Сёння стартуе збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі
Сёння стартуе чарговы этап выбарчай кампаніі — збор подпісаў у падтрымку грамадзян, прапанаваных для вылучэння кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Для рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты ініцыятыўным групам трэба сабраць не менш як 100 тысяч подпісаў.
Падпісвацца ў падтрымку прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта маюць права асобы, што валодаюць выбарчым правам, — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якім споўнілася 18 гадоў. Пры гэтым адзін чалавек можа падпісацца ў падтрымку некалькіх патэнцыяльных кандыдатаў.
Звесткі пра выбаршчыкаў уносяцца ў падпісныя лісты рукапісным спосабам — яны могуць запаўняцца як самімі выбаршчыкамі, так і членамі ініцыятыўных груп, якія збіраюць подпісы. Але выбаршчык павінен уласнаручна распісацца і ўказаць у падпісным лісце дату подпісу.
Акрамя серыі і нумара пашпарта выбаршчыка ў падпісны ліст могуць уносіцца рэквізіты ваеннага білета (для ваеннаслужачых тэрміновай службы) і даведкі, выдадзенай органамі ўнутраных спраў (для грамадзян, якія страцілі пашпарт).
Праводзіць збор подпісаў дазволена з 8.00 да 22.00.
Збор подпісаў выбаршчыкаў можа праводзіцца ў форме пікетавання. Атрымліваць дазвол на арганізацыю пікета не патрабуецца, калі ён праводзіцца ў месцах, дазволеных мясцовымі ўладамі. Спіс месцаў, забароненых для збору подпісаў у форме пікетавання, вызначаны мясцовымі ўладамі.
Нагадаем, збіраць подпісы выбаршчыкаў будуць восем ініцыятыўных груп, зарэгістраваных Цэнтрвыбаркамам. Гэта групы:
Аляксандра Лукашэнкі — дзейнага кіраўнікі дзяржавы;
Сяргея Калякіна — старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет»;
Сяргея Гайдукевіча — старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі;
Таццяны Караткевіч — актывісткі кампаніі «Гавары праўду», прадстаўніка кааліцыі «Народны рэферэндум»;
Анатоля Лябедзькі — старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі;
Віктара Цярэшчанкі — эканаміста, экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года;
Жанны Раманоўскай — выкладчыка з Брэста, якая часова не працуе;
Мікалая Улаховіча — старшыні Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўнага атамана РГА «Беларускае казацтва».
Самая шматлікая ініцыятыўная група — у Аляксандра Лукашэнкі (10,5 тыс. чалавек). Затым ідуць групы Сяргея Гайдукевіча (2,5 тыс. чалавек), Таццяны Караткевіч (больш за 1,9 тыс.), Сяргея Калякіна і Мікалая Улаховіча (прыкладна 1,5 тыс. у кожнай групе), Анатоля Лябедзькі і Віктара Цярэшчанкі (прыкладна тысяча чалавек). У ініцыятыўнай групе Жанны Раманоўскай, пра якую амаль нічога невядома, — 109 чалавек.
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты працягнецца па 21 жніўня ўключна. Пятыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаны на 11 кастрычніка.