Добра забытае старое

Афіцыйна збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты стартуе толькі заўтра. Але ніхто не перашкаджае сустракаца з людзьмі і зараз. Гэтым скарыстаўся лідар АГП Анатоль Лябедзька, што прышоў да звыклай для яго прахадной МТЗ.



lieb_osn_logo.jpg

Гэтым разам ён не абмежаваўся раздачай газеты «Голас розуму» альбо нейкіх іншых паперак. Да прахадной Мінскага трактарнага завода ён запрасіў журналістаў, каб прэзентаваць праграму, з якой ён ідзе на выбары. Яна называецца «Мільён новых рабочых месцаў», скарочана — «Мільён НРМ». Увага аматарам беларускай музыкі: не блытаць гэта з «Народнай Рэспублікай Мроя» — музычнай легендай, гуртом «НРМ».

Месца для сустрэчы Лябедзька абраў не выпадкова. Найперш, напэўна, таму, што яно для яго звыклае. Ён ужо шмат разоў раздаваў тут газеты і інфармацыйныя буклеты, ведае графік працы прадпрыемства, і, напэўна, ужо «прымільгаўся» да аховы заводу. Яна ўжо не так нервова на яго рэагуе, што, можа быць, і выключыла нейкія шанцы інцыдэнтаў з удзелам палітыка.

Другая невыпадковасць у тым, што менавіта на падтрымку працоўных буйных прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў разлічвае старшыня АГП у межах сваёй кампаніі.

«Я за апошні час шмат падарожнічаў, аб’ездзіў дзясяткі рэгіёнаў, выходзячы да прахадных МАЗу, БелАЗу, Белкалію, быў на рынках Воршы, Бярэсця, Іўя, Нясвіжу, Клецка… І што я хачу сказаць? У нас і ў большасці грамадзянаў Беларусі аднолькавая ацэнка эканамічнай сітуацыі ў краіне. Мы, таксама як і яны, лічым, што сярод прыярытэтных праблем, якія стаяць у краіне — рост цэнаў, фінансавая нестабільнасць, праца «на склады» многіх і многіх прадпрыемстваў, і беспрацоўе моцна грукаецца ў беларускія дзверы. І мы прапануем рашэнне гэтых праблемаў — праграму «Мільён новых рабочых месцаў», — паведаміў Лябедзька.

lieb_present_logo.jpg

Праграма Анатоля Лябедзькі на гэтых выбарах даўно ўжо гатовая і надрукаваная

Праўда, гэтая праграма крышачку, калі не зусім, не новая. З гэтай праграмай на выбары выходзіў у 2010-м годзе кандыдат у прэзідэнты ад АГП Яраслаў Раманчук. Менавіта тады знаныя эканамісты, сярод якіх былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч, былы прэм’ер Беларусі Міхаіл Чыгір, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка, сам былы кандыдат, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук, — распрацавалі гэтую праграму. Але з тых часоў, за пяць год, у краіне анічога не змянілася. Хіба што толькі дэвальвацыі прайшлі ды цэны выраслі. І таму гэтая праграма, на думку АГП, застаецца актуальнай.

Лябедзька зазначыў, што, кажучы пра аўтараў гэтага дакумента, трэба ўлічваць, што ягонымі суаўтарамі з’яўляюцца і багата грамадзян Беларусі. «Бо гэта адказ на тыя пытанні, якія сёння рэальна хвалююць людзей», — сказаў ён.

«Канешне, гэта пытанне не толькі занятасці. Фактычна, мы прапануем эканамічную альтэрнатыву. Эканамічная альтэрнатыва, новая эканамічная стратэгія — гэта тое, што патрэбна краіне. Калі мы на практыцы рэалізуем гэтую праграму, краіна зменіцца не толькі ў эканамічным плане, але і ў палітычным», — адзначыў Лябедзька.

Разам з Лябедзькам папулярызаваць новую-старую праграму перад працоўнымі МТЗ прыйшоў і ягоны намеснік, эканаміст Леў Марголін. Ён і паведаміў, што за мінулы год краіна згубіла 75 тысячаў працоўных месцаў. А гэта 15 такіх прадпрыемстваў, як МАЗ. Па падліках беларускага ўрада (гэта таксама адзначаецца ў «Мільёне НРМ») сёння пад пагрозай ліквідацыі знаходзяцца 30% існуючых працоўных месцаў, а гэта 1,4 млн. чалавек. Нездарма Лукашэнка ў апошнія часы кажа пра «захаванне працоўных калектываў». З 900 тысячаў зарэгістраваных прадпрымальнікаў рэальна працуюць толькі 240 тысячаў чалавек. І каля мільёна беларусаў — у працы за мяжой.

margolin_press_logo.jpg

Леў Марголін тлумачыць палітыку АГП у дачыненні да МТЗ

Карацей, сітуацыя ў нас нагадвае «ліхія 90-я», калі да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка. Але з той сітуацыі мы выкараскаліся. Так што не трэба вынаходзіць ровар — трэба дзейнічаць аналагічна таму часу. А што нас выратавала тады? Свабода прадпрымальніцтва.

Менавіта гэтым шляхам і прапануе ісці АГП. Каб стварыць «Мільён НРМ», трэба развязаць рукі бізнесу, то бок зняць усе бар’еры для вольнага развіцця ініцыятывы. Праграма прадугледжвае радыкальнае скарачэнне ліцэнзуемых відаў дзейнасці, замену падаткаў патэнтамі, прызнанне адпаведнасці замежных сертыфікатаў. АГП абяцае садзейнічаць у развіцці малога і сярэдняга бізнеса, то бок перадаваць ва ўласнасць арэндныя пляцоўкі, зніжаць падатковы цяжар, абяцае роўны ўдзел у размеркаванні дзяржзаказаў і гэтак далей.

Адпаведна, прапануецца стварыць максімальна прывабныя ўмовы для інвестыцыяў. «За мінулы год буйныя транснацыянальныя карпарацыі стварылі ў свеце 70 мільёнаў працоўных месцаў. Нас там няма. Таму наўпроставыя інвестыцыі — гэта крок да стварэння новых працоўных месцаў, да таго ж гэта нічога не каштуе для бюджэта», — зазначыў Лябедзька.

А вось працоўным прыйдзецца несалодка. Праграма Лябедзькі прадугледжвае міжнародны аўдыт усіх буйных прадпрыемстваў з прыняццем рашэнняў аб іх прыватызацыі, альбо санацыі, альбо закрыцці.

І, нягледзячы на гэта, Лябедзька разлічвае на працоўных, як на свой электарат.

А што рабіць інакш? Жанчына з МТЗ, якая ад пачатку слухала старшыню АГП, пачала жаліцца, што заробак у яе — 1 мільён 600 тысячаў рублёў у месяц. Ды й пры гэтым трэба заплаціць 300 тысячаў за ежу ў заводскай сталоўцы. Атрымліваецца мільён трыста — гэта на 200 тысячаў менш, чым 100 долараў. Ды гары яно гарам, такое працоўнае месца!

Анатоль Лябедзька дакладна разлічыў, што за паўгадзіны ён паспее адказаць на ўсе пытанні журналістаў. І адказаў. А пасля з прахадной МТЗ пайшлі працоўныя, у якіх скончылася змена.

lieb_s_megafon_logo.jpg

Анатоль Лябедзька заклікае працоўных МТЗ прыйсці на працу з пашпартамі

Таму старшыня АГП узяў у рукі мегафон, стос улётак і пайшоў раздаваць іх працоўным. А праз мегафон заклікаў прыходзіць усіх на працу з пашпартамі. Бо ў чацвер пачынаецца збор подпісаў за ягонае вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты. І Лябедзька абяцаў, што назаўтра, 23-га ліпеня, ён завітае да МТЗ ізноўку, каб людзі паставілі свой подпіс за яго і ягоную праграму.

Народ рэагаваў па-рознаму. Некаторыя працоўныя казалі, што «трындзець — не мяхі варочаць», што гэта «трындзёж і правакацыя». А некаторыя віталіся са старшынёй АГП, як са старым знаёмым. Бачна, ужо не першы раз «пераціралі» з ім праблемы ля прахадной. Але факт у тым, што за 15 хвілінаў было раздадзена ўсё, што Анатоль і яго каманда назапасілі на гэты дзень.

zdarouki_lebedz_logo.jpg

Не для ўсіх працоўных МТЗ Лябедзка — незнаёмы палітык

А вось заўтра мы пабачым вынік усяго гэтага. Паглядзім, колькі подпісаў назбірае ягоная каманда сярод працоўных МТЗ.

s_gazetoi_logo.jpg

А праграма ўсё ж карыстаецца папулярнасцю