяўнікам у акцыі матываваў тым, што ў дзень меркаванага пікетавання ў Бабруйску была тэмпература паветра —26,5 градусы па Цэльсію, хось насмарэч у гэты дзень тэрмомэтр паказваў усяго толькі —9 градусаў. “На гэты ж раз Мікола Балюк матываваў адмову мясцовых уладаў тым, што пікетаванне запланавана каля помніку Леніну, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Трэба мець на ўвазе, што гэты помнік знаходзіца на адлегласці каля 300 ад запланаванага месца акцыі. Згодна ж артыкулу 9 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, правядзенне масавых мерапрыемстваў аніяк не звязана з месцазнаходжаннем гісторыка-культурных каштоўнасцяў і не дапускаецца на адлегласці менш за 100 метраў ад месцаў захавання выбуховых рэчываў і менш за 300 метраў — ад ядзерных аб’ектаў. Аднак па логіцы мясцовых чыноў помнік Леніну такі ж небяспечны для грамадзянаў, як і ядзерныя аб’екты, — сказала Любоў Санкевіч.
.
Раніцай 10 красавіка жанчыны паспрабавалі даведацца пра рашэнне суду, але атрымалі адмову. Намеснік старшыні суду па грамадзянскіх справах Таццяна Карапецян паабяцала, што з судовай пастановай заяўніцы пазнаёмяцца 11 красавіка а 14.00. Разам з тым, Любоў Санкевіч выказала ўпэўненасць у тым, што суд падтрымае пазіцыю чыноў, а не грамадзян.
Дарэчы, пасля таго, як гарадскія ўлады у чарговы раз адмовілі заяўніцам у правядзенні 28 сакавіка пікетавання ў цэнтры Бабруйску, Любоў Санкевіч і Валянціна Каваленка 31 сакавіка абскардзілі ў судзе і гэтую адмову. Разам з тым, жанчыны 9 красавіка накіравалі новую заяўку на правядзенне 2 траўня пікетавання ў цэнтры горада. Гэта ўжо чацвёртая з 25 лістападу 2013 г. заяўка пенсіянерак на акцыю.