Дубавец: Нізкі рэйтынг беларусаў сярод усіх суседзяў, апроч Расіі, выклікае трывогу
Паводле вынікаў апытання, 43% палякаў не любяць беларусаў. Самі беларусы да нелюбові палякаў ня маюць дачыненьня, яны, наадварот, паляпшаюць свой вобраз. Трывогу выклікае тое, што польскі паказнік такі самы ва ўсіх суседзяў Беларусі, апроч Расіі. Але ў часы ваенных канфліктаў нелюбоў іншых да тваёй нацыі — сур’ёзны прабел у нацыянальнай бяспецы, разважае Сяргей Дубавец на «Свабодзе». Дый як звычайнаму паляку ўявіць сабе, што ў нас нацыя і дзяржава — зьявы ня толькі чужыя, але і варожыя?
Польскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі апублікаваў вынікі апытаньня на тэму «Якія нацыі палякі любяць найбольш, а якія найменш?» Выявілася, беларусаў ня любяць 43% палякаў, абыякавыя 21%, ставяцца з сымпатыяй 24%.
Бяскрыўдная, на першы погляд, апытанка ў кантэксьце расейскіх пагрозаў атакаваць Польшчу выглядае злавесна.
Адразу скажу, што сярод многіх дзясяткаў маіх знаёмых палякаў тых, хто б непрыязна ставіўся да беларусаў, няма. І ў камэнтарах да гэтай навіны ў сеціве пануе той самы настрой.
Беларускія рэляканты ў Польшчы моцна зьдзіўленыя і зьняпраўджваюць тое, што амаль кожны другі паляк да іх нібыта непрыязны.
Тым ня менш лічбы кладуцца ў агульную карціну, што складаецца вакол Беларусі, дзе вобраз беларусаў рэзка пагоршыўся што ў літоўцаў, што ва ўкраінцаў. Напэўна, прычына ў расейскай агрэсіі, якая пачалася ва Ўкраіне менавіта зь беларускай тэрыторыі. І ў тым, што шараговы паляк звычайна не аддзяляе беларусаў ад Лукашэнкі, які тую агрэсію дазволіў. Хоць фігуравалі ў апытанцы менавіта нацыі, а не дзяржавы, але як звычайнаму паляку ўявіць сабе, што ў нас нацыя і дзяржава — зьявы ня толькі чужыя, але і варожыя? Зь іншага боку, самі сабой беларусы нібыта не пагоршыліся настолькі, каб так абваліць свой рэйтынг.
У нармальных краінах пра вобраз нацыі дбае найперш улада. Прычым пачынаючы ад ладу жыцьця да, напрыклад, перакладаў кніг сваіх пісьменьнікаў на замежныя мовы — дзеля ўзаемаразуменьня.
Калісьці ў 1990-я ў часе журналісцкага туру па ЗША я сказаў перакладніку Білу: мы праехалі дзевяць штатаў, наведалі мноства ўстановаў і ні разу не сутыкнуліся з самадурам пры пасадзе. У нас тады такіх высьмейвалі, называючы іх «вахцёрскай уладай». «У нас ідыётаў ня менш, чым у вас, — адказаў Біл, — але ўсё ўладкавана так, каб такіх на пасадах не было».
Амэрыканцы, дарэчы, у польскім рэйтынгу на першым месцы, ім сымпатызуюць 65% палякаў, а ня любяць усяго 8%.
Уявіць сабе, каб прэзыдэнты Літвы, ці Польшчы, ці Ўкраіны (на 30-м годзе праўленьня!) паскардзіліся, што ня той народ ім дастаўся, увогуле немагчыма.
Затое лёгка ўявіць, каб такі рэйтынг сваіх нацыяў стаў для тых прэзыдэнтаў сур’ёзным званком. Найперш з гледзішча нацыянальнай бясьпекі. Але людзі ў лямпасах, якія штодня дэфілююць на экране БТ, пад нацыянальнай бясьпекай маюць на ўвазе што заўгодна, толькі ня вобраз нацыі.
З аднаго боку, гонар за сваю нацыю выклікаюць беларусы, бо толькі яны самі, насуперак паводзінам дзяржавы, ратуюць уласны імідж. Адзначаецца, што ў параўнаньні зь леташнім апытаньнем палякі да беларусаў сёньня ставяцца хоць крыху, але лепей: тады 51% палякаў нас не любілі, а 19% выказалі сымпатыю. Трэба думаць, што палякі крыху бліжэй пазнаёміліся з нашымі ўцекачамі ад Лукашэнкі і ацанілі іх належным чынам.
Гонар гонарам, але нізкі рэйтынг беларусаў ува ўсіх суседзяў, апроч Расеі, памнажае трывогу. Калі далейшая агрэсія Масквы будзе разьвівацца ў бок Літвы і Польшчы, падобныя рэйтынгі могуць і «здэтанаваць», абясцэньваючы жыцьцё беларусаў, калі агрэсар зноў пойдзе зь беларускай тэрыторыі.